Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Выстава “Афон-Мікравізантыя” літоўскага святара з беларускімі родавымі каранямі Алега Штэльмана прайшла ў Мінску

У творчасці расце душа

Цікавы шлях гэтай выставы ў Мінск. На пачатку года Дзяніс Смірноў, студэнт Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта, выдатна здаў сесію і на канікулы паехаў дадому, у літоўскую Клайпеду. У беларускай суполцы “Крыніца” сустрэўся з сябрамі. Расказаў ім пра свае поспехі, пачуў мясцовыя навіны. Там якраз айцец Алег з горада Шауляй ладзіў выставу са сваіх лепшых здымкаў з вандровак на Святую гару Афон. Хлопец задумаўся: а калі б гэтую экспазіцыю прадставіць у мінскай вну, дзе сам вучыцца... Прыгожая ідэя запатрабавала дзеянняў. І ўсё атрымалася: як толькі пачаўся другі семестр, у фае галоўнага корпуса ўніверсітэта адкрылася выстава “Афон-Мікравізантыя”.

На адкрыцці экспазіцыі Дзяніс Смірноў прадстаўляў яе аўтара, пратаіерэя Алега Штэльмана — ён родам з Мінскай вобласці, з горада Вілейкі. Аўтар сам тройчы бываў на Афоне, і ў экспазіцыі прадстаўлены здымкі, зробленыя з 2009 па 2015 год. Як вядома, Афон — гэта назва гары, паўвострава і манаскай рэспублікі ў Грэчаскай Македоніі, на паўночным усходзе Грэцыі, на вялікім паўвостраве Халкідзікі. Часта тую манаскую рэспубліку называюць коратка: Святая Гара.

Далей працягваў пратаіерэй Алег Штэльман: “Аднойчы архімандрыт Рыгор сказаў, што Афон — гэта Мікравізантыя. Мне запалі тыя словы ў душу, і я падумаў: так варта й назваць выставу. Сапраўды, Афон — гэта астравок Візантыі: веруючай, праваслаўнай, духоўнай”.

Правёў айцец Алег і мініэкскурсію па выставе, спыняючыся на самых важных для яго здымках. На адным, напрыклад, архімандрыт Рыгор разам з іншымі манахамі чысціць рыбу. Аўтар каментуе: “Як сын рыбака, ён пра рыбу ведае ўсё. Нягледзячы на статус архімандрыта, выконвае звычайную будзённую працу”. А пра фота з цудоўным краявідам з гары Афон айцец Алег казаў: “Вырашыў падняцца на вяршыню. Спякота неймаверная! Прайду, пастаю, пап’ю вады... Здавалася, што можа жыць пры такой спякоце? А там — шмат матылькоў прыгожых, птушкі спяваюць. Ішоў не спяшаючыся і адчуваў сябе выдатна. Падняўся. Назад ішоў — сустрэў дзіка, змяю. Ніхто мяне там не крануў, і я іх не крыўдзіў”.

Архімандрыт Рыгор штодзень заняты і будзённай працай

Пэўна, чалавек з прыродаю там  у вялікай згодзе. Цішыня, мілата, гармонія... Мабыць, таму на Афоне столькі пілігрымаў. Едуць з усяго свету ў пошуках сэнсу жыцця, свайго прызначэння ў ім. І толькі жанчынам нельга патрапіць у святое месца. На Афоне за паўтары тысячы гадоў не было ніводнай прадстаўніцы слабага полу. Глядзець на Святую Гару мы можам хіба што з адлегласці, з парома, які адзін раз на тыдзень падплывае да паўвострава. Або — на такіх вось выставах... Шмат цікавага расказваў Алег Штэльман. Святое паданне, напрыклад, звязвае з’яўленне манаскага прыстанішча на Афоне з асаблівым клопатам Прасвятой Багародзіцы. А большасць манастыроў, што зберагліся да нашых дзён, пабудаваныя ў часы Візантыі. І там дзейнічаюць свае законы. Гэта — сапраўдная манаская рэспубліка. Манахі жывуць паводле статуту: 8 гадзін моляцца, 8 — працуюць, 8 ім застаецца на адпачынак. Ёсць на Афоне і свая сталіца — горад Карэя, яго яшчэ называюць: Карыес... Працуюць там паліцыя і мытня. Дарэчы, без візы на Святую Гару ніяк не патрапіш...

Падарожжы па святых месцах натхняюць нашага суайчынніка Алега Штэльмана займацца творчасцю. Сёлета ён, як аўтар і выканаўца духоўных песняў, быў адзначаны літаратурнай прэміяй “Спадчына”. У Мінску ягоныя творчыя вечары прайшлі ў актавай зале Медуніверсітэта, а таксама ў Музеі Якуба Коласа.

Краявід з гары Афон

Плануецца, што выстава “Афон-Мікравізантыя” будзе ў жніўні прадстаўлена і жыхарам Вілейкі.

Даведка ГР.

Пратаіерэй Алег Штэльман нарадзіўся ў 1970 годзе ў Вілейцы, горадзе Мінскай вобласці. З дзяцінства цікавіўся спортам, музыкай, фатаграфіяй. Пасля вучобы ў будвучылішчы і службы на касмадроме Байканур некаторы час працаваў электразваршчыкам на будоўлі. У 1991-м духоўныя пошукі прывялі яго ў горад Вільнюс, у Віленскі Свята-Духаў манастыр. Там, дарэчы, у свой час быў настаяцелем і знакаміты старабеларускі пісьменнік-палеміст Мялецій Смат­рыцкі. Служыў Алег у Клайпедзе — у Храме в честь Всех Святых в земле Российской просиявших, а таксама ў Пакрова-Нікольскім храме.

З 2009 года — настаяцель Пятра-Паўлаўскага храма горада Шауляй. Аўтар духоўных песень і вершаў. Стваральнік фотавыставы і фотаальбома “Праваслаўныя храмы Літвы”, фотавыставы “Па слядах Бібліі”.

Кацярына Мядзведская

Фота: Алег Штэльман

Голас Радзімы № 15 (3519), чацвер, 13 красавіка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter