У СТАЛІЦЕ

Няміга выходзіць з берагоў У Мінску адбудуюць сярэднявечную крэпасць і выпусцяць на паверхню легендарную раку

Гістарычны цэнтр Мінска да 2010 года зменіцца да непазнавальнасці. Будуць адноўлены многія будынкі, страчаныя ў папярэднія дзесяцігоддзі і стагоддзі. Першачарговыя планы ўчора агучылі начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі і намеснік дырэктара камунальнага унітарнага прадпрыемства “Мінская спадчына” Дзмітрый Яноўскі.
Каля станцыі метро “Няміга” адновяць Замчышча — гару, на якой стаяла крэпасць летапіснага Менска. У сувязі з гэтым прынята прынцыповае рашэнне: знесці будынак спартыўнага таварыства “Працоўныя рэзервы”, пабудаванага пасля вайны ў самым цэнтры былога замка. Мяркуецца, што і легендарную раку Нямігу, узятую ў калектар на пачатку ХХ стагоддзя, выведуць на паверхню.
Цяпер разглядаецца пытанне пра абмежаванне руху транспарту на ўчастках вуліцы Леніна і праспекта Пераможцаў у раёне гістарычнага цэнтра. Вуліцы Гандлёвая і Рэвалюцыйная стануць пешаходнымі.
Сярод найбольш значных праектаў бліжэйшага часу — аднаўленне на плошчы Свабоды царквы Святога Духа, зруйнаванай у 1936 годзе — шэдэўра архітэктуры барока.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter