У свабодным доступе

На мiнскай плошчы выставяць рэпрадукцыі карцiн Малевіча

Экспазіцыя пад адкрытым небам прадставіць 17 рэпрадукцый карцін Казіміра Малевіча

Рэпрадукцыі работ Казіміра Малевіча будуць выстаўлены ў цэнтры Мінска, на плошчы Якуба Коласа. Вернісаж арганізуюць у час творчага праекта «Мастак і горад», які рэалізуецца Міжнародным сацыяльна-эканамічным фондам «Ідэя» пры падтрымцы Мінгарвыканкама і сталічнага Музея сучаснага выяўленчага мастацтва.

Як паведаміла каардынатар праектаў фонду «Ідэя» Анастасія Сцёпіна, адкрыццё экспазіцыі адбудзецца 6 чэрвеня ў 18.00 і пройдзе ў фармаце гарадскога свята з удзелам фестывалю сучаснага мастацтва і авангарднай моды «Мамант», беларускіх творчых і музычных калектываў.

Усяго будзе прадстаўлена 17 рэпрадукцый работ знакамітага мастака, сярод якіх «Чорны супрэматычны квадрат», «Дзяўчына з грэбнем у валасах», «Аўтапартрэт» і іншыя. Зыходныя слайды для экспазіцыі прадаставілі Дзяржаўная Траццякоўская галерэя (Масква) і Дзяржаўны Рускі музей (Санкт-Пецярбург). Рэпрадукцыі надрукуюць на планшэтах у памеры 1 м x 1,5 м і замацуюць на спецыяльна зробленых канструкцыях. Кожная рэпрадукцыя будзе суправаджацца гісторыяй стварэння карціны на трох мовах — рускай, беларускай і англійскай. Выстава працягнецца па 20 верасня. Паглядзець экспазіцыю можна будзе як днём, так і ўначы. Доступ для ўсіх жадаючых свабодны. Ніякай платы за прагляд спаганяцца не будзе.

Нагадаем, творчы праект «Мастак і горад» рэалізуецца ў беларускай сталіцы другі год запар. Летась цэнтральнай персонай праекта быў Марк Шагал.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter