У Спораве сустракаюць рыбным боханам і гоняць “яршоўку”

Той, хто аднойчы там пабываў, працягнуў сваё жыццё на добрых пару гадкоў.

Габрава, Адэса, Аўцюкі... Бадай, кожны з вас чуў пра гэтыя цэнтры гумару. А пра Спорава Бярозаўскага раёна ці вядома вам? Упэўнена, той, хто аднойчы там пабываў, працягнуў сваё жыццё на добрых пару гадкоў. Бо такія вясёлыя каларытныя жарты, як у Спораве, мала дзе пачуеш. Спараўцы і спароўкі, нібы тыя гарматы, страляюць направа і налева байкамі і гумарэскамі. І, што цікава, “гагочуць” і старыя, і малыя... Не дзіва, што Спорава ўжо які год спрачаецца з Аўцюкамі Калінкавіцкага раёна за званне беларускай сталіцы гумару. На беразе спораўскага возера нават уласны фестываль гумару праводзіцца, праўда, абласнога ўзроўню. Аднак прыехаць на яго спяшаюцца не толькі з Брэсцкай вобласці, але нават з суседніх Польшчы і Украіны — “заразіцца” спораўскім смехам жадаюць многія.

Плывучы конь

Як у Спораве навучыліся так лёгка і ўмела жартаваць? Ды жыццё прымусіла! Спрадвеку была акружана вёска балотамі і возерам. Балоты ўжо, праўда, высушылі і ператварылі ў палі, але і сёння спараўцы памятаюць тыя нялёгкія часы, калі даводзілася змагацца за кожны кавалачак зямлі, а разам з тым праяўляць кемлівасць, спрыт, шукаць арыгінальнае выйсце са складаных сітуацый. Па-іншаму і выжыць нельга было. І коней на лодцы перапраўлялі, каб заараць кавалачак зямлі на астраўку за возерам, і сена гэтак жа перавозілі, і бульбу... І сёння ходзіць тут адна байка.

Паехала сям’я за возера садзіць бульбу. Пакуль растрэслі гной, надышоў час паказу мексіканскага тэлесерыяла. Ледзь угаварыла жонка мужа паехаць паглядзець чарговую серыю. Каня навязалі, а самі селі ў лодку і вярнуліся дахаты. Паглядзелі серыял. А пасля глядзяць у акно — конь на двары. І ён за гаспадарамі пераплыў возера! І пайшла гуляць па вёсцы байка:

Кіно і коні любяць
паглядзець,
Дык што ж яшчэ
ад спараўцоў хацець.
Грошы — у “калытку”

Спараўцы і спароўкі і сёння вельмі вясёлыя і гаваркія людзі: і выйсце з любой сітуацыі знойдуць, і падыход да кожнага, і трапнае слоўца скажуць, і параду вясёлую дадуць. А больш за ўсё жартуюць тут у тэатры народнага гумару “Спораўскі акалот” мясцовага цэнтра культуры і вольнага часу. “Акалот”, дарэчы, абазначае абмалочаную салому, якой накрывалі стрэхі — гэта на мясцовай спораўскай мове. Такія “смачныя” слоўцы, як у Спораве, мала дзе пачуеш. Выціраюцца тут не ручніком, а “ўціральнікам”, падпіраюць не плот, а “баркан”, збіраюць не агуркі, а “гуркы”, грошы кладуць не ў кашалёк, а ў “калытку”, пякуць не бліны, а “млынцы”, апранаюць не кофту, а “швэдор”... “Спораўскі акалот” таксама выступае толькі на сваёй мясцовай гаворцы.

— Прыходыть мужык ныдавно з роботы, — расказвае самая вясёлая спароўка, дырэктар цэнтра Ніна Пашкевіч. — Бачыть із-под занавескы босы мужскыі ногы выглядвають. Пытае ў жонкі:

— Шо гэто?

— А ты думаеш, шчо во вчора прывэзлы тону сіна, то гэто за твоі заслугы?

— Я тэбэ пытаю. Шо гэто?

— А ты можэ думаеш, шчо заслужыв у прэдседателя, коб тобі тону зерна бысплатно два разы в год прывозылы?

— Последній раз пытаю: шо гэто такэе?

— А ты думаеш, благодаря тобі мы в прошлы выходныі за двесті тысяч у колхозе купылы четверо поросят.
Шчэ і 100 тысяч сдачы далы?

— Так я і пытаю, ныужэлі на сдачу ныможна було кормільцу чоботы купыты?

“До Спорово шо до Москвы”

У “Спораўскім акалоце” выступаюць не толькі супрацоўнікі цэнтра, але і бібліятэкар на пенсіі, і бухгалтар, і работнікі сталовай, і завуч школы, і прыбіральшчыца... На гумар у Спораве ўсе здатныя. У тэатры ў асноўным працуюць з байкамі і мініяцюрамі — вядома, пад-гледжанымі ў жыцці. Сустрэліся, расказалі нейкія бываліцы, падзяліліся недарэчнасцю, што здарылася дома ці за плотам у суседа — і пайшло-паехала.
Спараўцы і самі з сябе смяюцца. Праўда, калі хто пра іх пачне жартаваць — крыўдзяцца. Тым больш што лічаць сябе не абы-кім — роднае Спорава другой Масквой клічуць!

— У нас своя нэзовысымая рэспублыка! Своя мова, свій герб з рыбай двухглавай. Вось, — Ніна Іванаўна паказвае герб, аплецены рыбацкай сеткай. — Спорово — побрацім Москвы. Мало того, шо многочысленое, то і далэкое. Поспробуй од райцэнтра добраца. О, кажуць, до Спорово далэка як до Москвы. Ды і во врэмя войны немцы сюды не дойшлы — Спорово окружоно болотамы — бомбылы только з самолётув. О як Москву немцы не моглы взяты, так і Спорово.

А якія фестывалі гумару тут праводзяць, пачынаючы з 1996 года! Спараўцы то з аквалангамі спускаюцца пад ваду, то лепшы самагонны апарат канструююць, то свінню разыгрываюць, то яшчэ што... І кожны раз усё больш арыгінальна! Наступны фестываль пройдзе ў ліпені 2013 года.

Прыязджайце — нараго-о-очацеся! Тым больш гасцям у Спораве заўсёды рады.

Мы артысты-гуморысты
Усэ ў нас добрэ,
усэ ў нас е.
Прыезжайтэ до нас
у госты, —
запрашаюць спараўцы,
але тут жа дадаюць:
Но берытэ ўсэ свое!

Рыбакі, як вядома, вялікія фантазёры, таму пра рыбалку тут кажуць часта і з гумарам. Нават самагонку ў Спораве гоняць з... яршоў, любоўна называючы гэты напой “яршоўкай” — толькі не блытаць з кактэйлем з піва і гарэлкі!

І рыбным боханам замест хлеба-солі сустракаюць. Дарэчы, можа, ад таго спараўцы і кемлівыя такія, што рыбы шмат ядуць. Кажуць жа, надта яна розуму дадае.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter