Глыбокае летась адзначыла 600-гадовы юбілей

У такой «правінцыі» хочацца жыць і працаваць

Глыбокае, якое летась адзначыла 600-гадовы юбілей, называюць  еўрапейскім горадам. Нягледзячы на свой сталы ўзрост, ён за апошнія пяць гадоў памаладзеў, папрыгажэў. Набылі сучасныя рысы старыя і з’явіліся новыя сацыяльныя аб’екты: мікрараён Паўночны, першая гарадская школа, гарадскі Дом культуры з танцавальнай залай, стаматалагічная паліклініка, дзіцячая мастацкая школа імя Язэпа Драздовіча, бібліятэка сямейнага чытання, стадыён і спартыўная зала, дзіцячая пляцоўка ”Брыганціна” і іншыя. Добраўпарадкаваны цэнтральная плошча горада і набярэжная возера Кагальнае, якая прызнана нядаўна лепшай у рэспубліцы. Адкрыты сквер знакамітых землякоў, устаноўлены скульптуры, звязаныя з гісторыяй горада. У тым ліку яго брэнду — вішні.


Старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег МОРХАТ на ад-крыцці дзіцячай пляцоўкі “Брыганціна”

Нездарма ў 2013 годзе Глыбокае прызнана самым прыгожым горадам Беларусі.

У многім гэта заслуга старшыні Глыбоцкага райвыканкама Алега Морхата і яго каманды. Ён жа ў сваю чаргу заўважае, што ўсе глыбачане шчыравалі дружна, ра- зам, і выказвае падзяку за падтрымку кіраўніку парламента Уладзіміру Андрэйчанка, былому старшыні Віцебскага облвыканкама Аляксандру Косінцу і цяперашняму — Мікалаю Шарснёву.

Але, як кажуць, пад ляжачы камень вада не цячэ: хто працуе, таму і дапамагаюць!


Стаматалагічная паліклініка

Чатырохпакаёвая кватэра шматдзетнай сям’ і Хаванскіх

Той, хто не быў у Глыбокім гадоў пяць, незнарок задумваецца, ці  сюды трапіў. У мікрараёне Беразвечча, дзе была на ўскраіне пустэча, вырас цэлы квартал прыгажуноў-дамоў: восем 60-кватэрных і два 57-кватэрных. Падобнага не здаралася нават у самыя квітнеючыя гады  былога Савецкага Саюза. Але і гэта яшчэ не ўсё. У мікрараёне, які цяпер называецца  Паўночны, навасёламі сталі ажно паўтысячы маладых сем’яў, значная частка якіх — шматдзетныя.

З адной такой сям’ёй, Ігара і Святланы Хаванскіх, якія маюць чацвярых дзяцей, мы пазнаёміліся.

Будаўніцтва дзіцячага сада ў мікрараёне Паўночны

Святлана тутэйшая, з вёскі Лазічы, а вось Ігар — з Казахстана, але карані ў яго беларускія. Калісьці, яшчэ ў другой палове мінулага стагоддзя, дзядуля  і бабуля Ігара выехалі па камсамольскай пуцёўцы на цаліну, ды там і засталіся. Вярнуліся на радзіму з унукам пад канец свайго жыцця. Ігар трапіў на службу ў Віцебск, у дэсантную часць. Там, у абласным цэнтры, пазнаёміўся са Святланай, якая вучылася на медсястру. Узялі шлюб.

— Спачатку жылі ў вёсцы, у маіх бацькоў, — расказвае Святлана, — потым у аграгарадку. Неўзабаве нам па рашэнні райвыканкама выдзелілі чатырохпакаёвую кватэру плошчай 98 квадратных метраў у Глыбокім. Так як мы з’яўляліся маладой сям’ёй і мелі дваіх дзяцей, то аплата за яе была спачатку толькі 50 працэнтаў кошту з растэрміноўкай на 40 год і пагашэннем крэдыту пад 1 працэнт гадавых. Калі нарадзілася дачка, нам скасавалі яшчэ 25 працэнтаў. Са з’яўленнем чацвёртага дзіцяці плаціць увогуле больш  не трэба. Фактычна дзяржава падарыла нам такую шыкоўную кватэру. Не ведаю, у якой яшчэ краіне падобнае можа быць?! 


Стары будынак СШ №1

Новая СШ № 1

Пакуль Хаванскія возяць сваіх сыноў Алёшу і Ягорку ў СШ № 3 у раён малочна-кансервавага камбіната, а дачку Вікторыю — у садзік, які размешчаны там жа. З маленькім Мікіткам — яму ўсяго 2,5 годзіка — Святлана знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку дома. Але неўзабаве клопатаў з дзецьмі стане куды менш. У мікрараёне ўзводзіцца дзіцячы сад на 200 месцаў, які запланавана адчыніць у сакавіку наступнага года. Кошт аб’екта — 53 мільярды рублёў.  

А далей — болей. На аснове рашэння Глыбоцкага райвыканкама распрацаваны праект “Паўночны-2”, які прадугледжвае пашырэнне мікрараёна, дзе будуць пабудаваны восем  пяціпавярховых 60-кватэрных жылых дамоў, школа на 600 вучняў, аб’екты гандлю і быту.

З уведзенага ў эксплуатацыю жылля  за 2011—2014 гады і 7 месяцаў сёлятняга амаль палова, або 34,7 тысячы метраў квадратных, — індывідуальнае будаўніцтва. З мэтай яго далейшага развіцця, згодна з генпланам, распрацаваны і ўвасабляецца ў жыццё праект “Квартал  індывідуальнай жылой забудовы па вуліцы Радужная і прылягаючай тэрыторыі ў г. Глыбокае”,  які прадугледжвае будаўніцтва 169 індывідуальных жылых дамоў. Да будаўнічай пляцоўкі папярэдне падводзяцца вада, газ, электрычнасць, тэлефон...

Заканчваецца першая чарга названага аб’екта, на якой асвоена 17,8 мільярда рублёў, і распачата другая на 15,2 мільярда. Маладыя і шматдзетныя сем’і, якія вырашылі будавацца самастойна, карыстаюцца тымі ж прывілеямі, як і на атрыманне гатовага жылля ў шматкватэрным доме. І таму нездарма на індывідуальную забудову з поўнай інфраструктурай стварылася нават невялікая чарга.

Яшчэ адзін маштабны праект распачаты ў жніўні гэтага года ў Глыбокім — будаўніцтва агульнай каналізацыі з поўнай ачысткай сцёкавых вод. Толькі на першую яго чаргу будзе  выдаткавана  170 мільярдаў рублёў.

“Палац”  над возерам — школа

На высокім пагорку, над возерам, вырас бадай самы прыгожы будынак у горадзе — СШ № 1. Турысты з замежжа параўноўваюць яго па архітэктуры нават з палацам і не могуць паверыць, што гэта — звычайная адукацыйная школа. Хаця, агаворымся, звычайнай яе грэх называць. Вось што кажа дырэктар  установы Іна Сауліч:

— Раней на гэтым месцы былі некалькі даваенных глінабітных забудоў. Таму ўлады вырашылі разабраць іх і ўзвесці школу, што і было зроблена. А трэцяя чарга здадзена ў 2011 годзе. Выдаткавана 14 мільярдаў 850 мільёнаў рублёў: палова — з рэспубліканскага бюджэту і палова з абласнога. Мы вельмі ўдзячны нашаму дэпутату, старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміру Андрэйчанка, які асабіста браў шэфства над гэтай будоўляй.

Школа разлічана на 440 вучняў. Прасторныя вучэбныя кабінеты і актавая зала на 130 месцаў, спартыўная зала, цір, двухпавярховая сталовая, кабінет кулінарыі, швейная майстэрня і майстэрні па апрацоўцы драўніны і металу.

Гонарам з’яўляецца ўнікальны музей двойчы Героя Сацыялістычнай Працы авіяканструктара-земляка  Паўла Сухога, імя якога носіць школа. У музеі, створаным педагогам-энтузіясткай Тэрэсай Рабіза, сабрана звыш 300 экспанатаў. У тым ліку асабістыя рэчы авіяканструктара. Музей падтрымлівае цесную сувязь з родзічамі Паўла Сухога, яго саратнікамі, калектывам лётна-выпрабавальнага інстытута з Жукоўскага. Экскурсаводы музея, Максім Будзіч і Юлія Карніловіч, перамагалі ў абласных і рэспубліканскіх конкурсах.  

Летам гэтага года музеем праведзены тэлемост з Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнай навукова-тэхнічнай бібліятэкай г. Мінска. А 2 верасня ў школе праведзены адзіны ўрок, прысвечаны Паўлу Сухому.

saulich@bk.ru 

Фота аўтара

(Заканчэнне будзе.)

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter