III Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Зов Полесья» пройдзе 13 верасня ў аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна

У "Журавiнцы" ўсiм па 17

III Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Зов Полесья» пройдзе 13 верасня 2014 года ў аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна

Лельчыцкi раён



У 74 населеных пунктах раёна пражывае больш за 29 тысяч чалавек, семдзесят працэнтаў якіх — вяскоўцы. На тэрыторыі раёна знаходзіцца частка Нацыянальнага парку Прыпяцкі, Букчанскі біялагічны заказнік рэспубліканскага значэння, а таксама гідралагічныя заказнікі мясцовага значэння — Заруч’ёўе, Засадзішча, Лохніцкае, Лельчыцкае і Лугавое.


На Лельчыцкай зямлі 114 помнікаў. З іх 76 помнікаў гісторыі, 33 — археалогіі, 1 помнік архітэктуры. У вёсцы Данілевічы знаходзіцца помнік прыроды рэспубліканскага значэння — цар-дуб вышынёй 32 метры і ў абхваце чатыры з паловай метры.


Ва ўстановах культуры 170 клубных фарміраванняў, з іх 109 для дзяцей і падлеткаў. У раёне працуе 12 калектываў мастацкай самадзейнасці. Адзін з іх — заслужаны аматарскі, два дзіцячыя ўзорныя, восем народных калектываў.


Іванава Слабада жыве, пакуль пяюць Карасі і Забаўкі


Песню «Уставала я раненька» пяе Вольга КАРАСЬ са сваім заслужаным аматарскім калектывам «Журавінка». Яшчэ ў далёкіх 40-х гадах мінулага стагоддзя аднавяскоўцы аб’ядналіся у гурток, куды ўвайшлі людзі, улюбёныя ў матывы роднага краю. З таго часу і гучаць нацыянальныя песні пад вясёлы гармонік Рыгора Карася.

zhuravinca.png



Паступова да калектыву сталі далучацца ўсё новыя і новыя спевакі, і зараз у ім 14 артыстаў. У «Журавінцы» да гэтага часу засталіся першыя яго ўдзельнікі, дзве родныя сястры і дзве Марыі: Маркевіч і Забаўка, якім ужо пад 80 гадкоў. Любоў да музыкі яны пранеслі праз усё жыццё. Беларуская народная песня гучыць у кожнай хаце Іванавай Слабады. У гэтым годзе галасы «Журавінкі» ўжо трэці раз упрыгожаць фестываль.


Падыходзім да Слабадскога Дому культуры. Каля парога «прыпаркаваны» ровары. Прыехала «Журавінка».


Вольга Карась узначальвае калектыў з 2005 года. Разам са сваім мужам Рыгорам яны не толькі дружна жывуць, але і дружна працуюць. Рыгор Фёдаравіч іграе на гармоніку, Вольга Паўлаўна спявае. 


— Каб ты не граў, я  за цябе не пайшла б, — смяецца жанчына. 


Іх галасы чулі не толькі на фестывалях нашай краіны, а і за межамі — у Польшчы, Украіне, Расіі.


Хто самы старэйшы ў калектыве, зразумець цяжка. Настолькі прыгожыя, вясёлыя і маладыя гэтыя слабадскія спявачкі. Калі пытаюся, колькі гадоў заснавальніцам «Журавінкі», жанчыны смяюцца і гавораць: «Сямнаццаць. Мы яшчэ ўстанем і дзесяць разоў перакруцімся на адным месцы». Я ім веру.


У кожнай спявачкі свае справы — усе трымаюць гаспадарку, але што б ні было, яны заўсёды знойдуць час, каб быць разам з калектывам. Быў такі выпадак, калі ў вядучых салістак «Журавінкі» памерла родная сястра. Прайшло толькі чатыры дзянёчкі, і дзве Марыі Халстаўны паехалі выступаць, бо без іх «Журавінка» была б ужо не тая. 


— Што б ні здарылася, мы заўсёды разам, — адзначае Рыгор Карась.


Рэпертуар калектыву толькі народны. Кожны з яго ўдзельнікаў носьбіт фальклору, бо яшчэ дзецьмі вучыліся ў сваіх матуль і бабуль спевам. Ніна Шкарлінская дадае: «Я помню, як ў хаце не было свету, дык матуля брала мяне на калені і спявала «І з-пад каменя...», і так усе песні з дзяцінства з голаса ў голас перадаваліся». 


А вось Марыя Халстаўна вучылася ад чужых, бо матку страціла, калі была яшчэ малая:


— Вучылася спевам на вуліцы. Ад каго дзе пачую, адразу запамінаю. Бывае такое, што ўночы песні складаю сама ў галаве. Перад сном усё пераспяваю, інакш не засну. Ну ўміраю, так спяваць хачу. Зараз любую песню слабадскую ведаю.


Адзенне калектыву «Журавінка» робяць сваімі рукамі. Красуюцца на белых кашулях палескія кветкі.  А песні пяюць розныя. Ні адно свята, ні адзін абрад не абыходзіцца ў вёсцы без гэтых маладых душой дзяўчат і хлопцаў. Дзякуючы іх песням вёска і жыве.


Жалезная ружа з водарам горана



Нават як падкаваць блыху ведае каваль Аляксандр Стасенка з ПМК-103


НА СВЯТА мясцовыя майстры прывязуць самыя лепшыя вырабы, якія былі выкаваны ў Лельчыцкай ПМК-103. Менавіта з дапамогай гэтага прадпрыемства і арганізаваны падворак «Вясковая кузня».

stasenka.png

Каваль Аляксандр СТАСЕНКА


Камінныя наборы, каваныя мангалы, дроўніца, падсвечнікі, плуг пачатку мінулага стагоддзя... Чаго тут толькі няма. Амаль усё гэта — вырабы Аляксандра Стасенка, зваршчыка ААТ «Лельчыцкая ПМК-103». Старажытнаму майстэрству вывучыўся самастойна, калі некалькі год таму правёў у Маскве. Аляксандр СТАСЕНКА дзеліцца ўспамінамі:


— Там працаваў на будоўлях, а ў кузню трапіў выпадкова. Да гэтага выкаваных рэчаў ніколі і не бачыў. Некаторых вучылі год і болей, а ў мяне чамусьці ўсё атрымалася адразу. Мабыць, было на самай справе цікава. А калі ёсць інтарэс, тады ўсё атрымліваецца. Што вачыма «ўкраду», што сам прыдумаю.


Дырэктар прадпрыемства і сам любіць гаспадарыць прыгожа. Гэта адразу бачна па тэрыторыі ПМК: усё чысценька, на самаробных выкаваных кошыках кветкі, у лясочку каля ПМК альтанка, прыгожы масток. Шмат чаго тут зроблена і рукамі мясцовага каваля.


Аляксандр Стасенка адзначае, што зараз працаваць значна прасцей. Раней уся праца была на плячах аднаго мужыка — менавіта таму каваль павінен  быць вельмі моцным. Зараз жа ёсць шмат прылад, пры дапамозе якіх можна значна аблегчыць сабе працу. Аляксандр тлумачыць, каб выкаваць, напрыклад, ружу, ёсць спецыяльныя інструменты і прыборы, таму працэс значна паскараецца:


— За некалькі гадзін можна зрабіць з дзясятак такіх кветак. Калі толькі пачынаў, праца ішла марудна, аднак з цягам часу прыладзіўся, зараз усё раблю шпарка. Цяпер магу выкаваць нават японскі меч, як робяць з дамаскай сталі…


Не здзіўлюся,  калі каваль  ведае,  як падкаваць блыху.


Аляксандру вельмі хочацца, каб яго справе вучыліся людзі. Кажа: «Задарма ўзяў, задарма і аддай».

Падрыхтавала Таццяна БІЗЮК «СГ».


Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter