Карэспандэнт “Р” адна з першых прагулялася па абноўленаму палацу Пуслоўскіх

У замку — эпоха Адраджэння

Палац графаў Пуслоўскіх, велічны Косаўскі замак, як называюць яго мясцовыя жыхары, больш не руіны. У мінулыя выхадныя тут гасцявала першая турыстычная група. Праўда, рэстаўрацыя яшчэ не завершана. Пачаўшыся ў 2008 годзе, яна павінна ск ончыцца толькі ў 2023-м. Але — калі ласка, госці дарагія!

Рэстаўрацыя яшчэ не завершана: пачалася ў 2008 годзе, павінна скончыцца толькі ў 2023-м.

Такіх будынкаў, як у Косаве пад Івацэвічамі, у краіне больш няма. Граф Вандалін Пуслоўскі, атрымаўшы ў свой час ад бацькі Вайцэха ў спадчыну немалую тэрыторыю, выбраў асаблівае месца для рэзідэнцыі — побач з радавой сядзібай Тадэвуша Касцюшкі,  бо вельмі ганарыўся земляком, і нават адрэстаўраваў за свае сродкі  дом касцюшкі ва ўрочышчы Мерачоўшчына. Пачаўшы будаўніцтва ў 1838 годзе, архітэктарам Вандалін запрасіў Францыска Яшчольда з Варшавы, над інтэр’ерам працавалі як мясцовыя мастакі, так і італьянец Марконі. Вынік уразіў. Не палац – сапраўдны замак, але прызначаны для жыцця і прыёму гасцей. Вокны — як байніцы. 12 вялікіх вежаў сімвалізуюць месяцы года, 365 маленькіх – дні. Кожны з пакояў,  а ў розныя часы іх налічвалася ажно каля 130, меў сваю адметнасць. У адной зале падлога са шкла, а пад ёй сапраўдны акварыум. Другая зала музычная, трэцяя – чорная, куды пускалі толькі мужчын, бо там было казіно… Кажуць, хоць пару дзён, але кожная зала бачыла сонца. І калі раніцай праменьчык завітваў у акенца, для залы рабілі свята  — дзень пакоя – і ўпрыгожвалі яе. Можна верыць у тое, што ноччу палац ахоўваў леў, нават  у тое, што побач блукае прывід графіні Пуслоўскай, але казкі пра падземны ход паміж Косаўскім і Ружанскім палацамі – мана. Навошта Пуслоўскаму будаваць гэты ход, калі падчас будаўніцтва ў Косаве ў Ружанах ужо не было ні Сапегаў, ні іх рэзідэнцыі? 

На жаль, Косаўскі замак, пабачыўшы раскошу, у хуткім часе стаў ахвярай азартных гульняў. Сын Вандаліна Лявон вымушаны быў прадаць палац, каб разлічыцца з даўгамі. Ну а потым… Першая сусветная, Другая… Было страчана ўсё, акрамя сцен. Да нашага часу вакол будынка вырас лес, і падарожнікі не маглі нават яго бачыць. Аднойчы, падняўшыся да палаца падчас працоўнай паездкі ў Мерачоўшчыну, я стала сведкай, як бацька вучыў дачку страляць з ружжа. Сцены былі мішэнямі і для іншых вандалаў, якія пакінулі на тынкоўцы непрыстойныя надпісы. «Дакуль?» — дапытваліся журналісты, пішучы сумныя артыкулы пра Ружаны, Косава і Мерачоўшчыну…   

Намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Алег ВЯЛІЧКА (пасярэдзiне) прымаў удзел у цырымоніі адкрыцця палаца Пуслоўскіх у Косаве.

Першай адрадзілі сядзібу Касцюшкі. Пасля адкрыцця ў 2004 годзе сядзібы-музея стала зразумела, што велічны палац некалі таксама вернецца да жыцця. 

У 2007 годзе палац Пуслоўскіх унеслі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны. А у 2008 годзе пачалася рэстаўрацыя…

Чаму зараз не дачакаліся завяршэння работ? Чаму адчынілі дзверы, калі яшчэ не ўсё зроблена? Сакратар каардынацыйнага савета па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Брэсцкім аблвыканкаме Вячаслаў Гарбузаў кажа, што турысты вымусілі:

— Пасля экскурсіі па сядзібе-музеі Касцюшкі, а штогод там бывае 23—24 тысячы чалавек, многія просяць паказаць палац. Абыходзілі вакол, любаваліся. Па статыстыцы, толькі ў гэтым годзе такіх турыстаў было 10 тысяч чалавек.

Палац з вялікай гісторыяй заўсёды прыцягваў турыстаў і гасцей.

Што ж, у цэнтральнай частцы будаўнікі і рэстаўратары ААТ «Брэстрэстаўрацыя» сваю справу зрабілі, таму і з’явілася магчымасць адчыніць цэнтральны ўваход. Экспазіцыя размясцілася ў пяці залах. Пра мясціны, пра Пуслоўскіх — усё тут можна ўжо пабачыць. Ну і нешматлікія артэфакты, знойдзеныя падчас раскопак перад рэстаўрацыяй. А ў выставачнай зале сёння — карціны мастака з Івацэвічскага раёна Анатоля Галушкі. Стаўшы інвалідам, страціўшы рухомасць, Анатоль навучыўся трымаць пэндзлік зубамі.

Намеснік кіраўніка Брэсцкай вобласці Алег Вялічка парадаваў, што рэстаўрацыі палаца ў наступным годзе будзе надавацца большая ўвага, каб паскорыць гэты працэс:

— Ужо ўкладзена 500 тысяч рублёў, у планах на 2018 год яшчэ 200 тысяч. Фінансаванне ідзе як з рэспубліканскага, так і з абласнога бюджэту. 

Гэта будзе не толькі музей. Яшчэ ў пакоях размесцяцца  гатэль, рэстаран, кафэ. Плануецца нават крыху змяніць дарогу з Ружан у Івацэвічы, каб сюды лягчэй было дабірацца.  Праўда, і сёння да палаца проста даехаць з трасы М-1 Брэст — Масква, з рэспубліканскай дарогі Р-2 Кобрын — Стоўбцы. Але калі ведаеш як. Бо чамусьці няма нідзе дагэтуль ніякіх інфармацыйных знакаў для падарожніка пра палац Пуслоўскіх.

Фота БЕЛТА.

valentinak3@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter