Что посмотреть на этой неделе: советует поэт Наум Гальперович

У тэлевізара з паэтам Навумам Гальпяровiчам

Тры праграмы, якiя абавязкова трэба паглядзець на гэтым тыднi 

Суразмоўцы, якiх хочацца слухаць

Хацелася б прапанаваць гледачу далучыцца да гутаркi ў маёй аўтарскай праграме «Суразмоўцы», выпуск якой будзе 14 сакавiка на канале «Беларусь 3» у 20.25. Мой госць — загадчык кафедры рэдакцыйна‑выдавецкiх тэхналогiй БДТУ Уладзiмiр Кулiковiч. Уладзiмiр Iванавiч — кандыдат фiлалагiчных навук, вядомы мовазнаўца, па ягоных праграмах многiя школьнiкi здаюць iспыты, удзельнiчаюць у алiмпiядах. Нядаўна ён выпусцiў кнiжку «Алiмпiёнак» з тэстамi для ўдзельнiкаў алiмпiяд па беларускай мове. Гэта вельмi цiкавы чалавек, якi ведае шмат пра Беларусь, пра сваю малую радзiму, дзе часта бывае… Дзе менавiта? Глядзiце выпуск! Прыемна, калi госцi маёй перадачы выклiкаюць цiкавасць у гледачоў, калi атрымлiваецца рэзананс. Так было пасля нядаўнiх перадач з паэтам Вiктарам Шнiпам, маладой паэткай Настай Кудасавай, з адным са старэйшых нашых пiсьменнiкаў Кастусём Цвiркам. 

Асаблiва запомнiлася праграма з Анхелай Эспiносай Руiс, маладой iспанкай, якая вывучыла беларускую мову, пiша на ёй цудоўныя вершы i перакладае нашых паэтаў. 

Хачу звярнуць увагу, што 10 сакавiка адбудзецца паўтор выпуску перадачы «Суразмоўцы» з удзелам дырэктара Дзяржаўнага лiтаратурнага музея Янкi Купалы Аленай Ляшковiч. Гэта чалавек, якi шмат зрабiў па ўвекавечаннi памяцi Янкi Купалы, i асаблiва, што тычыцца папулярызацыi яго творчасцi за межамi Беларусi. Дзякуючы Алене Раманаўне з’явiлiся бюсты i памятныя шыльды, прысвечаныя Янку Купалу, у Славакii, Грузii i iншых краiнах. Алена Ляшковiч — адна са складальнiкаў i iнiцыятараў з’яўлення ўнiкальнай кнiгi, якая выйшла ў выдавецтве «Мастацкая лiтаратура», — санетаў Купалы на мовах свету. 

Таямнiцы беларускай архiтэктуры

Лiчу, што нельга пакiдаць без увагi ўсё, што запаўняе белыя плямы нашых ведаў пра мiнулае краiны. У чацвер 12 сакавiка ў 17.30 на канале «Беларусь 3» пастараюся не прапусцiць стужку «Iосiф Лангбард. Драма архiтэктара». Гэта дакументальны фiльм з цыкла «Зваротны адлiк». Легендарны архiтэктар, вельмi цiкавы чалавек, складаная эпоха, складанае жыццё… Пасля прагляду, упэўнены, кожны пачне па‑новаму бачыць усiм вядомыя будынкi Мiнска, узведзеныя гэтым дойлiдам. Зрэшты, у кожным выпуску праграмы «Зваротны адлiк» адкрываюцца нейкiя таямнiцы беларускай гiсторыi.

Мудрае, смешнае i шчымлiвае кiно

Люблю пераглядаць добрае старое кiно. На канале «Культура» у суботу 14 сакавiка ў 10.20 пакажуць фiльм «Золотой теленок», экранiзацыю вядомага рамана, зняты ў 1968 годзе рэжысёрам Мiхаiлам Швейцарам. Класiка i лiтаратуры, i кiнематографа! Увогуле творы Iльфа i Пятрова, як i экранiзацыi, расцягалi па цытатах, на любы выпадак жыцця ёсць цытаты i з гэтай карцiны. Асаблiва мне падабаецца сатырычны вобраз Васiсуалiя Лаханкiна. Адзначыў бы блiскучую iгру Сяргея Юрскага. Астап Бендэр у яго выкананнi, нягледзячы на тое, што ён авантурыст i прайдзiсвет, чалавек з сумнымi разумнымi вачыма. I гэтая роля — адна з самых лепшых роляў вялiкага акцёра, якi не так даўно пайшоў з жыцця. 

cultura@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter