У цені папараць-кветкі

Шлюб не ратуе ад адзіноты У рамане Рэмарка “Пазычанае жыццё” сюжэт круціцца вакол лёсаў двух чалавек: гоншчыка Клерфэ і хворай на сухоты паненкі па імені Ліліян. Ліліян ведае, што ёй засталося жыць нядоўга, і таму любоўную сувязь са спартсменам яна не разглядае як нешта сур’ёзнае. Дакладней, яна ведае, што як бы далёка ні зайшлі дачыненні — быць разам ім не наканавана. Бо смерць ужо стаіць на ганку дома дзяўчыны. Клерфэ між тым не ведае, што неўзабаве сам разаб’ецца ў Італіі...

Шлюб не ратуе ад адзіноты

У рамане Рэмарка “Пазычанае жыццё” сюжэт круціцца вакол лёсаў двух чалавек: гоншчыка Клерфэ і хворай на сухоты паненкі па імені Ліліян. Ліліян ведае, што ёй засталося жыць нядоўга, і таму любоўную сувязь са спартсменам яна не разглядае як нешта сур’ёзнае. Дакладней, яна ведае, што як бы далёка ні зайшлі дачыненні — быць разам ім не наканавана. Бо смерць ужо стаіць на ганку дома дзяўчыны. Клерфэ між тым не ведае, што неўзабаве сам разаб’ецца ў Італіі...

Ліліян жа, не здагадваючыся пра тое, што любы мужчына памрэ раней за яе, прапанову Клерфэ выйсці за яго замуж адхіляе, бо не хоча пакінуць свайго спадарожніка ўдаўцом. Зрэшты, ці толькі па гэтай прычыне? Яна спрабуе глыбей асэнсаваць: а нашто ўвогуле двум чалавекам быць разам?
Ліліян сама сабе прызнаецца ў тым, што “любіла” Клерфэ з той прычыны, што “ён, як і я, не мае будучыні”. Так Рэмарк вуснамі сваіх герояў фармулюе адну з трагічных асноў гэтага (і ці толькі гэтага?) чалавечага саюза: мы разам, каб раздзяляць гора. Хаця, здавалася б, шлюб павінен прыносіць радасць! Аднак Ліліян касуе гэтую думку гісторыяй, якую яна пачула ў санаторыі для хворых на сухоты.
— Хворы шахматыст у нашым санаторыі сказаў, што ў хвіліну смяротнай самоты добра мець побач з сабою блізкага чалавека. Не ведаю, ці мае ён рацыю; мне думаецца, што ў такія імгненні людзі так безнадзейна адзінокія, што яны і не заўважаць, калі вакол іх ложка збярэцца цэлы гурт блізкіх людзей. Каміла Албеі — яна памерла ў санаторыі — хацела, каб хаця б адзін з яе каханкаў прысутнічаў пры яе сконе, яна вырашыла застрахаваць сябе ад розных выпадковасцей і з велізарным намаганнем падтрымлівала стасункі адразу з трыма паклоннікамі; на працягу дня ўсіх іх можна было сабраць каля яе ложка — яна паклапацілася нават пра гэта. Свой апошні раман з адным агідным нахабнікам яна менавіта таму зацягнула звыш усякай меры... Камілу Албеі пераехала машына на ціхай вясковай вулцы; яна памерла праз паўгадзіны. Каля яе нікога не было, нават таго нахабніка. Ён сядзеў у кандытарскай Кіндлера і еў шакаладныя пірожныя з узбітымі вяршкамі, і нікому не магло прыйсці ў галаву, што ён там. Камілу трымаў за руку вясковы паліцыянт, якога яна бачыла першы раз у жыцці. І яна яму была так удзячна, што хацела пацалаваць руку. Але ўжо не паспела.
Ліліян як магла ўхілялася ад адказу на пытанне Клерфэ, ці згодна яна стаць яго жонкай... Парадаксальна, але маючы патрэбу ў апірышчы па жыцці, хай сабе кароткім, дзяўчына ад яго адмаўляецца.
Але чаму ён павінен быць, гэты фармальны саюз дзвюх істот? Дзеля таго, каб было камусьці прынесці шклянку вады перед смерцю? Каміла Албеі пры ўсёй яе вынаходлівасці, як бачым, атрымала гэтую “шклянку” з рук невядомага, чужога чалавека, ды яшчэ паліцыянта! Усе яе намаганні ўладкаваць уласнае жыццё не былі варты выедзенага яйка...
Калі хлопца ці дзяўчыну штурхаюць скарэй ствараць сваю “суполку грамадства”, бегчы ў загс ставіць штамп у пашпарт, “добразычліўцы” не ўсведамляюць, што шлюб — не забава. Вяселле — не гулянка, а сур’ёзны рытуал, калі два чалавекі злучаюцца назаўжды. Мы прывыклі, што разводы — ужо нібы і норма жыцця. І здзекліва пазіраем на некаторыя каталіцкія краіны Еўропы, дзе забаронены аборты, дзе немагчыма юрыдычна аформіць расстанне, бо там шлюб заключаецца раз і навечна.
На парозе свайго 30-годдзя я думаю, што калі і жанюся, то не дзеля нараджэння дзяцей або шклянкі вады пры смерці (ці не смешна: чакаць смерці як Каміла Албеі?). Ну і не таму, што мама хоча ўнукаў (а яна ўжо не можа дачакацца, калі ж яна, зусім не старая жанчына, стане бабуляй!). Каханне — як папараць-кветка: кажуць, не ўсім дадзена яе адшукаць.
Гадоў дзесяць я спрабаваў знайсці сваё шчасце, браўшы ўдзел у народнай гульні пад назвай “Жаніцьба Цярэшкі”. Хлопцы і дзяўчаты паведамлялі выбраным “бацьку” і “матцы” імёны сваіх пасій, і “бацькі” зводзілі іх разам. Гэтак нашы продкі вынайшлі просты спосаб бліжэй пазнаёміць разам дваіх людзей, якія адно аднаму сімпатычныя, але саромеюцца ў гэтым прызнацца. На жаль, сапраўдных пар у час гульні склалася зусім мала.
Ліліян жа, як мне здаецца, магла сказаць Клерфэ “так”. Прынамсі, ён адчуў бы сябе шчаслівым — хаця б на некалькі дзён, пакуль не разбіўся ў шалёнай гонцы за прывіднай перамогай у аўтаралі...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter