Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Беларусы Тальяці паўдзельнічалі ў цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў Міжнароднага фестывалю спартыўнага кіно і тэлебачання

У святле спартыўных зорак

Газета пісала ўжо, што з 19 па 21 кастрычніка ў Самарскай вобласці праходзіў восьмы спартыўны форум “Зоркі Самарскай губерні ды Расіі-2017”. Да яго быў дастасаваны і шосты Міжнародны фестываль спартыўнага кіно і тэлебачання. Ва ўсіх кіназалах Тальяці быў свабодны прагляд і абмеркаванне цікавых конкурсных работ.

Людміла Дзёміна з дыпломам і яе юныя артысты
Фота Аляксандра Шохіна

Беларусам Тальяці асабліва прыемна, што была ўшанавана і праца рэжысёра Галіны Адамовіч з Мінска. Яе фільм “Першы” — пра Уладзіміра Шантаровіча, галоўнага трэнера Нацыянальнай зборнай Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ. Шмат разоў беларускія спартсмены заваёўвалі найвысокія месцы на чэмпіянатах свету і Алімпіядах, не раз беларуская зборная называлася лепшай камандай свету. У дасягненнях весляроў значная частка працы, таленту трэнера. Дарэчы, у гэтым моцным чалавеку я ўбачыла рысы, якія мне імпануюць: самаадданасць у працы, глыбокае веданне справы і любоў да яе, пастаянны рух наперад — да мэты, каб дасягнуць новага, яшчэ лепшага выніку. Такімі людзьмі, як Уладзімір Шантаровіч і яго каманда, як рэжысёр Галіна Адамовіч — мы ўсе можам ганарыцца. 

Уладзімір Шантаровіч

Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў шостага Фестывалю спартыўнага кіно і тэлебачання праходзіла ў Тальяці, у Палацы культуры, мастацтва і творчасці 21 кастрычніка. Ладзіўся канцэрт лепшых артыстаў Самарскай вобласці, у якім паўдзельнічалі таксама й гурты суполкі “Нёман”: народны ансамбль беларускай песні “Купалiнка” і дзіцячы “Зорачкi”. Для гледачоў выступленне іх было прыемным падарункам. Чыстыя галасы, прыгожыя касцюмы, светлыя твары выканаўцаў спадабаліся гасцям і героям свята. На якое, дарэчы, запрасілі нас — дзякуючы Галіне Адамовіч: яна стала сярэбраным прызёрам фестывалю ў намінацыі “Спорт і асоба”. Паколькі ж яна не змагла быць на цырымоніі, то мне выпаў гонар атрымаць дыплом і памятную статуэтку. Галіна ж атрымае ўзнагароду ў хуткім часе ў Мінску з рук кіраўніка аддзялення Пасольства Беларусі ў Расіі ў горадзе Уфе Пятра Балтруковіча.

Спадабаліся нам і іншыя конкурсныя фільмы, што дэманстраваліся ў той вечар. Яны прысвечаны тым, хто здольны перамагаць не толькі супернікаў, але і абставіны, саміх сябе. І для нашых юных сяброў суполкі — таксама цудоўны прыклад: варта памятаць, што ў жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу.

Людміла Дзёміна, г. Тальяці

Голас Радзімы № 42 (3546), чацвер, 2 лістапада, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter