В Минске в Национальном художественном музее прошел рождественский концерт детей с аутизмом

У талента няма абмежаванняў

Да сярэдзіны мінулага стагоддзя расстройства аўтычнага спектру як захворванне не пазначалі — дзецям і дарослым звычайна дыягназавалі шызафрэнію і адпраўлялі на лячэнне ў псіхіятрычныя клінікі, дзе іх стан толькі пагаршаўся. Сёння асаблівыя дзеці з дыягназам аўтызм могуць навучацца ў звычайнай школе, заводзіць сяброў, карыстацца камп’ютарам і тэлефонам, праяўляць сябе ў спорце і творчасці. Галоўнае, у чым маюць патрэбу адметныя хлопчыкі і дзяўчынкі, — разуменне і падтрымка тых, хто іх акружае, грамадскасці.

Фота Максіма Малікава

Гэта важна для ўсіх нас — уключаць дзяцей з асаблівасцямі псіхалагічнага або фізіялагічнага развіцця ў актыўнае грамадскае жыццё, лічыць Ларыса Вішнеўская, выкладчык па класу фартэпіяна Мінскага гарадскога палаца дзяцей і моладзі:

У мяне займаюцца 11 дзетак з аўтызмам. Ці складана? Я не праводжу ніякага раздзялення паміж вучнямі. З упэўненасцю магу сказаць, што хлопчыкі і дзяўчынкі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця — таксама здольныя маленькія артысты, у якіх ёсць і музычны слых, і адчуванне гармоніі, і жаданне вучыцца музыцы.

Пераканацца ў гэтым можна было на канцэрце “Каляды: госці з будучыні”, на якім такія дзеці спявалі, ігралі на музычных інструментах, паказвалі тэатральныя сцэнкі.

Ларыса Вішнеўская ўпэўнена: творчасць для іх — не проста прыемнае баўленне часу. Заняткі музыкай стымулююць іх камунікатыўныя навыкі, развіваюць маўленне, прасторавыя ўяўленні, каардынацыю рухаў. Кожныя поспехі напаўняюць дзяцей радасцю і яркімі ўражаннямі. Музычная дзейнасць заўсёды эмацыянальна напаўняе не толькі саміх маленькіх музыкаў, але і іх бацькоў, што таксама немалаважна.


Інклюзіўныя канцэрты — з’ява для нашай краіны пакуль не надта распаўсюджаная. За мяжой выступленні ансамбляў, якія складаюцца напалову з прафесійных музыкантаў, а напалову з людзей з асаблівасцямі або парушэннямі здароўя, справа звыклая. Музыка сцірае абмежаванні і дазваляе кожнаму праявіць сябе. Дзякуючы такой камунікацыі наладжваюцца шчырыя міжасабовыя зносіны. Гэта таксама магчымасць усталяваць духоўны кантакт праз суперажыванне не толькі паміж самімі музыкантамі, але і са слухачамі.

Разам з маленькімі артыстамі мы напаўняем свет музыкай, і кожная, нават самая нязначная партыя ў выкананым творы не менш важная, чым галоўная. Без яе не будзе паўнаты гучання, — падсумоўвае Ларыса Вішнеўская. — Музычнае развіццё з ранняга дзяцінства, удзел у канцэртах, апладысменты і падтрымка гледачоў — гэта яшчэ адна магчымасць даць шанец на будучае, на прафесію для дзяцей з асаблівасцямі развіцця.

Канцэрт у зале Нацыянальнага мастацкага музея, у якім нароўні са звычайнымі дзецьмі выступілі дзеці з асаблівасцямі, ладзіцца ў трэці раз. І складана было іншы раз зразумець, дзе сярод юных артыстаў “асаблівыя”. Усе аднолькава добра спявалі, танчылі, ігралі. Аднолькава перажывалі, хваляваліся, радаваліся. А пасля выступлення спяшаліся да педагога, абдымаліся і дзяліліся ўраджаннямі.

Ім дружна апладзіравалі і дарылі шчырыя ўсмешкі. На жаль, доўгі час у нас было прынята лічыць, што дзецям з аўтызмам не пажадана подоўгу кантактаваць з равеснікамі. Маўляў, гэта іх траўміруе.

Фота аўтара

Канешне, гэта не так, — дзеліцца Вера Жыбуль. — Наш старэйшы сын Кастусь ужо не першы год удзельнічае ў пастаноўках сямейнага інклюзіўнага тэатра “І”. Яму падабаецца выступаць, гэта прыносіць радасць. Ведаеце, ён сам напісаў казку “Чыгунка”, і па яго творы паставілі спектакль. Вельмі важна, што на адной сцэне са звычайнымі дзецьмі выступаюць дзеці з асаблівасцямі. Пасля сумесных тэатральных заняткаў Кастусь стаў больш смелы і ўпэўнены, ён больш лёгка ўключаецца ў кантакты, без сарамлівасці размаўляе з гледачамі і кіруе інтанацыяй. Вынікі неверагодныя, для аўтыстаў самае галоўнае — іх сацыялізацыя, і гэтага немагчыма дамагчыся ніякімі лекамі!

Дыягназ хлопчыку паставілі, калі яму было 4 гады.

Гэта наш першы сын, ён малечай быў такі абаяльны, — кажа Вера. — Але надыходзілі моманты, калі мы не маглі растлумачыць яго паводзіны. Ён мог занадта хвалявацца, пачаць крычаць, скакаць, і гэта немагчыма было спыніць. Калі паставілі дыягназ аўтызм, усё стала на свае месцы. Зразумела, што нейкія незвычайныя ўчынкі ён рабіў незламысна. Гэта проста асаблівасці паводзін...

Развіваць творчы пачатак у дзяцей з аўтызмам можна і трэба. Творчасць дапамагае ім адчуваць сябе паўнавартаснымі, раскрываць уменні і здольнасці, якія на самай справе ёсць у кожнага дзіцяці. А магчыма, гэта падкажа бацькам будучы занятак ці нават прафесію для свайго асаблівага дзіця.
ДАРЭЧЫ

Хочаце пазнаёміцца бліжэй з творчасцю адметных дзетак? Прыходзьце 12 студзеня на святочны канцэрт, які адбудзецца на сцэне Мінскага гарадскога палаца дзяцей і моладзі.
kristinahilko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter