“Учора Купалле, сёння Йван...”

Мiнулай ноччу над Беларуссю зоры на небе былi не такiя яркiя, як звычайна ў сярэдзiне лета. Iх халодны пагардлiвы бляск, што далятае з далёкiх галактык, прыглушылi гэтай ноччу цёплыя зыркiя вогнiшчы на зямлi, што палалi паўсюдна. I лунаў гэтай ноччу над нашай зямлёй непаўторны, дагэтуль нiкiм не “расшыфраваны” дух Купалля, самага старажытнага славянскага свята, — дух аямнiчасцi i незвычайнай веры ў цуды.
Нам гэта вера засталася ў спадчыну, гэта генная памяць, якую не перамогуць нi цывiлiзацыя, нi найноўшыя глабальныя тэхналогii. Юнакi i дзяўчаты, якiя ў звычайным жыццi свабодна размаўляюць на розных мовах i дасканала валодаюць камп’ютэрам, у гэту ноч гэтак жа, як iх прашчуры, скачуць праз купальскае вогнiшча, верачы ў яго ачышчальную сiлу, варожаць, пускаючы па вадзе вянкi, шукаюць у гушчары папараць-кветку, якая надзяляе чалавека незвычайнымi здольнасцямi, умываюцца ранiшняй расой, спадзеючыся на яе гаючую сiлу, i з нецярпеннем чакаюць усходу сонца, якое на Йвана “купаецца” — раздзяляецца на шматлiкiя вясёлкавыя колы, якiя то сыходзяцца, то разыходзяцца (гэта вам будзе даводзiць кожны, хто хоць аднойчы сустракаў купальскае свiтанне)...
I гэта — не данiна модзе на павярхоўнае спасцiжэнне традыцый i не звычайная “тусоўка”, на якой весела i прыкольна. Праз купальскiя вогнiшчы перакiдваюцца нябачныя масты памiж пакаленнямi тых, хто жыве сёння, i тых, хто даўно пакiнуў гэты свет. Яны завяшчалi нам веру ў незвычайнасць, прыгажосць i таямнiчасць гэтай зямлi. I цяпер супакоена ўсмiхаюцца з-за прыцьмяненых гэтай ноччу зор, бачачы, што гэта спадчына з удзячнасцю прынятая.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter