Как проходит эфир программы «Такі дзень»

У «Такі дзень» не пераносяць фальшу і цэняць гумар

У студыі Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё ў час прамога эфіру папулярнай праграмы прысутнічала карэспандэнт «СГ»
З ВЯДУЧЫМ перадачы «Такі дзень», галоўным дырэктарам вытворчасці радыёпраграм Валерыем РАДУЦКІМ сустракаемся да пачатку вяшчання ў звычайным рабочым кабінеце. Галоўныя атрыбуты працы тут простыя: пісьмовы стол, камп’ютар і тэлефон. Праз дваццаць хвілін мы пойдзем у студыю, дзе ён будзе выступаць перад аўдыторыяй у камандзе са сваімі калегамі – намеснікам дырэктара інфармацыйнага і грамадска-палітычнага вяшчання Максімам УГЛЯНІЦАЙ і спецыяльным карэспандэнтам Таццянай ЦІТАВІЦКАЙ. Даведаемся аб тонкасцях іх працы. 

Галоўны дырэктар вытворчасці радыёпраграм Валерый РАДУЦКІ.
Галоўны дырэктар вытворчасці радыёпраграм Валерый РАДУЦКІ.

САЦЫЯЛЬНА-ПАЛІТЫЧНАЯ перадача, якая пачынаецца ў 16.30, упершыню пачала гучаць больш за два гады таму. Журналісты, якія падзелены на некалькі брыгад, выходзяць у эфір у вызначаныя даты. Яны самі выбіраюць цікавыя навіны і не проста начытваюць іх у мікрафон, але і каментуюць, прычым даволі эмацыянальна. 

— Дарэчы, не ўсе здольныя працаваць у прамым эфіры, — кажа Валерый Радуцкі і на маё пытанне, якім жа сёння трэба быць вядучаму «Такога дня», тлумачыць:

— Кожны павінен быць добра падкаваным у палітычнай і эканамічнай тэмах, пастаянна цікавіцца жыццём. Нямала залежыць на радыё і ад голасу, якому слухач зможа давяраць, бо не пераносіць фальшу. Але ж на першае месца я б паставіў пачуццё гумару. Як паказвае практыка, калі яно ёсць, тады чалавек — прафесіянал, і слухаць яго цікава. 

Агульнага сцэнарыя будучай размовы Валерый Радуцкі яшчэ не бачыў. Сёння так званы «першы нумар», Максім Угляніца, нясе галоўную адказнасць за выхад перадачы. Да апошняй хвіліны, і нават у час эфіру, у Інтэрнэце ён сочыць за навінамі, бо ў любы момант іх размова можа пайсці ў іншы бок. Другі і трэці «нумары» на працягу дня яму дапамагаюць і дасылаюць цікавыя факты. 

 Спецыяльны карэспандэнт Таццяна ЦІТАВІЦКАЯ
 Спецыяльны карэспандэнт Таццяна ЦІТАВІЦКАЯ

— Часам у нашай камандзе ўзнікаюць спрэчкі, — працягвае Валерый Аляксандравіч. — Аднаму здаецца, што абавязкова пэўная інфармацыя павінна прысутнічаць, а іншы, наадварот, не згодзен. Але ж усё роўна апошняе слова за «першым». Выдатна таксама, што працуем у гэтай праграме не па інфармацыйным шаблоне – палітыка, эканоміка, сацыяльная сфера, спорт, беларускія і замежныя навіны. Калі цікавых падзей дня на пэўную тэматыку, напрыклад, у нашай краіне няма, шукаем больш цікавых звестак з замежжа. А іх сёння вельмі шмат. 

НАРЭШЦЕ бачу, што сцэнарый «Такога дня» ўжо прыйшоў у чат. Вядучы акідвае вокам свае словы на паперцы і выдзяляе іх алоўкам. За пяць хвілін да эфіру мы напраўляемся ў студыю. Як і ў іншых пакоях для трансляцыі і запісу праграм, да 90-годдзя галоўнай інфармацыйнай радыёстанцыі краіны (адзначыць 15 лістапада 2015 года) тут зрабілі капітальны рамонт. Сіняе дывановае пакрыццё выконвае сваю ролю ў гукаізаляцыі і забірае рэха. У цэнтры круглы стол з мікрафонамі і навушнікамі для вядучых. Насупраць сядзіць гукарэжысёр, які адказвае за перадачу сігналу ў так званую «цэнтральную апаратную». Ён уключае ў эфір музыку, рэпартажы і інтэрв’ю, кантралюе, каб не ўзнікла старонняга шуму. 

Намеснік дырэктара інфармацыйнага і грамадска-палітычнага вяшчання Максім УГЛЯНІЦА
Намеснік дырэктара інфармацыйнага і грамадска-палітычнага
вяшчання Максім УГЛЯНІЦА

— У параўнанні са старым абліччам студыі тое, што вы бачыце, — проста неба і зямля, — з задавальненнем гаворыць Максім Угляніца. – Раней, напрыклад, мы сядзелі практычна ў лінеечку і не бачылі твар адзін аднаго. Цяпер жа за круглым сталом размаўляеш зусім па-іншаму.

Дзве хвіліны да эфіру. Вядучыя пакуль гутараць на звычайныя жыццёвыя тэмы. З юмарам успамінаюць непрадбачныя абставіны, якія часам узнікалі ў іх рабоце. Прыходзілася выкручвацца і тады, калі хтосьці спазніўся на некалькі хвілін на эфір, і тады, калі забыўся выключыць чырвоную кнопку на стале, кашаль ці размову пачулі слухачы. На шчасце, ляпаў было няшмат. Хто пакашлівае, хто лічыць «раз-раз-раз»... Надзяваюць навушнікі дзеля таго, каб добра чуць сябе і музыкальнае афармленне. Хвіліна ў хвіліну Максім Угляніца вітае слухачоў і агучвае сённяшнія тэмы размовы: «Эканамічную палітыку Беларусі могуць змякчыць у другім паўгоддзі: дэпутаты адобрылі праграму дзейнасці Урада. Краіна зацікаўлена ў канструктыўных адносінах з Саветам Еўропы: упершыню за пяць гадоў у нашу краіну прыехаў дакладчык камісіі ПАСЭ. Прэзідэнт Украіны запатрабаваў ад кіраўніка Нацбанка спыніць бязладдзе з валютным курсам...» 

 Гукарэжысёр Кацярына БУЛКА.

ЧАСТКУ падрыхтаванага тэксту вядучыя, вядома, начытваюць, але нельга абысціся без імправізацыі. Факты на паперцы называюцца... «рыбай», ад якой потым «плыве» гутарка. Дарэчы, тут яны вельмі рознабаковыя. Так, журналісты прыводзяць думкі наконт мінскіх дамоўленасцей не толькі еўрапейскіх СМІ, але і амерыканскіх. Максім Угляніца прыводзіць вытрымкі з National Journal: «Абама знаходзіцца ў цяжкім становішчы. Ён ужо ўвязваўся ў міжнародныя канфлікты, у прыватнасці ў Лівіі і Сірыі, аднак канфлікт з ядзернай дзяржавай, маецца на ўвазе Расія, гэта нешта зусім іншае. У Абамы яшчэ ніколі не было такога ўпэўненага і разумнага апанента, як расійскі прэзідэнт, піша выданне. Акрамя таго, у кіраўніка расійскай дзяржавы ёсць вялікі вопыт у знешняй палітыцы, якога не хапае амерыканскаму лідару. І ён робіць хады, якіх Абама не можа зразумець...»

Праз хвілін дзесяць пасля пачатку эфіру ў вядучых перапынак, у час якога член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па бюджэце і фінансах Валерый Барадзеня расказвае слухачам, як парламентарыі ацэньваюць перспектывы развіцця нашай эканомікі. Запрашаць удзельнічаць у праграме спецыялістаў, якія здольны даць прафесійныя каментарыі на пэўную тэму, — «фішка» новага сезона. Валерый Радуцкі адкрывае сакрэт – на самой справе не заўсёды яны даюць свае адказы ў прамым эфіры:

— Мы прызначылі кола асоб, з якімі супрацоўнічаем. І сапраўды, прасцей запісаць размову з імі, а потым паставіць у эфір. Часам нашых суразмоўцаў проста не спыніць, яны шмат могуць сказаць па тэме, а эфір усяго паўгадзіны. Слухачам жа, мяркую, няма розніцы, галоўнае, каб тэма зацікавіла.

Некалькі вольных хвілін вядучыя выкарыстоўваюць для таго, каб агаварыць далейшы план дзеяння. Удакладняюць, ці правільна пастаўлены націск у іншамоўным слове, як лепш сказаць: сланечнікавага алею ці абысціся проста — алею... 

— Ведаеце, часам, калі працуеш у эфіры на беларускай мове, так і хочацца сказаць Google ці Guardian з беларускім выбухным «г». Трэба быць вельмі ўважлівым, — кажа Таццяна Цітавіцкая. Потым яна пытаецца ў калег, ці не занадта разагналіся? Перадача павінна завяршыцца роўна ў 17 гадзін, і вядучыя вырашаюць замедліць тэмп. Таццяна каментуе: — Мы павінны быць гатовыя да таго, што трэба даганяць час. Таму заўсёды адчуваеш нейкі стрэс і адрэналін. 

Другі перапынак напрыканцы перадачы – апытанне мінчан і гасцей сталіцы. Інфармацыйнай зачэпкай стала цырымонія ўзнагароджання традыцыйнай прэміяй «Трыумф. Героям спорту-2014». Пыталіся, якіх яны сёння ведаюць спартсменаў, якімі захапляюцца, і наколькі важна адзначаць самых лепшых атлетаў і трэнераў. Некалькі хвілін яшчэ працягваецца гутарка вядучых, потым яны развітваюцца са слухачамі. Назаўтра іх чакаў новы «Такі дзень». 

Вікторыя КОРШУК, «СГ»

korshuk@sg.by

Фота Юрыя МАЗАЛЕЎСКАГА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter