У телевизора с поэтом Алесем Бадаком

«Тры праграмы, якiя мяне ўсхвалявалi»

Таямнiцы Купалаўскага

Абавязкова на канале «Беларусь 3» 27 студзеня ў 19.50 пагляджу чарговы выпуск аўтарскага праекта Наталлi Бiбiкавай «Сто дзён з Купалаўскiм». Ён прымеркаваны да 100‑га сезона Купалаўскага тэатра i дазваляе не толькi ўбачыць, што робiцца на сцэне, але i зазiрнуць за кулiсы, у вытворчыя цэхi, пабачыць артыстаў i тых, каго публiка звычайна не бачыць, але хто таксама стварае цуд тэатра. Лепшыя беларускiя кiнастужкi ведаюць усе, iх можна знайсцi, спампаваць, перагледзець. А ў нас ёсць не менш выдатны беларускi тэатр — Купалаўскi, якi мае багатую гiсторыю. Але, на вялiкi жаль, многiя ведаюць яго толькi завочна i не заўсёды на слыху iмёны выдатных акцёраў, рэжысёраў, драматургаў, мастакоў сцэны. I тэлебачанне тут вельмi дапамагае. Знiкае пакаленне вялiкiх акцёраў, i ўсё, што застаецца ад iх, захоўваецца ў фондах беларускага тэлебачання цi радыё — калi казаць пра артыстаў, якiя запiсвалi радыёспектаклi. Трэба ствараць летапiс нацыянальнага тэатра, якi дасць магчымасць убачыць i пачуць ва ўсiх падрабязнасцях яго жыццё.

Залаты голас аперэты

I яшчэ адзiн знакавы юбiлей будзе адзначацца на гэтым тыднi на канале «Беларусь 3» — 50‑годдзе Беларускага дзяржаўнага акадэмiчнага музычнага тэатра. У суботу, 1 лютага, у 14.50 — гала‑канцэрт «Залаты россып аперэты», а ў 15.55 — перадача «Камертон», прысвечаная народнай артыстцы Беларусi Наталлi Гайдзе, зорцы беларускай аперэты. Нядаўна ў выдавецтве «Мастацкая лiтаратура», якiм я кiрую, у серыi «Наш сучаснiк» выйшла кнiга «Наталия Гайда. Примадонна. Штрихи к портрету», прымеркаваная да 80‑годдзя спявачкi. Я ведаў яе як актрысу, але, калi пачалася праца над кнiгай, падчас асабiстых сустрэч Наталля Гайда адкрылася мне як унiкальны чалавек, вельмi добры, шчыры, светлы. Святло, якое ў мяне засталося пасля нашых размоў, перакананы, адчуюць i людзi, якiя пачытаюць кнiгу, i гледачы перадачы. Добра, што кнiга «Примадонна» паказвае гераiню з розных бакоў, вачыма розных людзей, таму партрэт атрымаўся выразны, шматколерны i праўдзiвы. Чакаю, што перадача пра Наталлю Гайду таксама акажацца шматколернай, бо жыццё гераiнi вартае не толькi дакументальнай кнiгi i перадачы, але можа стаць асновай мастацкага фiльма — у Расii, напрыклад, зараз здымаюць шмат серыялаў пра знакамiтых люзей, спадзяюся, так будзе i ў нас. А пакуль мы цешымся, што Наталля Гайда з намi, што да сённяшняга дня выходзiць на сцэну, спявае, можа нават станцаваць.

Старое кiно не значыць устарэлае

У лепшых фiльмаў савецкага часу асаблiвая аура, ад iх iдзе нейкая дзiвосная энергетыка, якую, на жаль, не ўдаецца паўтарыць сучасным рэжысёрам, сцэнарыстам i акцёрам. Два такiх выдатных светлых фiльма якраз пакажуць на канале ОНТ. 1 лютага ў 9.10 — легендарная стужка «За двумя зайцамi», 2 лютага ў 13.15 — не менш легендарнае «Вяселле ў Малiнаўцы». Гэтыя карцiны разбiралi на цытаты, пераглядалi шмат разоў, iх герояў шчыра любiлi… Вялiкая загадка: як у не самыя простыя часы ўзнiкалi такiя яркiя фiльмы, якiя жывуць па сённяшнi дзень? Да савецкага кiно адносiны неадназначныя. Часам сустракаеш з’едлiвыя каментарыi, што там усё прыхарошанае. Справа ў тым, што мастацтва заўсёды абагульвае, стварае вобраз. I хiба сярод галiвудскiх фiльмаў мала казак для дарослых пра амерыканскую мару? Так, iснуе дастатковая колькасць выдатных фiльмаў пра трагiзм эпохi. Але мне здаецца, самае доўгае жыццё i самы масавы глядач у такiх светлых, крышку наiўных i амаль казачных фiльмаў. Не кажучы пра тое, што абедзве стужкi для меня звязаны з маiм дзяцiнствам i паўтары гадзiны, седзячы перад экранам, адчуваеш сябе ў iншым часе, калi дрэвы былi вялiкiмi.
8 студзеня з’явiўся ўказ Прэзiдэнта ­Аляксандра ­Лукашэнка аб узнагароджаннi дырэктара выдавецтва «Мастацкая лiтаратура» Алеся Бадака ордэнам Францыска Скарыны. Мы вiншуем Алеся Мiкалаевiча з гэтай высокай узнагародай!
cultura@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter