Как планировали и координировали совместные боевые операции партизанские бригады и наступающие части Красной Армии

У цесным узаемадзеянні

(Працяг. Пачатак у № 80, 83, 84)

75 гадоў таму Беларусь была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вялікі ўклад у вызваленне роднай зямлі ўнеслі беларускія партызаны. Яны не давалі ворагу спакойна адчуваць сябе на нашай зямлі — дыверсіі і засады на камунікацыях, налёты на гарнізоны.

Пра тое, як ішлі баі за Беларусь, як змагаліся поплеч за вызваленне краіны воіны Чырвонай Арміі і беларускія партызаны, наша размова з загадчыкам аддзела ваеннай гісторыі Беларусі доктарам гістарычных навук, прафесарам Аляксеем Міхайлавічам Літвіным.

Рэйкавая вайна

— Паважаны Аляксей Міхайлавіч! Да 1944 года партызанскія сілы прыкметна выраслі, як і моц удараў па ворагу партызанскіх брыгад. Немцы зачышчалі свае аператыўныя тылы ад партызан: менавіта на гэты час прыпадае серыя буйных карных аперацый фашыстаў. Як было пабудавана ўзаемадзеянне Чырвонай Арміі і беларускіх партызан?

— Перш-наперш адзначу стратэгічнае ўзаемадзеянне — наяўнасць партызанскага фактару, партызанскага патэнцыялу — амаль паўмільённай арміі партызан і падпольшчыкаў, якая кантралявала ў 1943 г. амаль 60 працэнтаў тэрыторыі Беларусі, устойлівай двухбаковай радыё- і авіясувязі з «вялікай зямлёй», наяўнасці, гаворачы сённяшняй мовай, моцнай кіраўнічай вертыкалі — органаў ваенна-аператыўнага кіраўніцтва партызанскімі фарміраваннямі Беларусі, што дазваляла каардынаваць дзейнасць партызан на ўсёй тэрыторыі краіны. Для барацьбы з партызанамі, а таксама ажыццяўлення разнастайных мерапрыемстваў акупацыйнага рэжыму гітлераўцы вымушаны былі трымаць шматтысячную армію, адцягваючы значную яе частку непасрэдна з фронту.

Партызаны ў баі.

Далей. Партызанскія фарміраванні ўзаемадзейнічалі на аператыўным узроўні на пэўным участку і ў пэўным часе па выкананні непасрэдных заданняў вышэйстаячых партызанскіх органаў, што праводзіліся ў інтарэсах той ці іншай стратэгічнай, франтавой альбо армейскай аперацыі. За кожнай брыгадай і атрадам, што дзейнічаў асобна, быў замацаваны раён дыслакацыі і вядзення баявых дзеянняў, а таксама ўчасткі чыгуначных і шасэйных камунікацый для правядзення аперацый па зрыву перавозак ворага. 

Зімой 1943 г. БШПР распрацаваў адзіны план баявых дзеянняў партызан рэспублікі на варожых камунікацыях, які быў зацверджаны загадам начальніка БШПР. План меў кодавую назву «Граніт». Па шэрагу прычын ён быў выкананы ў абмежаваным маштабе, аднак вопыт падрыхтоўкі і ажыццяўлення выкарыстаны пры правядзенні больш буйных аперацый савецкіх партызан на варожых камунікацыях, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назвай «рэйкавая вайна». 

У якасці прыкладу аператыўнага ўзаемадзеяння можна прывесці Лепельскую аперацыю 1943 г., якая была распрацавана і праводзілася па загаду ЦШПР. Першы этап пачаўся ў ноч на 3 жніўня 1943 г. і працягваўся да сярэдзіны верасня. Ён супаў з контрнаступленнем Чырвонай Арміі ў Курскай бітве і са Смаленскай наступальнай аперацыяй. Перад пачаткам вызвалення Беларусі быў праведзены другі этап «рэйкавай вайны», які атрымаў назву «Канцэрт». Ен пачаўся ў другой палове верасня і доўжыўся да снежня 1943 г. У гэты перыяд партызаны Беларусі знішчылі больш як 90 тыс. рэек, пусцілі пад адхон звыш 1 тыс. цягнікоў, узарвалі 72 чыгуначныя масты. Усяго за два этапы было знішчана звыш 211 тыс. рэек, у выніку чаго перавозкі праціўніка на тэрыторыі Беларусі скараціліся на 40 працэнтаў. Трэці этап «рэйкавай вайны» партызаны рэспублікі ажыццявілі напярэдадні і падчас правядзення аперацыі «Баграціён».

Дыверсія на чыгунцы.

У пачатку наступлення

— А калі пачалося непасрэднае ўзаема­дзеянне вайсковых частак і партызанскіх атрадаў і брыгад?

— З прыбліжэннем Чырвонай Арміі да межаў Беларусі і асабліва з пачаткам вызвалення яе першых раёнаў пачынаецца цеснае тактычнае ўзаемадзеянне партызанскіх фарміраванняў з Чырвонай Арміяй. Восенню 1943 г. у тактычнае ўзаемадзеянне з Чырвонай Арміяй уступілі партызанскія фарміраванні Віцебскай, Магілёўскай, Палескай і Гомельскай абласцей. У канцы верасня — пачатку кастрычніка 1943 г. з войскамі Бранскага фронту на рубяжы рэк Проня і Сож узаемадзейнічалі 7 партызанскіх брыгад і 15 партызанскіх атрадаў Магілёўскай і Гомельскай абласцей. Актыўную баявую дзейнасць у міжрэччы Дняпра і Проні вялі некалькі партызанскіх фарміраванняў, у тым ліку партызанскае злучэнне «Трынаццаць» пад камандаваннем Сяргея Уладзіміравіча Грышына, сфарміраваны з папаўнення 15-ы партызанскі полк Аляксандра Сяргеевіча Дзямідава, 17-я партызанская брыгада Мікалая Кітаева, 48-ы і 720-ы партызанскія атрады Быхаўскай ваенна-аператыўнай групы. Партызаны вялі няспынныя баі з адступаючымі часцямі ворага і з дня на дзень чакалі радаснай падзеі — злучэння з Чырвонай Арміяй. 

Гітлераўцы, каб ачысціць свае бліжэйшыя тылы, кінулі супраць партызан каля 25 тыс. чалавек і заблакіравалі партызан. Калі стала вядома, што фронт спыніўся і разлічваць на хуткі падыход савецкіх войск нельга, было прынята рашэнне ісці на прарыў. 18 кастрычніка яны з боем прарвалі акружэнне і выйшлі ў паўднёва-ўсходнім напрамку, а затым, разбіўшыся на групы, прасочваліся на правы бераг Дняпра.

Другой адметнай асаблівасцю гэтага перыяду з’яўляецца тое, што цэнтрамі планавання, каардынацыі і забяспячэння баявых аперацый партызанскіх сіл становяцца прадстаўніцтвы — аператыўныя групы БШПР пры ваенных саветах франтоў і армій. Гэта давала ім магчымасць атрымліваць аператыўную разведвальную і іншую інфармацыю ад партызан, а таксама ўлічваць наяўнасць партызанскіх сіл пры падрыхтоўцы і правядзенні франтавых і армейскіх аперацый.

Эшалон да фронту не трапіў.


20 кастрычніка 1943 г. Цэнтральны фронт быў перайменаваны ў Беларускі. Тут таксама было створана прадстаўніцтва ЦШПР і БШПР, яму падпарадкаваліся Гомельскае, Магілёўскае, Брэсцкае і Пінскае абласныя партызанскія злучэнні. Адпаведныя аператыўныя групы БШПР былі створаны на 1-м, 2-м, 3-м Беларускіх і 1-м Прыбалтыйскім франтах. 

Гарады вызвалялі разам

З першых дзён уступлення перадавых часцей на тэрыторыю Беларусі пачалося паўсюднае баявое ўзаемадзеянне воінаў і партызан. 23 верасня 1943 г. войскамі 13-й арміі Цэнтральнага фронту быў фарсіраваны Днепр і вызвалены першы раённы цэнтр Беларусі — г.п. Камарын Палескай вобласці. Актыўную дапамогу савецкім воінам пры правядзенні перапраў на Дняпры аказалі партызаны атрада імя К.Я. Варашылава, якія дзейнічалі на тэрыторыі раёна. 

Войскі 50-й арміі генерал-лейтэнанта І.В. Болдзіна 26 верасня вызвалілі раённы цэнтр Хоцімск Магілёўскай вобласці. Як бачна з архіўных дакументаў і матэрыялаў, камандаванне арміі таксама мела цесныя сувязі з партызанамі вобласці. 

Цеснае тактычнае ўзаемадзеянне партызан і вайскоўцаў было звычайнай справай і для партызан Гомельскага і Палескага партызанскіх злучэнняў. Падчас Гомельска-Рэчыцкай аперацыі вялізную дапамогу савецкім войскам аказвалі беларускія партызаны, якія фактычна паралізавалі рух на чыгуначных дарогах Жыткавічы — Калінкавічы, Калінкавічы — Жлобін, Оўруч — Мазыр, Магілёў — Жлобін. Ва ўзаемадзеянні з войскамі партызаны вызвалілі і ўтрымлівалі да падыходу Чырвонай Арміі 34 населеныя пункты. Цеснае баявое ўзаемадзеянне з войсками 61-й і 65-й армій ажыццяўлялі партызаны Палескай вобласці. Так, партызаны 37-й Ельскай партызанскай брыгады сумесна з 12-м гвардзейскім палком 415-й стралковай дывізіі 27 лістапада выбілі ворага з Ельска і потым тры дні мужна адбівалі контратакі буйных сіл. А 30 снежня сумесна з вайскоўцамі выбілі гітлераўцаў з Нароўлі. Актыўнае баявое ўзаемадзеянне з войскамі 65-й арміі падтрымлівалі партызаны Мінскага злучэння. Шэраг партызанскіх фарміраванняў пасля злучэння з Чырвонай Арміяй працягвалі барацьбу як самастойныя адзінкі, прыкрываючы флангі і ўтрымліваючы асобныя ўчасткі.

Атрад ідзе на заданне.

Такім чынам, падчас асенне-зімовай кампаніі 1943—1944 гг. ад нямецкіх войскаў была ачышчана значная тэрыторыя Беларусі (прыкладна пятая частка), 2 абласныя і 36 раённых цэнтраў Беларусі, ад фашысцкай няволі вызвалены сотні тысяч жыхароў краіны. 

valk@sb.by

(Працяг будзе)
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter