У телевизора з пiсьменнiкам Уладзiмiрам Лiпскім

Скажу па шчырасцi, мне, як чалавеку з заснежанай галавой, няпроста падабраць праграму па душы. Але ёсць шэраг праектаў, на якiя я заўжды гатовы патрацiць свой час. Гэта ўсё тое, дзе iдзе размова пра дзяцей i пра iх таленты. Не саромеюся прызнацца, што часам гляджу нават мульцiкi. Урэшце, да апошняй рысы жыцця чалавек цiкавы ўсiм, пакуль дзiцячымi вачыма пазiрае на свет. Да таго ж усё сваё свядомае жыццё я шчырую для дзяцей. I як пiсьменнiк, i як старшыня Беларускага дзiцячага фонду, i вось ужо 40 год як рэдактар «Вясёлкi». Дарэчы, не так даўно да кампанii «Вясёлкi» далучылiся часопiсы «Буся» i «Домiк», наш першы «глянец» для дзяцей. А неўзабаве ў тэатры iмя Купалы будуць падводзiцца вынiкi конкурсу «Чытаем па–беларуску». Ад iмя старшынi журы, у якасцi якога выступаю, праз газету хачу звярнуцца да нашых тэлеканалаў — завiтайце туды 11 мая з камерай. З усёй Беларусi на конкурс даслалi 2,5 тысячы вiдэаролiкаў. 35 лепшых чытальнiкаў, якiх мы выбралi, — амаль гатовыя артысты, здольныя зрабiць сапраўды ўнiкальнае шоу. I тэлепраекты накшталт дзiцячага «Голасу» або расiйскага ж фестывалю «Сiняя птушка», якiя я гляджу часам не без зайздрасцi, было б выдатна зладзiць на нашай тэрыторыi. У Беларусi шмат таленавiтых, арыгiнальных, цiкавых дзяцей, на маю думку, менавiта яны павiнны стаць асноўнай тэмай на галоўных тэлеканалах. Бо дзяцей яшчэ можна выхоўваць. А дарослых — хiба што забаўляць.

Такiм чынам, першае, што затрымала маю ўвагу ў тэлепраграме новага тыдня — анiмацыйны фiльм «Iван–царэвiч i Шэры Воўк», усе тры часткi якога, выбраўшы зручны час, можна паглядзець у панядзелак або аўторак з каналам «Беларусь 2». Абавязкова скарыстайце гэтую магчымасць. Раю ўсiм. Не толькi таму, што сучасныя мульцiкi такiя яркiя, дасцiпныя i насычаныя падзеямi. Можа атрымацца вельмi цiкавы сямейны ўрок. Сядайце на канапу разам з дзецьмi, глядзiце, абмяркоўвайце. Гэта будзе весела. I абавязкова запомнiцца.

Выдатна, што падчас майскiх святаў адразу некалькi тэлеканалаў згадалi пра такiя выдатныя дзiцячыя фiльмы, як «Вышэй за Вясёлку», «Прыгоды Пятрова i Васечкiна». Такое кiно яшчэ рана здаваць у архiў. Гэта i на сённяшнi час вельмi разумныя гiсторыi, якiя могуць дапамагчы сваёй юнай аўдыторыi разабрацца ў пачуццях i ўчынках. Вам здаецца, што сучасныя дзецi iншыя? Гэта свет iншы, а дзецi ўсё тыя ж.

Увогуле, у сваiх глыбiнных жаданнях людзi не надта адрознiваюцца ад папярэднiх пакаленняў, што я адзначаю кожным разам падчас сваiх шматлiкiх паездак. Таму так прадказальна ў святочныя днi ў тэлепраграме з’яўляецца столькi добрых старых стужак, неўмiручых савецкiх камедый. Натуральна, i я не магу iх праiгнараваць. Мой асабiсты «тэлетыдзень» пачнецца ў 10.20 з тэлеканалам «РТР–Беларусь» i фiльмам Васiлiя Шукшына «Печкi–лавачкi». Кiно сапраўды народнае, вельмi простае i адначасова надзвычай мудрае. Можна глядзець яго дзеля аднаго толькi Шукшына. Але ж там i Санаеў, i Буркоў, i Гердт, i iншыя зоркi савецкага экрана, якiя iснуюць у гэтым фiльме так натуральна, быццам наўпрост з жыцця ўвайшлi ў кадр. Абавязкова буду глядзець, i вы далучайцеся.

У сераду «Культура» запрашае ў 23.15 разам з Марынай Неёлавай згадаць пра Фаiну Ранеўскую. Ведаю, што абедзве былi больш чым проста калегамi, перадача дакладна вартая i цiкавая. Ну а з каналам «Беларусь 3» i праектам Аляксандра Дамарацкага «Святло далёкай зоркi» ўвесь тыдзень буду згадваць пра тых, хто быў блiзкiм асабiста мне. Хаця спецыяльнай нагоды, каб згадваць гэтых людзей, мне не трэба. Як пiсаў Уладзiмiр Караткевiч пра аднаго свайго сябра: «Мы рэдка сустракалiся, але я заўсёды адчуваў, што ён ёсць». Магу так сказаць i пра выдатнага паэта i пiсьменнiка Алега Лойку, якi ў свой час шмат друкаваўся ў «Вясёлцы» i чые вершы я перачытваю дагэтуль, — у панядзелак сваю праграму Аляксандр Дамарацкi прысвячае менавiта яму. I пра свайго настаўнiка Рыгора Булацкага, успамiнам пра якога «Святло далёкай зоркi» адзначыць Дзень друку ў суботу. Гэта быў сапраўды незвычайны чалавек, якi нават праз вайну захаваў талент глядзець на свет дзiцячымi вачыма. Вельмi хачу, каб i вы паглядзелi гэтую перадачу, упусцiлi ў душу такую незвычайную асобу, магчыма, нават нечаму навучылiся б у Рыгора Васiльевiча. Ён умеў любiць, цанiць i ўзвышаць людзей.

cultura@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Автор фото: Виталий ГИЛЬ
Загрузка...