“У сталым узросце творчы шлях толькi пачынаецца...”

Iмя тэатральнай актрысы Таццяны Мархель добра вядома нават тым нашым суайчыннiкам, каго нельга назваць аматарамi тэатра. Яна — старэйшая актрыса беларускай сцэны, i яна ж — удзельнiк аднаго з самых маладых тэатральных калектываў у краiне. Да таго ж Таццяна Рыгораўна — жанчына, над якой — i гэта вiдавочна кожнаму, хто сустрэўся з ёй хаця б аднойчы — гады не ўладарны. Сёння заслужаная артыстка Рэспублiкi Беларусь, актрыса Рэспублiканскага тэатра беларускай драматургii Таццяна Мархель у гасцях у чытачоў “Народнай газеты”.

— У Рэспублiканскага тэатра беларускай драматургii ў грамадстве рэпутацыя тэатра смелага творчага пошуку. I невыпадкова: сярэднi ўзрост трупы — 25 год. Як сябе адчувае ў такiм тэатры сталая актрыса? I ў чым вы бачыце сваю асноўную функцыю ў трупе — навучыць, перадаць вопыт?
— Так, я працую ў маладым тэатры. Але лiчу, што не павiнна павучаць моладзь. Насупраць, мне трэба паспяваць за маладымi, жыць iх рытмам, разумець iх светапогляд. I пры гэтым працаваць так, каб яны самi ўбачылi нешта цiкавае для сябе ў маёй рабоце. Я бачу, як лiтаральна на вачах растуць маладыя акцёры трупы, i гэта заўсёды радасна. Росту прафесiйнага майстэрства маладых вельмi спрыяе тое, што яны шчыльна занятыя ў рэпертуары. Я бачу, як напружана працуюць мае маладыя калегi, але нiколi не лезу да iх са сваiмi павучаннямi. Папытаюцца — з задавальненнем пагутару, заўсёды пастараюся даць добрую параду...
— Адметна жанравая разнастайнасць РТБД: фарс-абсурд, камедыя жахаў, паэтычная драма, прытча, драматычна-пластычная элегiя, сцэны з рыцарскiх часоў, фарс-рэпетыцыя, асветнiцкi спектакль... Галоўнай iдэяй, лiчаць крытыкi, стала арыентацыя на пошук новых формаў iснавання тэатра i яго развiцця. Мiж тым званне заслужанай артысткi мае на ўвазе некаторую ступень кансерватызму...
— Наадварот! Званне заслужанай артысткi не дае падстаў для кансерватызму i закасцянеласцi. Менавiта ў сталым узросце, калi ўжо ёсць, ужо напрацаваны вопыт, калi ты многае зразумеў, з’яўляецца адчуванне, што вось цяпер ты па-сапраўднаму пачынаеш свой творчы шлях. Так што пошукi з формай я ўспрымаю з цiкавасцю. Больш таго, менавiта ў маiм узросце, лiчу, для эксперыментаў на сцэне, у творчасцi — самы лепшы час.
— А ўвогуле акцёр — гэта перш за ўсё нешта дадзенае ад нараджэння або прафесiя, якой можна навучыцца? Што, на ваш погляд, прыярытэтна — талент або працаздольнасць?
— Не магу гаварыць за ўсiх, але сябе я лiчу перш за ўсё працаўнiком. Усё, чаго я дасягнула, дасягнута праз гады работы. Праўда, работа гэтая заўсёды дастаўляе мне радасць, працую я з задавальненнем. Я пачынаю “хварэць” роллю, думаю пра яе днём, уначы, нават бачу пра яе сны. Працуючы над спектаклем, я заўсёды iмкнуся даведацца як мага больш пра аўтара п’есы, тую гiстарычную эпоху, у якой адбываецца дзеянне, тых асоб, якiя будуць дзейнiчаць на сцэне, iх гiстарычных прататыпаў... Калi мы рэпецiравалi з рэжысёрам Валерыем Анiсенкам “Жанчыны Бергмана” (там я выканала ролю спявачкi Iнгрыд, страцiўшай голас), я многа чытала пра вялiкага шведскага кiнарэжысёра Бергмана. Я стала ведаць яго, як блiзкага чалавека, разумець яго светапогляд. I ў вынiку лепш зразумела, што хацеў сказаць аўтар п’есы...  Тэатр, гледачы дапамаглi мне некалi перажыць самыя складаныя моманты майго жыцця. Не ведаю, колькi мне адпушчана Богам, але нi дня свайго жыцця я не ўяўляю без сцэны.
— А цi адкладваюць ролi адбiтак на асобу, жыццё акцёра, цi змяняюць ваш характар?
— Ролi ўзбагачаюць жыццё. Наогул жыццё ў тэатры цiкавейшае, чым звычайнае, побытавае, па-руску кажучы, “ежедневное”. На сцэне ёсць прастор для фантазii, ёсць месца нечаканасцi. Жыццё ў ролi — гэта спрэсаваны эмацыянальны пласт. Ведаеце, акцёр — апошняя iнстанцыя ў спектаклi, праваднiк думак аўтара, рэжысёра, мастака. Але спектакль усе ўдзельнiкi будуюць разам, i мая роля — гэта ўсё роўна ў першую чаргу мае эмоцыi, думкi, маё жыццё, пражытае перад гледачом, якi для мяне быў i застаецца найлепшым сябрам. Я жыву сваiмi ролямi, але гэта мне не перашкаджае быць за дзвярамi тэатра звычайным чалавекам, жывiцца эмоцыямi зразумелых кожнаму чалавечых радасцей i смутку.
— Для якога гледача вы асаблiва любiце iграць — маладога цi сталага, беларускага цi замежнага, сельскага цi гарадскога?
— Люблю гледача ўсякага. Удзячна заўсёды ўжо толькi за тое, што людзi прыйшлi ў тэатр, а не сядзяць дзе-небудзь з бутэлькай... Прыемна, што ў зале РТБД заўсёды многа моладзi. I, знаеце, я ўпэўнена, што сучасная моладзь, хоць нярэдка на яе наракаюць, на самай справе вельмi разумная, мэтанакiраваная, адухоўленая, умее тонка адчуваць прыгожае i разумець мастацтва. Для такога гледача iграеш заўсёды на нейкiм творчым уздыме.
— Вядома мноства вашых таленавiтых работ у кiно —  запамiнальныя ролi ў карцiнах “На цябе спадзяюся”, “Давай пажэнiмся”, “Кантрольная па спецыяльнасцi”, “Трэцяга не дадзена”, “Людзi на балоце”...  Папулярнасцю карысталася тэлевiзiйная праграма “Запрашаем на вячоркi”, дзе вы былi вядучай. Але ўсё ж вы вярнулiся на тэатральную сцэну. Чаму?..
— А я нiколi i не зыходзiла з тэатра. З 1959 года iм займаюся без перапынку. А работа ў кiно i на тэлебачаннi вялася паралельна з тэатрам. Нават калi ў мяне нарадзiлася двойня, ужо праз два месяцы я рэпецiравала п’есу “Сымон-музыка” ў Вiцебску. Разам з мужам, Яўгенам Шыпiлам — ён таксама быў акцёрам. Дарэчы, кажуць, што ў творчай сям’i жыць, строiць адносiны складана. У маiм выпадку гэта не так: значна больш складана мне было б жыць з мужам, чыя прафесiя была б далёкай ад тэатра. Мае дочкi таксама абралi творчыя прафесii: Вера сёння тэатральная актрыса, а Марыя вырашыла прысвяцiць сябе кiно. Яна атрымлiвае адукацыю кiнапрадзюсера.
— Давайце пагаворым пра народныя песнi, вывучэнню якiх вы прысвяцiлi жыццё. За што вы iх любiце?
— Сказаць, што народныя песнi я вывучала спецыяльна, будзе няпраўдай. Проста я нарадзiлася ў маленькай беларускай вёсцы Шпакоўшчына, у Смалявiцкiм раёне, там прайшло маё дзяцiнства. Памятаю, мама, простая сялянская жанчына, працавала i спявала — голас мне дастаўся ў спадчыну ад яе. У дзяцiнстве любiла спяваць разам з ёй. Песнi, што спяваю на сцэне — гэта ўсё песнi маёй матулi. Летась, ва ўзросце 96 гадоў, яна адышла ў лепшы свет — цiха i спакойна, як веруючы чалавек.
— На вулiцах беларускiх гарадоў вас пазнаюць? Прынята лiчыць, што папулярнасць перашкаджае жыць. Вы з гэтым згодны?
— На вулiцах мяне пазнаюць даволi часта, вiтаюцца незнаёмыя людзi. Мне гэта заўсёды вельмi прыемна. Людзi кажуць добрыя словы,  узгадваюць народныя песнi, што я спявала. I гэта адразу ўзнiмае настрой, разумееш: нешта добрае зрабiў... Аднойчы купляла агуркi на Чэрвенскiм рынку, i жанчына з Пiнска не хацела браць з мяне грошы. Казала: “Я вас так люблю, нi за што не дазволю вам плацiць за агуркi, бярыце iх так!”. Ну, я настойвала. Смяялiся. Наогул, я не пакутую ад сваёй вядомасцi. Мабыць, таму, што мая папулярнасць — не скандальная. Гэта цiхiя добрыя словы, гэта ўдзячнасць выпадкова сустрэтых людзей — хiба можа такая папулярнасць прынесцi нейкiя iншыя эмоцыi, акрамя радасцi?!

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter