У СТАЛІЦЫ

Ад Масквы да Брэста... У песеннае падарожжа па франтавых дарогах Вялікай Айчыннай запрашае аркестр Фінберга

Няма аналагаў мастацкаму праекту “Ад Масквы да Брэста...”, што падрыхтаваў да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў заслужаны калектыў аркестра. І не толькі таму, што праграма ўключае ў сябе лепшыя франтавыя песні, якія спявалі Уцёсаў і Шульжэнка, пазней — Кабзон, Гурчанка, Лешчанка... Музыканты і спевакі знакамітага аркестра прапануюць сапраўднае тэатральнае касцюміраванае дзейства, ад якога спявае і плача душа не толькі ў былых франтавікоў, працаўнікоў тылу і дзяцей вайны. Сучасная моладзь таксама не застаецца абыякавай да цудоўна аранжыраваных музыкантамі аркестра мелодый.
“Гэта праграма — урокі патрыятызму для маладога пакалення нашай краіны, якая ўпэўнена крочыць па дарозе незалежнасці, — гаворыць кіраўнік калектыву народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Фінберг. — А для людзей старэйшага пакалення, для саміх удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якіх сёння мы запрашаем у Вялікую залу Белдзяржфілармоніі адразу на тры канцэрты — у 13.00, 15.30 і 19.00, праграма “Ад Масквы да Брэста...” — магчымасць вярнуцца ў сваю маладосць, нанава перажыць радасць перамог і горыч страт, успомніць сваіх каханых і проста паспяваць разам з салістамі аркестра. Прагучаць і тыя песні, што помняць ужо не многія, нотныя запісы якіх нават не захаваліся. Скажам, песні 40-х гадоў, што выконваліся ў аркестры знакамітага Эдзі Рознера. Той жа “Синий платочек”, якую кампазітар Ежы Пецярбургскі напісаў у Мінску”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter