Лія Ахеджакава са спектаклем “Мой унук Веніямін” адправіцца ў гастрольны тур па Беларусі

У вобразе Эсфір

З 3 па 7 красавіка народная артыстка Расіі разам з калегамі наведае чатыры беларускія гарады. Нездарма першымі спектакль убачаць жыхары Бабруйска. Менавіта ў гэтым горадзе, згодна з сюжэтам Людмілы Уліцкай, галоўная гераіня Эсфір, уладная і рашучая яўрэйка-краўчыха, якую іграе Лія Ахеджакава, вырашае шукаць нявестку для свайго сына Лёвы. Здаецца, усё ідзе паводле плана. Эсфір адшуквае маладую прыгажуню з праверанай сям’і, толькі вось Лёва супраціўляецца навязанаму маці шлюбу і збягае да іншай, а прывезеная нявеста цяжарыць ад былога аднакласніка і аказваецца зусім не той, кім здавалася ўпачатку...

Ёсць меркаванне, што Уліцкая пісала гэтую п’есу з разлікам на тое, што галоўную ролю сыграе менавіта Ахеджакава — вельмі ўжо гарманічна і лёгка глядзіцца актрыса ў вобразе Эсфір, своеасаблівага дыктатара любові, якой, здаецца, прыйдзецца змірыцца з тым, што новы свет ужо ніколі не будзе жыць па законах старога.

Сама п’еса — гэта сумесь смешнага і трагічнага. І хаця напісана яна яшчэ ў канцы 1980-х, але ж і сёння не губляе сваёй актуальнасці. Тэмы ўзаемаадносін пакаленняў, расавых пытанняў і шырыні чалавечай душы, асабліва калі іх трансліруюць таленавітыя аўтары і акцёры, заўсёды цікавыя гледачам. Акрамя Бабруйска, спектакль пакажуць у Магілёве, Гомелі і Мінску. Кошт квіткоў — ад 15 да 120 рублёў.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter