У звычайным бачыць незвычайнае

У свой час пры сустрэчах вядомы беларускі пісьменнік і журналіст Яраслаў Пархута вучыў мяне: “Каб напісаць добры твор, асабліва гумарыстычны, трэба ў звычайным убачыць незвычайнае, асэнсаваць яго і... напісаць”. Успамінаю гэтыя словы выдатнага чалавека-творцы часта. Успомніў і цяпер, чытаючы кнігу Ірыны Тулупавай “Шчасце на парозе тваім” (Мінск, “Літаратура і Мастацтва”, 2011). Таму што аўтару ўласцівы менавіта такі падыход да творчасці. І становіцца дзіўна, што сам не заўважыў у жыцці і сярод людзей таго, на што звярнула ўвагу пісьменніца.

У кнізе змешчаны адзінаццаць апавяданняў і невялікая аповесць. Тэмы твораў розныя. Як пісаў польскі даследчык літаратуры Ян Парандоўскі, у любога іншага мастацтва сфера тэм абмежаваная, адна толькі літаратура не ведае межаў. Яна прасціраецца так далёка, як слова, а само слова прасціраецца так далёка, як думка, у якой няма мяжы ні ў часе, ні ў прасторы. Тэмай літаратуры можа аказацца ўсё — ад зоркі да атама. У Ірыны Тулупавай галоўным матэрыялам для твораў служыць сам чалавек. І пісьменніца адной з тэм бярэ даследаванне чалавечага эгаізму. Разам з тым на фоне паказу, як герой апавядання для сваёй карысці ганьбіць самыя лепшыя пачуцці іншых і нават само паняцце дабрыні, аўтар знаходзіць і паказвае, што сярод людзей па-ранейшаму жывуць спагада, узаемадапамога, шчырасць.

Ёсць у кнізе творы і на тэмы кахання, чалавечага шчасця, поспехаў і няўдач, адказнасці перад грамадствам і асобным чалавекам, перад сучаснікамі і будучым. Не пакідае без увагі пісьменніца і такія з’явы, як уласцівыя асобным людзям ганарлівасць, зайздрасць, імкненне прынізіць слабейшага, меншага па пасадзе.

Расповед у апавяданнях вядзецца ад імя жанчыны — нашай сучасніцы, чалавека з высокім інтэлектам, якая працуе ў розных установах, сутыкаецца не толькі з працоўнымі праблемамі, але і з чалавечымі недахопамі, бо мае стасункі з рознымі людзьмі, у кожнага з якіх свае характар, жаданні, памкненні, уяўленні пра дабро і зло. І варта адзначыць, што яркай прыкметай творчасці Ірыны Тулупавай з’яўляецца “паказ жыцця ў непадзельнай еднасці станоўчага і адмоўнага, прыгожага і пачварнага, уменне арганічна спалучыць акрэслены малюнак колеру з багатай разнастайнасцю яго адценняў і паўтонаў” (Васіль Жураўлёў). Заўважна, што аўтар — гараджанка не толькі па месцы пражывання, але і па паходжанні. Мова і стыль твораў вылучаюць яе з шэрагу іншых жанчын-пісьменніц. Тым не менш у апавяданні “Аля-вядзьмарка” і аповесці “Антось — пан Даманкевіч” выдатна перададзены светапогляд, учынкі вясковых жанчын, узаемаадносіны вяскоўцаў. Што характэрна: да сучаснасці дадаецца гістарычная, фальклорная абмалёўка, а гэта дазваляе чытачу перанесціся з нашых дзён у даўніну.

А ў гераінях твораў часта ўгадваецца сама пісьменніца: яна асабіста прайшла своеасаблівую школу — пасля заканчэння факультэта журналістыкі Белдзяржуніверсітэта працавала на Беларускім радыё, у Дзяржаўным камітэце Рэспублікі Беларусь па друку, у часопісе “Гаспадыня”. З 2006 года — рэдактар аддзела публіцыстыкі штотыднёвіка “Літаратура і Мастацтва”, лаўрэат прэміі “Залатое пяро”. Працавала і сустракала ў жыцці многіх герояў сваіх будучых твораў, вывучала іх, як кажуць, з натуры. Таму і цікавыя, яркія, запамінальныя яны атрымаліся.
Як заўважае Уладзімір Гніламёдаў, звяртаючыся да пісьменнікаў, не трэба баяцца самавыяўлення, эстэтычныя законы літаратуры вас абароняць. Што б вы ні напісалі, яно будзе пакрыта флёрам мастацкага вымыслу, пісьменніцкай распрацоўкі. Ніхто не мае права катэгарычна сцвярджаць, што гэта — сам аўтар. Не, перад намі герой, мастацкі вобраз...
Усе творы, змешчаныя ў кнізе, чытаюцца з захапленнем і цікавасцю: а што там будзе далей? І часта цяжка здагадацца, чым закончыцца той ці іншы твор. Дык гэта ж здорава! Большасць апавяданняў успрымаюцца як лірычныя навелы. Так і хочацца сказаць: аўтар — жанчыны, галоўныя гераіні — жанчыны, дык што гэта — жаночая проза? Не, жаночая лірыка ў прозе! І, прачытаўшы, адчуваеш у сэрцы і душы вялікую асалоду, радасць, быццам сам акунаешся ў вірлівае маладое жыццё...

Як піша ў прадмове да кнігі Генрых Далідовіч, “... знаёмцеся з кнігай прозы Ірыны Тулупавай, дзе гучыць яркі жаночы голас пра месца, радасці і турботы жанчын у нашы дні. Зрэшты, і мы, мужчыны, таксама не абыдзены ўвагай і за тое-сёе нам, як кажуць, перападае... За што? Пачытайце! “

Міхась КАВАЛЁЎ,
 Рагачоў

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter