На телеканале «Беларусь 3» обновлен цикл песен Владимира Мулявина

У вянок Максіму

У нядзелю, у дзень нараджэння Максіма Багдановіча, тэлеканал «Беларусь 3» пакажа канцэртную праграму «Вянок» — цыкл песень Уладзіміра Мулявіна на вершы несмяротнага лірыка. Ён адноўлены музыкантамі Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І. Жыновіча летась, амаль праз 30 гадоў пасля першага выканання, і ўпершыню прагучаў цалкам такім, як яго задумаў некалі аўтар.

Дырыжор Аляксандр Крамко і саліст Ян Жанчак у час выканання цыкла «Вянок».
ФОТО philharmonic.by

Праграма «Вянок» была створа­на Уладзімірам Мулявіным з ан­самблем «Песняры» да 100-годдзя Максіма Багдановіча. Аранжыроўкі зрабіў Алег Молчан. Прэм’ера адбылася напачатку лістапада 1991 года ў Нью-Ёрку ў зале Бібліятэкі Аб’яднаных нацый падчас гастроляў ансамбля ў ЗША. 

Пасля вяртання артыстаў з замежнай паездкі цыкл прагучаў на сцэне Белдзяржфілармоніі 9 снежня 1991 года, у дзень юбілею Багдановіча. Гэта быў адзіны паказ, больш ніколі цалкам «Вянок» не выконваўся. 

Адрадзіць усе яго кампазіцыі стала магчыма дзякуючы даўняму адданаму маскоўскаму прыхільніку творчасці «Песняроў» Уладзіміру Пазняку. У яго прыватнай калекцыі захавалася касета з унікальным аўдыёзапісам прагону праграмы «Вянок» перад паездкай у ЗША, зробленым падчас рэпетыцыі ансамбля, — адзіная дакладная крыніца, якая давала ўяўленне пра «Вянок» у поўным аб’ёме. 

На падставе старой стужкі апрацоўку для аркестра ўсіх 15 песень цыкла зрабіў Аляксандр Крамко — заслужаны артыст Беларусі, музыкант, кампазітар, аранжыроўшчык і дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І. Жы­новіча. У адсутнасць нотнага матэрыялу ён на слых «здымаў» яшчэ неадрэстаўрыраваны запіс і рабіў партытуру для ўсяго складу аркестра. 

Гітарны драйв музыкі Мулявіна і цымбалы? Так. Нашы родныя цымбалы — інструмент вельмі багаты. Падыходзяць і для полькі, і для папулярнай музыкі, і для рока. Прычым гучанне настолькі пераканаўчае, што слухачы дзівяцца, бо бачаць на сцэне цымбалы, а чуюць гітару. Маэстра Крамко гаворыць, галоўнае — знайсці патрэбны тэмбр, і для гэтага існуюць спецыяльныя прыёмы, якімі ён і карыстаўся ў аранжыроўцы кампазіцый «Вянка». Удакладняе, не дзеля таго, каб «апрануць» старыя песні ў новае адзенне, а каб захаваць усе музычныя задумкі аўтара і ўзбагаціць цыкл аркестравым гучаннем.

Разам з адноўленымі кампазі­цыямі Уладзіміра Мулявіна ў багдановічаўскім «Вянку» — знакамітыя «Вераніка» Ігара Лучанка і «Зорка Венера» Сымона Рак-Міхайлоўскага на словы паэта. Гэтыя песні сталі класікай задоўга да з’яўлення цыкла, і ў яго іх калісьці ўключыў сам Уладзімір Георгіевіч. 

Чакаюць слухачоў і сапраўдныя сенсацыі. Напрыклад, новы варыянт песні «Па-над белым пухам вiшняў». Ад сваёй кампазіцыі на гэты верш Багдановіча Уладзімір Мулявін некалі адмовіўся, палічыў музыку, створаную колішнім удзельнікам «Песняроў» Ігарам Паліводам, больш удалай, з ёй песня і стала добра вядомай. Зараз можна пачуць яе іншую версію.

Цымбалы — багаты гучаннем інструмент, падыходзяць і нават для рок-музыкi.

Вакальныя партыі ў праграме выконваюць экс-удзельнікі розных складаў песняроўскіх ансамбляў — Ян Жанчак, Вячаслаў Ісачэнка і саліст Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І. Жыновіча Андрэй Коласаў.

Эфір — 9 снежня ў 22.50.

Дарэчы, перад канцэртам у 22.25 адбудзецца выпуск праграмы «Запіскі на палях. Максім Багда­новіч: з дому на Радзіму», які рас­кажа пра тое, чаго не прачытаеш у ніводным падручніку па беларускай літаратуры, і дапаможа зірнуць на паэзію класіка з іншага ракурсу. Апроч гэтага, на канале працягваецца серыя ролікаў, у якіх вядомыя дзеячы культуры і мастацтва краіны чытаюць свае любімыя творы Максіма Багдановіча. У нядзельным эфіры паэзіі стане яшчэ больш. 

svirko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter