Удар

Ракетны ўдар амерыканскіх ВМС па сірыйскай авіяцыйнай базе “Шайрат”, ажыццёўлены па загаду прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, развёў на супрацьлеглыя бакі большую частку сусветнага істэблішменту і сродкі масавай інфармацыі. Усё з-за таго, што напярэдадні амерыканцы былі перакананыя: хімічную атаку на сірыйскі Ідліб, у выніку якой загінулі дзясяткі мірных жыхароў, здзейснілі ўрадавыя войскі Башара Асада. Праўда, канкрэтных доказаў прадстаўлена не было. Хаця ліквідацыю запасаў хімічнай зброі ў Сірыі афіцыйна пацвердзіла яшчэ ў 2016 годзе Арганізацыя па забароне хімічнай зброі. Цяпер расследаваннем гэтага небяспечнага інцыдэнту зоймецца спецкамісія ААН, паколькі бамбардзіроўка сірыйскай авіябазы прайшла ў парушэнне нормаў міжнароднага права і без санкцыі кангрэса ЗША. Вынікам жа ўдару стала спыненне Расіяй мемарандуму, падпісанага з ЗША, аб бяспецы палётаў у Сірыі.

Еўраатлантычны альянс падтрымаў Злучаныя Штаты, а Расія і яе саюзнікі, наадварот, асудзілі, назваўшы пуск “Тамагаўкаў” з амерыканскіх ваенных караблёў “актам агрэсіі, які парушае нормы міжнароднага права”.

Аднак меркаванні экспертаў раздзяліліся, узніклі вострыя дыскусіі наконт ваенна-палітычных наступстваў дзеянняў Трампа для міжнароднай палітыкі ў абход рашэнняў ААН. Многія ўпэўнены — амерыканскі лідар такім чынам вырашыў кампенсаваць унутраныя няўдачы сваёй палітыкі выбуховым “знешнім эфектам” з сур’ёзнымі намерамі. Газета Die Zeit рэзюміруе: Трамп даслаў Расіі, Кітаю і Паўночнай Карэі дакладны сігнал (ім варта чакаць кепскіх вынікаў, калі яны не саступяць амерыканцам).

Пасыпаліся папярэджанні і ўльтыматумы. Расія будзе ізалявана, калі Вашынгтон і Масква не здолеюць дамовіцца па Сірыі, лічыць прадстаўнік Белага дома Шон Спайсэр. Напярэдадні візіту ў Расію дзяржсакратар ЗША Рэкс Цілерсон ва ўльтыматыўнай форме зрабіў палітычную заяву аб выбары для Расіі: з аднаго боку, паміж ЗША і іх саюзнікамі, з другога — паміж Іранам і Асадам. Прычым Злучаныя Штаты, у выпадку паўторных хіматак у Сірыі, не выключылі новыя ўдары. Ад апанентаў прагучала: калі Амерыка “пяройдзе чырвоную лінію”, то Расія і Іран вымушаны будуць даць ёй адказ “усімі магчымымі сродкамі”.

Задаволены эфектам “крылатых” ракет, Дональд Трамп мае намер вырашыць і “праблему КНДР”, накіраваўшы да Карэйскага паўвострава ваенна-марскую групоўку на чале з авіяносцам “Карс Вінсан”. Паўночная Карэя ў адказ — у выпадку эскалацыі напружання ў рэгіёне — прыгразіла ЗША вайной.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter