Лучших хлеборобов Столинщины чествовали на районных «Дажынках-2019»

У Сямігосцічах званыя госці

У мінулыя выхадныя глыбінная палеская вёска Сямігосцічы, што ў паўсотні кіламетраў ад райцэнтра, прымала ўдзельнікаў і гасцей раённага свята «Дажынкі». Навакольныя землі прымыкаюць да вядомых тураўскіх карбанатных чарназёмаў, таму гаспадаркі гэтага паўднёвага кутка Беларусі славяцца высокімі ўраджаямі. Па паўсотні цэнтнераў з гектара стабільна атрымліваюць і сямігосціцкія хлебаробы. Раней вёска была цэнтрам гаспадаркі, болей дзесяці гадоў таму яе далучылі да суседняга ААТ «Новая Прыпяць». Цэнтральнай сядзібай стаў аграгарадок Альшаны. Узначальвае сельгаспрадпрыемства член Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Беларусі Іван Антановіч. 


Сярод густых садоў узвышаюцца мураваны будынак тыповай школы, сельскі клуб. Менавіта сюды з раніцы пачалі з’язджацца дэлегацыі гаспадарак раёна. Лёгкі ветрык разносіў над сядзібамі гарэзлівыя спевы. Кожны вытворчы калектыў на свяце прадстаўлялі перадавікі жніва, спецыялісты, кіраўнікі, самадзейныя артысты. На ручніках у жанчын красаваліся спечаныя з мукі новага ўраджаю караваі. 

Урачыстасць пачалася з ускладання вянкоў і кветак да мемарыяла ахвярам Вялікай Айчыннай вайны. Метраном адбіў мінуту маўчання. 

Святочная калона рушыла па вёсцы да асноўнай пляцоўкі кірмаша-фестывалю. Узначалілі шэсце сем апранутых у шляхецкія строі малойцаў. Згодна з паданнем, сем прыгажуноў некалі з’явіліся ў гэтым палескім паселішчы. Перад іх незвычайным хараством не ўстрымаліся сем гаспадынь. Трагічна закончылася гэта гісторыя. У сямі курганах вакол вёскі прэюць косці ўдзельнікаў тых далёкіх падзей. Мясцовасць атрымала назву Сямікосцічча. Пазней вёску сталі называць Сямігосцічы. 

На мурожнай пляцоўцы паміж вясковымі вуліцамі ўжо гудзела свята. Высечанымі з дрэва скульптурамі аздобіў пляцоўку народны майстар з суседняй вёскі Цераблічы Іван Супрунчык. Давыдгарадоцкія ўмельцы прывезлі на свята карціны, зробленыя з кветак, вышытыя бісерам абразы. Багаты асартымент гліняных вырабаў красаваўся пад арыгінальнай павеццю Міхаіла Дарошкі. Самыя замыславатыя прысмакі падрыхтавалі гасцям кірмаша работнікі райпо. Уражвала выстава сучаснай сельскагаспадарчай тэхнікі. 

Старшыня райвыканкама Рыгор ПРАТАСАВІЦКІ ўручае ўзнагароды перадавікам жніва. 

Адкрываючы кірмаш, старшыня Столінскага райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі падкрэсліў, што на хлебных нівах працавала сотня зернеўборачных камбайнаў. У свой час Прэзідэнт настаяў на тым, што нам трэба развіваць айчыннае камбайнабудаванне. На Століншчыне ў асноўным уся збожжаўборачная тэхніка айчыннай вытворчасці. Нагрузка на яе была максімальна высокая. І толькі дзякуючы старанню вопытных механізатараў удалося ўтрымаць высокія тэмпы работ. Зладжана працаваў увесь уборачны канвеер: ад камбайнаў да збожжасушыльных агрэгатаў. Гаспадаркі паспяхова спраўляюцца з выкананнем дзяржзаказа па продажы зерня. Харчовай збажыны рэалізавана звыш 10 000 тон, у тым ліку 7000 пастаўлена на дзяржаўны нарыхтоўчы пункт. 
Хлебная ніва ў Столінскім раёне, а ён, нагадаем, у 1996 годзе прымаў першы рэспубліканскі кірмаш «Дажынкі», адна з найбольшых на Брэстчыне. Сёлета намалочана звыш 70 тысяч тон зерня. У сярэднім кожны гектар даў амаль па 40 цэнтнераў. А ў гаспадарках «Новая Прыпяць» і «Рубельскі» на круг выйшла звыш 50 цэнтнераў. Найбольшы на Століншчыне валавы збор — 13 000 тон збажыны — атрымалі хлебаробы СВК «Фядорскі». 
На свяце агучаны імёны пераможцаў. Лепшым на сёлетнім жніве прызнаны ўборачны экіпаж камбайнера Міхаіла Пацукевіча і яго памочніка Анатоля Шуркала з СВК «Фядорскі». Сярод маладых удзельнікаў лідарам прызнаны камбайнер Васіль Калеснік і яго памочнік Эдуард Гуцко. На перавозцы збожжа першынство занялі вопытны вадзіцель з КСУП «Рухчанскі» Мікалай Колб і яго малады калега з КУПП «Манькавічы» Дзмітрый Яхнавец. Сярод аператараў сушыльных установак першынство ў Аляксандра Пашкевіча з СУП «Рубельскі». 

Як і ў мінулыя гады, найбольшы валавы збор зерня ў хлебаробаў СВК «Фядорскі». Для яго старшыні Рыгора Дзямко сёлетняе жніво пяцідзясятае. Паўвека таму ён пасля заканчэння агранамічнага факультэта Белдзяржсельгасакадэміі вярнуўся спецыялістам на роднае Палессе. Аксакал старшынёўскага корпуса Беларусі прымаў удзел ва ўсіх рэспубліканскіх «Дажынках». Па выніках жніва лепшым у раёне галоўным інжынерам прызнаны кіраўнік тэхнічнай службы СВК «Фядорскі» Мікалай Агафонаў.

Значны ўклад у каравай Століншчыны штогод уносяць хлебаробы ААТ «Новая Прыпяць» і «Палеская ніва». Сёлета ў засекі гэтых гаспадарак засыпана па 8000 тон збажыны. 

Упершыню лідарам у раённым спаборніцтве на жніве вый­шла ўнітарнае прадпрыемства «Рубельскі». Гаспадарка працяглы час была на санацыі. Кіраўніцтва раёна вышуквала варыянты яе фінансавага аздараўлення. Рашэннем райвыканкама сельгас­прадпрыемства перадалі фермеру Аляксею Копцу. Дырэктарам прызначаны вопытны кіраўнік Аляксандр Ляшкевіч.

Ураджайным выдаўся год на рапсавым полі. У сярэднім з кожнага гектара намалочана звыш 20 цэнтнераў насення маслічнай культуры. А ў ААТ «Новая Прыпяць» атрымалі ў два разы большую яе ўраджайнасць. Валавы збор насення рапса ў раёне перавысіў 6000 тон. 

Жніво завершана. Вынікі яго радуюць. На палях працуе глебаапрацоўчая тэхніка. Пад азімую сяўбу ўносяцца арганічныя і мінеральныя ўгнаенні. Хлебаробаў гэтага паўднёвага раёна чакае уборка цукровых буракоў, бульбы, кукурузы, гародніны. 

subbat50@mail.ru

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter