Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

На карце родных мясцін Якуба Коласа цяпер — і Царква святой Ганны ў Стоўбцах

У ваколіцах Акінчыц

Ёсць меркаванне, што якраз там быў ахрышчаны Кастусь Міцкевіч, будучы народны паэт Беларусі

Пэўна, кожная мясціна Беларусі мае сваю легенду, паданне, цікавыя згадкі яе жыхароў. “Хаты — гэта гнёзды, а людзі як птушкі. Але цяпер яны ўсё болей адлятаюць. Далёка маладзейшыя, а сталыя побач, вунь на тым пагорку...” Ці яшчэ: “Добра, калі ў чалавека ёсць свая дарога, па якой ён ідзе ўпэўнена. Але ёсць і такія, што — як па лесе бегаюць, заблудзіўшыся”. Гэткія ды іншыя назіранні-развагі да фотаздымкаў з гарадоў і вёсак краіны піша ў сваіх інтэрнэт-праектах “Бясконца чароўная...”, “Нашы руіны” вандроўнік, архітэктар, рэстаўратар Уладзімір Цвірка.

У родных мясцінах Якуба Коласа на Стаўпеччыне заўсёды рады гасцям

Пра яго захапленне падарожжамі па Беларусі ды этнаграфічны музей на асабістым лецішчы і працу вітражыста мы пісалі (“Скарбы Уладзіміра Цвіркі”, ГР, №18, 19.05.2016). Уладзімір Андрэевіч распрацоўвае адна- і двухдзённыя турмаршруты. Ёсць у яго тэматычныя вандроўкі: “Піраміды Беларусі”, “Каменныя крыжы”. З’явіліся і літаратурна-мастацкія: па мясцінах Янкі Купалы, Якуба Коласа, Напалеона Орды, Элізы Ажэшкі. Ідэя, безумоўна, не новая — пісьменнік Мікалай Чырскі, напрыклад, паводле сваіх паездак напісаў кнігу “Літаратурныя вандроўкі па зямлі Купалы і Коласа”. І цудоўны фотаальбом “Беларусь. Зямля Песняроў” стварыў фотамастак Анатоль Кляшчук... Але ж і ракурсы, з якіх глядзіць на тыя мясціны падарожнік-архітэктар, цікавыя, ды яшчэ з каментарамі-запісамі.

Калі мы гутарылі з вандроўцам, ён расказаў і пра нядаўнюю паездку па родных мясцінах Якуба Коласа. “Першае, што здзівіла на Стаўпеччыне — атмасфера тых мясцін, — казаў. — Сядзібы “Акінчыцы”, “Ласток”, “Альбуць”, “Смольня” — усе побач, за дзень можна іх аб’ехаць. А якая прырода! Казачна-фантастычная: кожная хатка — пасярод палёў і лясоў, нібы з верталёта скінутая. У вершах і прозе Коласа шмат апісанняў прыроды. Калі пабываў у яго родных мясцінах, зразумеў: якраз асяроддзе нарадзіла Коласа як вялікага творцу. Там — раздолле. Можна і салаўёў паслухаць, і душою адпачыць”.

Перад тым, як выправіцца ў падарожжа, Уладзімір Андрэевіч вывучыў біяграфію Песняра, перачытаў ягоныя паэмы “Новая зямля” і “Сымон-музыку”, рамантрылогію “На ростанях”. А “на мясцовасці” прыкмячаў, як суадносяцца апісанні ў творах з сучасным ландшафтам, заўважаў дэталі.

Пра Ласток у аўтабіяграфіі Якуб Колас пісаў: “Самыя раннія дзіцячыя гады мае прайшлі ў Сухошчыне, або Ластку. Гэта глухое месца — поле, навокал лес і адна толькі сядзіба лесніка: хата, гумно, хлеў”. Чым жа ўнікальны Ласток, спрабаваў зразумець Уладзімір. Аўтэнтыкай! Там захавалася тая хата, у якой з 1885 па 1890 год жыла сям’я Міцкевічаў. “Уявіце: там бегаў маленькі Кастусь, будучы народны паэт Беларусі Якуб Колас, — усхвалявана казаў вандроўнік, — ён дакранаўся да печы, адчыняў дзверы, выходзіў на ганак. І гэта нешта незвычайнае! Дарэчы, мемарыяльная сядзіба-музей сёння жылая. Я разважаў над такім фенаменам. З аднаго боку, хата й нібыта “зношваецца”, калі ў ёй нехта жыве, а з другога — у народзе кажуць, што яна хутчэй памірае без людзей…”

На Свяце паэзіі выступае Віктар Шніп

Уладзімір Цвірка прыходзіць да высновы, што “жывая” сядзіба ў Ластку — цікавая “фішка”, як кажа моладзь. Узаранае поле, дагледжаны агарод, цёплая печ у хаце, ручнік на плоце, куры-пеўні, карова… Гэта ж цікава наведнікам, інтэрактыў сёння ў модзе. Хай і ў Ластку госці акунаюцца ў “жывое асяроддзе” ды бачаць, як аруць поле плугам, жнуць жыта сярпом, косяць траву касой, а лён пераціраюць уручную. Пры жаданні ж могуць і самі паспрабаваць сябе ў той спрадвечнай сялянскай працы.

Пабываў падарожнік у Акінчыцах: там нарадзіўся паэт, а цяпер тое месца ўжо ўвайшло ў гарадскую рысу Стоўбцаў. “Пры шляху шырокім,/ Дзе стаіць камора,/ Я на свет радзіўся,/ Пад глухі шум бору”, — пісаў Якуб Колас у вершы “На раздарожжы”. У Акінчыцах бацька пісьменніка, Міхал Міцкевіч, служыў лесніком у лясах князя Радзівіла. Сёння “Акінчыцы” — мемарыяльная сядзіба, на хаце шыльда: “Тут 3 лістапада 1882 года нарадзіўся народны паэт Беларусі Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч)”.

У захапленні Уладзімір Цвірка і ад Альбуці — там сям’я Міцкевічаў жыла з 1891 па 1902 год. Якуб Колас пісаў: “Альбуць запомнілася мне найболей яскрава. Там была надзвычай цікавая прырода. Леснікова пасада стаяла на бойкай дарозе, кудою ішлі і ехалі людзі. Нязмоўклыя цікавыя гутаркі новых людзей пашырылі мой запас ведаў аб людзях і наогул аб жыцці й далі мне багаты матэрыял для назірання”. Альбуцкія мясціны паэт апісваў у многіх творах, а ў паэме “Новая зямля” Альбуць стала прататыпам Парэчча.

Знакавая мясціна ў жыцці Якуба Коласа і Смольня, што недалёка ад вёскі Мікалаўшчына (такая ў яе мясцовая назва). У 1910-м, праз восем гадоў пасля смерці Міхала, Міцкевічы нарэшце набылі сваю хату. У ёй жылі маці паэта, Ганна Юр’еўна, дзядзька Антось, сёстры Якуба Коласа Міхаліна, Алена, Марыя, браты Уладзя, Міхась (пазней жыў і памёр у ЗША, вядомы пад псеўданімам Антось Галіна) ды Іосіф. Дагэтуль растуць там ліпы, пасаджаныя Коласам. Яны памятаюць, як упершыню летам 1912-га сустракаліся там Якуб Колас і Янка Купала. У Смольні Якуб Колас працаваў над паэмамі “Новая зямля ” і “Сымон-музыка”, пісаў вершы, апавяданні. “Ва ўсіх гэтых сядзібах ёсць шмат агульнага: прырода, вясковы побыт, архітэктура, а таксама цудоўны Мастацка-мемарыяльны комплекс “Шлях Коласа” — драўляныя скульптуры паводле матываў твораў паэта, якія нібы злучылі ў адно цэлае ўсе Коласаўскія аб’екты-мясціны”, — лічыць Уладзімір Цвірка.

Альбуцкія краявіды натхнялі Песняра. Масток цераз рэчку
Фота: УЛАДЗІМІР ЦВІРКА

Драўляныя скульптуры стаяць паўз дарогі Стоўбцы — Мікалаўшчына з адгалінаваннем у Альбуць. “Дарога дзядзькі Якуба”, “Сцяжына новазямельцаў”, кампазіцыя “Песняй вітаю я вас!” — вось некаторыя з іх, створаныя майстрамі-разьбярамі на пачатку 90х. На жаль, многія з драўляных фігур з часам растрэскаліся-пакасіліся. Уладзімір Цвірка прапаноўвае свой варыянт выратавання арыгінальнай задумы: праводзіць там пленэры длястудэнтаў-архітэктараў, дызайнераў, скульптараў, разьбяроў. А сярод моладзі шмат талентаў, упэўнены Уладзімір Андрэевіч, то хай пановаму, але творча падыдуць да справы. І “Шлях Коласа” можа папоўніцца новымі экспанатамі, ажывіцца. “Трэба толькі распрацаваць адзіную канцэпцыю, у плыні якой і рухацца”, — упэўнены дызайнер.

Асабліва зацікавіўся Уладзімір Цвірка былым хутарам Цёмныя Ляды, дзе амаль два гады пасля астрога (пакаранне за ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе) жыў Кастусь Міцкевіч. Там стварыў школку, дзе навучаліся дванаццаць сялянскіх дзяцей, пісаў вершы. Дарэчы, першы апублікаваны ў газеце “Наша доля” верш “Наш родны край” напісаў ён менавіта ў Цёмных Лядах. І псеўданім Якуб Колас нарадзіўся там. Сёння ж няма на тым месцы ні вёскі, ні хутара, ні смалярні, а ні сядзібы... Адзін толькі камень з памятнай шыльдай, дый то — на другім баку чыгункі... “Добра было б узнавіць сядзібу, — марыць Уладзімір Андрэевіч. — І план яе, і фотаздымкі захаваліся...”

У свой турмаршрут уключыў вандроўнік і вёску Мікалаўшчыну. Ёсць там школа, падобная на невялікі палац: будавалі па эскізах самога Песняра. Школа беларускамоўная, носіць імя Якуба Коласа. Штогод праводзяцца ў ёй разнастайныя літаратурныя конкурсы, алімпіяды, створаны музей.

Вандруючы па Стаўпеччыне, задаўся Уладзімір Цвірка пытаннямі: якога ж веравызнання быў Якуб Колас ды ў якім храме яго хрысцілі? З імі й звярнуўся да спадарыні Зінаіды Камароўскай, дырэктаркі Літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Тая прызналася: раней у іх ніхто пра тое не пытаў... Узняўшы дакументы, параіўшыся з роднымі паэта, музейшчыкі прыйшлі да высновы: магчыма, хрысцілі будучага Песняра ў Ганнінскай царкве ў Стоўбцах. Па іншай версіі — у Свята-Успенскім храме ў вёсцы Новы Свержань. Дакладна ж вядома, што Якуб Колас быў праваслаўным, а хросны бацька яго — дзядзька Антось. Цяпер супрацоўнікі музея пісьменніка на сувязі з прыходамі: высвятляюць, ці захаваліся якія дакументы, метрыкі... А Уладзімір Цвірка рады, што паспрыяў адкрыццю яшчэ адной з малавядомых старонак у біяграфіі Песняра.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 34 (3538), чацвер, 7 верасня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter