Убачыць Беларусь!

У Брамнай вежы Мірскага замка адкрылася фотавыстава Сяргея Плыткевіча “Нечаканая Беларусь”Пастаянныя чытачы “Народнай газеты” летась ужо мелі магчымасць пазнаёміцца з часткай работ вядомага фотамастака падчас правядзення віктарыны “Нечаканая Беларусь”. У хуткім часе мы працягнем гэты праект. Каб мець больш шансаў на перамогу ў ім, уважліва чытайце аб з’яўленні новых работ “майстра светапісу” і сачыце за кожным нумарам “НГ”.

Сяргей Плыткевіч, які колькі гадоў таму задумаў перавярнуць традыцыйныя ўяўленні аб тым, што такое экзотыка, сцвярджае, што і ў Беларусі ёсць свае дзівосы. Каб убачыць іх, дастаткова ўзняцца на верталёце  на вышыню 150—200 метраў над зямлёй. Крыж на развілцы трох дарог, двухкіламетровы паўвостраў, што выцягнуўся змяёю на рэчцы Дрыса ў Расонскім раёне, лясы, якія раскінуліся пасярод возера Ельня, што на Міёршчыне, і з вышыні птушынага палёту нагадваюць выяву жорава, балоты з мноствам маленькіх астраўкоў “ператвараюцца” ў сапраўдны Марсавы пейзаж... Усё гэта — наша Беларусь, упэўнівае Сяргей Плыткевіч. Дарэчы, па выніках Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі” ён перамог у персанальнай намінацыі “Лепшы фотамастак 2006 года”.
Фотамайстар, які прывык у, здавалася б, звычайных рэчах бачыць арыгінальнае, і прэзентацыю сваіх работ таксама вырашыў правесці ў няпростай выставачнай зале — на трох самых верхніх паверхах Брамнай вежы Мірскага замка. У экспазіцыі змешчаны 72 работы, якія Сяргей Плыткевіч прывёз са сваіх экспедыцый. Каб убачыць Беларусь, аўтару спатрэбілася ажыццявіць на верталёце 59 палётаў працягласцю ў тры гадзіны кожны.
— Я і не здагадваўся нават, што наш Мірскі замак настолькі прыгожы і з вышыні, — прызнаецца загадчык сектара па навуковай рабоце філіяла Нацыянальнага мастацкага музея “Замкавы комплекс “Мір” Ігар Ложачнік. — Свае фотаработы Сяргей Плыткевіч нам пакідае ў дар, а праз два гады, калі завершыцца рамонт у выставачных залах у замку, яны будуць яшчэ раз выстаўлены.
— Насамрэч, беларускія вёсачкі і нават многія гарады з вышыні выглядаюць шэрымі, — расказвае фотамастак. — Стрэхі хат, крытыя шыферам, не здольны былі ўразіць мяне як фатографа. Вельмі прыгожым глядзіцца з верталёта Мінск, асабліва ў раёне Нацыянальнай бібліятэкі, у ваколіцах Траецкага прадмесця. Пінск уражвае гарманічнасцю архітэктуры, спадабаліся мне з вышыні і Паставы, Міёры. Беларусь прываблівае да сябе турыстаў не толькі старажытнымі замкамі, помнікамі мінулых стагоддзяў, але і сваімі краявідамі. Замежнаму турысту, напрыклад, у сябе на радзіме проста немагчыма ўявіць адпачынак на беразе рэчкі, дзе побач можна паставіць палатку, развесці касцёр!
Сапраўды, адзін фотаздымак Сяргея Плыткевіча (фотамастак у хуткім часе, дарэчы, плануе паказаць яшчэ і багацце жывёльнага свету беларускай прыроды) адкрывае нам цуды нашай Айчыны і робіць ці не больш, чым некалькі пасяджэнняў над вырашэннем пытання аб развіцці ўязнога турызму.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter