У спадчыну — майстэрства продкаў

Старажытнае паляшуцкае рамяство адраджаюць энтузіясты Іванаўшчыны і навучэнцы адзінай у краіне школы бондараўЗа восем гадоў яе існавання тут падрыхтавана больш за сотню выпускнікоў, якія валодаюць майстэрствам бондарства. Сёння ў школе займаецца 58 хлопчыкаў. З асаблівай цікавасцю вывучаюць яны тэхналогію вырабу драўлянага посуду, дэкаратыўную апрацоўку, чарчэнне, малюнак, кампазіцыю, матэрыялазнаўства, мастацкія рамёствы, вытворчае навучанне. Тры гады – і ў кішэні самы што ні ёсць сапраўдны дыплом – пасведчанне аб валоданні адным са старажытнейшых беларускіх рамёстваў.

Калісьці ў вёсках Іванаўшчыны адмысловага майстра-бондара можна было напаткаць ці не ў кожнай хаце, дбайны гаспадар якой мог змайстраваць бочку або дзежку. А ў Рылавічах дык і наогул не было сям’і, дзе не шанавалася б найперш гэтая адукацыя. Сваімі бондарамі паселішча славілася яшчэ ў XVI стагоддзі — менавіта тут вырабляліся бочкі для каралеўскага двара. Добрую капейку мелі мясцовыя майстры, вывозячы свой выдатны тавар на кірмашы да самага Брэста, а таксама ва Украіну. Часы міналі, адыходзілі ў іншы свет майстры, згасала, на жаль, рамяство. Але спецыялісты аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама вырашылі не дапусціць гэтага і садзейнічаць захаванню старажытных традыцый.
...У класе бондраў сёння з рабятамі працуе малады выкладчык Уладзімір Міхайлавіч Змітручэня. Вучыць хлопцаў не толькі валодаць інструментам, але і адчуваць усе асаблівасці кожнай пароды дрэва — дуба, ліпы, вольхі, — толькі тады, лічыць ён, можна навучыцца па-сапраўднаму з імі працаваць. Бо кожнае дрэва свой, так бы мовіць, характар мае. Напрыклад, бочку для засолкі агуркоў, грыбоў ды квашання капусты варта рабіць з дубу, посуд для мёду і квасу — з ліпы, а вось для брыльца, у якім будзе захоўвацца піва альбо віно, найлепш падыдзе алешына, калі ж патрэбна дзяжа для цеста, клёпкі трэба чаргаваць дубовыя і сасновыя.
— Не, я не іванаўскі, — удакладняе мой суразмоўца. — З Івацэвіцкага раёна. У Кобрынскім мастацкім каледжы вучыўся на столяра-рэзчыка, як настаўнік малюнка і чарчэння накіраваны быў у школу бондарства. Хаця дагэтуль, шчыра кажучы, і не падазраваў, што гэткая існуе. Пра бочкі і кадушкі веды меў досыць павярхоўныя. Тонкасці рамяства спасцігаў разам з хлопцамі, дапамагалі і вопытныя калегі. Ніколі не думаў, што гэта так захапляльна.
Згаджаецца з малодшым калегам і Сяргей Мікалаевіч Алешка. Тут ён, у савецкія часы спецыяліст па нагляднай агітацыі, пачынаў працаваць, калі на месцы сённяшніх аўдыторый была мастацкая майстэрня аддзела культуры райвыканкама. Калі майстэрня прыйшла ў заняпад, займаўся гандлёвай рэкламай. Вярнуцца да ранейшай справы паклікаў Васіль Іосіфавіч Голік, які проста загарэўся ідэяй адраджэння старажытнага рамяства.
Пачынаць давялося з нуля. Сам Васіль Іосіфавіч карпеў над стварэннем вучэбнага плана, праграм, аналагаў якім не было і тады, напрыканцы мінулага стагоддзя, няма і сёння. Па чарцяжах Васіля Голіка, архітэктара па адукацыі і майстра-дрэваапрацоўшчыка па прызванню, спецыялісты падрыхтавалі праект рэканструкцыі, мастацкай майстэрні было вернута жыццё, дабудаваны цэхі, у якіх размясціліся станкі. А першымі настаўнікамі, педагогамі для сённяшніх настаўнікаў, кансультантамі ды экспертамі сталі простыя сяляне, патомныя бондары, якіх яшчэ адшукалася некалькі ўсё ў тых жа Рылавічах.
Аднаму з іх — Сяргею Міхайлавічу Свірэпе — хутка 90 гадоў споўніцца. Але рукі па-ранейшаму ўпэўнена трымаюць інструмент.
Першы выпуск адбыўся ў верасні 2003 года. Хлопцам выдалі спецыяльныя сертыфікаты. Але галоўнае, што атрымалі рабяты, — неацэнны багаж ведаў і ўменняў. Многія выпускнікі працягваюць адукацыю ў Кобрынскім мастацкім прафесійна-тэхнічным каледжы, у Пінскім ліцэі будаўнікоў. Але школу і цяпер не забываюць. Забягаюць расказаць пра свае справы, распытацца, што ў школе новага.
Нават у канікулы не сядзелася дома Сашу Несцяровічу, Жэню Аргеру, Дзіму Гаўрылюку, Андрэю Навумчыку.
— Я ўжо другі год тут займаюся, — расказвае Аляксандр. — Мой тата шмат што майструе з дрэва, нават хату сам будаваў. І я каля яго сяму-таму вучыўся. Тата мне і параіў сюды запісацца, каб добрай мужчынскай прафесіяй авалодаць. Тут усё падабаецца, найперш — работа з дрэвам, надзвычай цёплым, прыемным матэрыялам. Дый кампанія добрая — весялей, чым у звычайнай школе.
Саша ўжо навучыўся кадушку майстраваць, у бліжэйшых планах — зрабіць бочачку. Наперабой хваляцца сваімі поспехамі і сябрукі.
Андрэй: “Мама варэнне мяшае лапаткай выключна маёй вытворчасці. Хачу яшчэ зрабіць кухонны набор”.
Жэня: “Тут выкладчыкам працуе мой бацька Васіль Аляксеевіч. Ён і расказаў мне, чаму змагу навучыцца, якія далей перспектывы.  Пачынаў з самага простага — лапаткі, цяпер ужо кадушку адолеў, а вучуся толькі з верасня”.
— Мэта нашай школы — навучыць бондарскаму рамяству маладое пакаленне, каб не згубілася майстэрства продкаў, — гаворыць цяперашні дырэктар Тамара Голік.
Сёння ні адно свята ў акрузе не праходзіць без выставы работ навучэнцаў Іванаўскай школы бондарства. Юныя бондары — удзельнікі многіх рэспубліканскіх фэстаў, пераможцы конкурсаў. А вырабы старэйшых майстроў набылі такую папулярнасць, што са спецыяльнымі заказамі да іх звяртаюцца кліенты з Мінска, Масквы. Патрэбна, відаць, людзям у сённяшнім вірлівым, наскрозь камп’ютарызаваным жыцці нешта сапраўднае, адвечнае, у чым жыве душа многіх пакаленняў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter