Ожог сетчатки и заболевания глаз: какой ущерб могут нанести некачественные солнцезащитные очки

Убачыць праблему наскрозь

Выбар сонцаахоўных акуляраў настолькі велізарны, што можна згубіцца ў небывалай таварнай разнастайнасці. Аксесуары на любы густ і колер прадаюць крамы-оптыкі, анлайн-маркеты, гандлёвыя сеткі, рынкі і нават бабулі ля пераходаў. Але каб модны тавар не аказаўся бескарысным, а то і шкодным, трэба пераканацца ў яго якасці. Праверыла ў экспертаў на трываласць і супраціўляльнасць «сонечнай радыяцыі» свае акуляры, а яшчэ прыхапіла з сабой акуляры дачкі-дашкольніцы. Дапамаглі паглыбіцца ў сутнасць пытання майстар-оптык Андрэй Апет і Любоў Гарнік, старшы кансультант спецыялізаванай сталічнай крамы-оптыкі на Лагойскім тракце.

Галантарэйныя аддзелы гандлевых цэнтраў прапануюць сотні ахоўных акуляраў на любы густ і колер.

Сонца каварнае

— Нябачнае простым вокам ультра­фіялетавае выпраменьванне можа стаць сапраўдным ворагам зроку. Ахова ад яго шкоднаснага ўздзеяння — разнастайныя акуляры з зацямнёнымі лінзамі. Дарэчы, многія забываюць пра яшчэ адну важную функцыю сонцаахоўных акуляраў. Гэта ахова ад ветру, сухасці вачэй, слёзатачывасці, свербу і рэзі, — тлумачыць майстар Андрэй.

Перад сустрэчай з оптыкам я рыхтавалася і даведалася з інтэрнэту, што праверыць акуляры на ультрафіялет можна і ў хатніх умовах. Для гэтага патрэбны спецыяльны ліхтарык з ультрафіялетавым выпраменьваннем, або бірулька для праверкі купюр на сапраўднасць, а таксама любы прадмет, пакрыты люмінесцэнтнай фарбай (напрыклад, маркеры, стыкеры або ручкі, грашовыя знакі, пашпарт ці акцызная марка). Пры навядзенні на прадмет праменя ультрафіялетавага ліхтарыка, фарба пад яго ўздзеяннем будзе свяціцца. Калі пасвяціць на той жа прадмет праз лінзу сонцаахоўных акуляраў, якія вы правяраеце, то свячэння не павінна быць. Гэта значыць, што UV-фільтр у лінзе якасны. Яшчэ адзін бытавы спосаб праверкі ахоўных уласцівасцей акуляраў. Паназірайце, ці загарае скура вакол вачэй, прыкрытая лінзамі, гэтак жа, як і ўвесь твар. Сапраўдныя лінзы, якія не прапускаюць UV-прамяні, будуць перашкаджаць загару.

Аднак афіцыйны тэстынг акуляраў у прафесіяналаў — гэта самы надзейны шлях пераканацца ў іх якасці. Па словах Андрэя, прасцей за ўсё праверыць узровень аховы ў акулярах спецыяльнымі прыборамі-тэстарамі ультрафіялету (ультраметрамі, спектрографамі, або UV-тэстарамі):

— Мы правяраем UV-фільтры ў акулярах на дыёптрыметры. Скажу, што існуе 4 катэгорыі сонцаахоўных акуляраў: 1 — найменшы ўзровень аховы, а катэгорыя 4 — найвышэйшы з 90-працэнтнай аховай. Да гэтага класа некаторыя таксама адносяць палярызацыйныя лінзы, якія ідэальныя для вачэй пры яркім святле, бліках ад вады, мокрага асфальту, снегу ва ўмовах высакагор’я. Напрыклад, вадзіцелі-дальнабойшчыкі, людзі розных мабільных прафесій выкарыстоўваюць у асноўным акуляры 3-й катэгорыі 70-працэнтнай аховы, а таксама палярызацыйныя антыблікавыя акуляры-антыфары. У нас у продажы ёсць і спецыяльныя ахоўныя акуляры ўласнай вытворчасці, для людзей з захворваннямі вачэй, офісных работнікаў, якія сядзяць перад маніторамі камп’ютараў, прафесійных вадзіцеляў, таму што мы спецыялізуемся ў гэтай галіне ўжо гадоў дзесяць.

Андрэй АПЕТ.

Сёння ў продажы шмат акуляраў з яркі­мі і шматколернымі лінзамі. Якія ж колеры ахоўнага пакрыцця больш эфектыўныя ў абароне ад UV-пакрыцця? Любоў Гарнік і Андрэй Апет паказваюць мне акуляры ў зялёным варыянце. Гэты колер мае высокую ступень аховы, якая адпавядае пазначэнню UV 400:

— Зялёны колер добра рэлаксуе, нават здымаць у канцы дня такія акуляры не хочацца... Жоўты колер мае сярэднюю прапускальнасць, а чырвоны колер абараняе слабей за ўсё.

Любоў Гарнік падводзіць нас да вітрын сонцаахоўных акуляраў, тлумачыць:

— Падбор акуляраў лепш даверыць прафесіяналу. Ён падкажа, якая ступень аховы ад уздзеяння сонца аптымальная. Напрыклад, маладой маме, якая прагульваецца ў парку з дзіцём, зусім не патрэбныя палярызаваныя лінзы, якія закрываюць ад прамянёў на 90—100 працэнтаў. Дастаткова акуляраў сярэдняй катэгорыі аховы, — «хамелеонаў», напрыклад. Прапануем акуляры толькі правераных вытворцаў з 3-м і 4-м класамі аховы. Аб гэтым сведчыць інфармацыя на ўпакоўцы і ўнутраным баку дужак. Кошт іх у залежнасці ад якасці і брэнда вар’іруецца. Рэкламіраваць канкрэтныя маркі тут не буду, а бегла зарыентую па цэнах. Ёсць акуляры як за 28 рублёў, так і за 90—100... Перад тым, як іх выстаўляць, мы пераконваемся ў ступені аховы лінзаў ад ультрафіялетавага ўздзеяння. Ведаю, што мас-маркет, а гэта рынкі, крамы, універмагі, інтэрнэт-гандля­ры могуць прапаноў­ваць, а часам, што называецца, «уцюхваць» сезонныя вырабы ад 1-й да 3-й ахоўнай катэгорыі больш танна: ад 15 рублёў і вышэй. Акуляры ад сонца памылкова адносяць да спантанных пакупак. Але раю гэты тавар выбіраць свядома, правяраць на ступень аховы ад ультрафіялетавых прамянёў. Пасля нездавальняючых вынікаў неабходна вярнуць «акуляры-пустышкі» безадказнаму прадаўцу. Галоўнае — трэба памятаць, што гэта не проста модны стыльны аксесуар, а выраб, які ахоўвае зрок. Пытанне захавання здароўя пры выбары павінна быць у прыярытэце.

— Які матэрыял вытворцы выкарыс­тоўваюць для вырабу сонцаахоўных акуляраў? — удакладняю ў оптыка. Андрэй Апет адказвае:

— Мінеральны матэрыял, гэта значыць шкло ў аснове — гэта вялікая рэдкасць. Яно цяжкае, і нават з пакрыццём кепска прапускае ультрафіялет, хутка драпаецца. Запатрабаваны пластмасавыя матэрыялы. Палімеры ж адрозніваюцца ўдарастойкасцю і бяспекай, што ідэальна для заняткаў спортам і актуальна для дзяцей.

У спецыялізаваных крамах можна змяніць старыя лінзы на ахоўныя: з якаснымі фільтрамі ад ультрафіялету.

Калі лінзы бескарысныя

Такім чынам, пачынаем праверку прынесеных мной асобнікаў: здымаю з носа свае акуляры і дастаю з сумкі вясёлыя пластыкавыя дзіцячыя. Цікава, што скажа эксперт пра ахоўныя аксесуары, набытыя ў мінулым годзе ў балгарскай прыбярэжнай крамачцы.

— Акуляры для дарослага досыць трывалыя: яны з металічнымі дужкамі, а пакрыццё на лінзах — люстраное. Гэтыя лінзы на сто працэнтаў не прапускаюць ультрафіялет, але ёсць нюанс. Ужо назіраюцца дробныя сколы і драпіны, якія, натуральна, прапускаюць шкодныя сонечныя прамяні, — канстаціруе Андрэй Апет.

Вынік праверкі маіх акуляраў — іх можна выкарыстоўваць нават пры асцярожным нашэнні максімум месяц, далей варта абнавіць аксесуар. Затым разглядаем акуляры дачкі ў заўзятай аправе. А вось з імі, калі меркаваць па экспертным заключэнні спецыялістаў, не ўсё так добра:

— Гэтыя акуляры падобныя на падробку: палімерная лінза проста афарбаваная ў шэры колер і не нясе ніякай ахоўнай нагрузкі. Раю, калі дзіцяці вельмі падабаецца гэтая вясёлая аправа, проста памяняць у краме оптыкі бескарысныя лінзы і ўставіць ахоўныя. Якасныя сонечныя акуляры дзецям у такое надвор’е проста неабходныя, таму што іх далікатныя крышталікі атрымліваюць больш ультрафіялету. Такая лінза пашырае зрэнкі, можа выклікаць апёк сятчаткі, прывесці да іншых хвароб вачэй, — рэзюміруе Любоў Гарнік.

Калi акуляры праверыць на такім тэстары, можна без праблем іх насіць у сонечны дзень.

Што кажуць спецыялісты

Такі сезонны тавар, як сонцаахоўныя акуляры, абавязковай сертыфікацыі пры пастаўках на наш рынак не падлягае. Тамара Бурдукевіч, кіраўнік прэс-службы Дзяржстандарта, звярнула ўвагу на гэты момант:

— Сонцаахоўныя акуляры не ўваходзяць у сферу абавязковага рэгулявання. Гэта значыць, што на іх не распаўсюджваюцца тэхнічныя рэгламенты Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) і Беларусі, патрабаванні якіх абавязковыя. Не патрабуюцца на гэтую прадукцыю сертыфікаты або дэкларацыі аб адпаведнасці і ў межах пераліку прадукцыі, які дзейнічае ў нашай краіне. Пры рэалізацыі сонцаахоўных акуляраў павінны выконвацца палажэнні заканадаўства аб ахове правоў спажыўцоў.

У масавым гандлі спецыяльных прыбораў-тэстараў на UV-фільтры ў акулярах няма, таму я звярнулася ў буйны сталічны ўнівермаг, каб удакладніць, як жа ў ім правяраюць якасць сонцаахоўных акуляраў. Людміла Пявец, начальнік камерцыйнага аддзела, адзначыла:

— Акуляраў розных мадэляў у нас у галантарэі больш за трыста, а ў пытанні іх якасці давяраем перш за ўсё пастаўшчыкам. Зразумела, да кожных акуляраў прыкладаецца этыкетка з інфармацыяй аб ступені аховы ад УФ, падрабязныя дадзеныя аб кошце, вытворцы. І, дарэчы, не падтрымліваю меркаванне, што гэта толькі летні аксесуар. Людзі яго купляюць цэлы год для аховы вачэй. Цяпер асабліва запатрабаваныя акуляры з розным колерам лінзаў, аправы і дужак, акуляры-авіятары, або «кропелькі», квадратны оверсайз. Эстэтыка, трэндавасць у выбары акуляраў, лічу, таксама важныя.

shimuk@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter