История и современность агрогородка Сарья Верхнедвинского района

У Сар’ю і Росіцу зноў прыляцелi буслы

Сар’янскі сельскі дом культуры — адзін з лепшых на Верхнядзвіншчыне, а яго дырэктар Алена Мінчанка названа «Жанчынай года Віцебшчыны-2018». Гэта даволі прываблівая кабета выпраменьвала нейкае пяшчотнае святло. Адразу набегла здагадка, што ў яе не бывае кепскага настрою, а людзям яна дорыць толькі дабрыню. Пачала ж Алена аповед не са сваёй работы, а з цікавай гісторыі з мінулага вёскі Сар’і, цяпер аграгарадка.

Калектыў «Сар’яначка» на кірмашы з салісткай Аленай Камаровай (справа).

Данута дзякавала за род Лапацінскіх

Сар’я з 1506 года была ўла­дан­нем князёў Сапегаў, а з 1753-га перайшла да Лапацінскіх. Менавіта прадстаўнік гэтага роду Ігнацій Лапацінскі зрабіў больш за ўсё для вёскі. Гэта быў чалавек прагрэсіўны. Ён не імкнуўся абабраць сялян, а шмат укладваў, каб узбагаціць гэту зямлю, культуру. У сярэдзіне XIX стагоддзя, усяго за 5 гадоў, пабудаваў з чырвонай цэглы велічны храм (Свята-Успенскую царкву), які па сваёй адметнай велічнай архітэктуры, з мноствам вострых купалаў-шпіляў, не мае аналагаў у Беларусі. Ён зладзіў аранжарэю, у якой вырошчваў экзатычныя расліны — ананасы, апельсіны і іншыя.

Легенды ходзяць пра яго бязмернае каханне да сваёй жонкі Марыі, з якой браў шлюб не па разліку. Сар’я знаходзіцца за 200 кіламетраў ад Віцебска і 100 — ад Полацка. Дык вось, Ігнацій у сваім разарыі круглы год вырошчваў для любімай кветкі. Славіліся яго цудоўная карцінная галерэя, бібліятэка. Словам, ён рабіў усё, каб Марыя адчувала, што жыве не ў нейкай там далёкай вёсачцы, а ў вялікім горадзе.

На жаль, гэту шчаслівую сям’ю напаткаў горкі лёс. З траіх дзяцей першы хлопчык, Іосіф, не дажыў і да трох год, а пасля нараджэння сына Станіслава Марыя моцна захварэла. Муж запрашаў самых вядомых дактароў з Масквы, Санкт-Пецярбургу, аднак усё дарэмна. Жонка згасла.

На руках у Ігнація засталіся малыя дзеці: двухгадовая дачка Сафія і сын Станіслаў, якому было ўсяго 7 месяцаў. Ён на доўгія гады замяніў ім маці. Станіслаў вырас і, падарыўшы свае землі мясцовым сялянам, выехаў у Польшчу. Здавалася, сляды апошняга з роду Лапацінскіх назаўсёды зацёрліся.

— Аднак надарыўся цуд: 22 чэрвеня 2012 года, — прыгадвае Алена Мінчанка, — у Сар’ю завітала незвычайная госця з-за мяжы: сівая-сівая жанчына невялікага росту, якая гаварыла толькі на польскай і англійскай мовах. А я — толькі на беларускай, рускай і мясцовай трасянцы. І ўсё ж мы, жанчыны, здолелі зразумець адна адну. Неўзабаве даведалася, што перада мной Данута Лапацінская, другая жонка Станіслава. Пры афармленні шлюбу ён быў старэйшы за яе на 67 гадоў. Станіслаў проста выратаваў дзяўчыну ад галоднай смерці, падставіў мужчынскае плячо, падараваў пяшчоту, кароткае, але поўнае ўзаемапавагі сямейнае жыццё. І ў свае 94 гады яна прыляцела з Англіі ў Мінск, а пасля дабралася да Сар’і з адной толькі мэтай: падзякаваць гэтай зямлі за мужа, за род Лапацінскіх.

У Доме культуры ўсе аднадумцы

Пра сябе Алена Мінчанка расказвае скупа:

— Нарадзілася на Магілёўшчыне ў вёсцы Забычанне Касцюковіцкага раёна. Скончыла школу, паступіла ў педагагічны інстытут імя Арка­дзя Куляшова. Вярнулася ў свой раён і працавала настаўніцай і дырэктарам школы. У 1987 годзе пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, так як захварэлі дзеці, давялося пакінуць родныя мясціны і падацца на Віцебшчыну, дзе жыла цёця — родная сястра бацькі. Спачатку тут таксама настаўнічала, а восем гадоў таму старшыня сельсавета Алена Уладзіміраўна Урбан прапанавала стаць дырэктарам Сар’янскага дома культуры.

Чым жа ён вызначаецца? Сам па сабе будынак прыгожы, прасторны, якасна рэстаўрыраваны пры будаўніцтве аграгарадка. Але, відаць, галоўнае — калектыў аднадумцаў. Тут няма размеркавання на работнікаў установы культуры і артыстаў самадзейнасці. Усіх аб’ядноўвае адно імкненне — дарыць людзям радасць. Па ініцыятыве старшыні райвыканкама Ігара Марковіча і старшыні райсавета Ірыны Козел для самадзейных артыстаў пашыты дыхтоўныя сцэнічныя касцюмы.

Пры Доме культуры створаны і працуюць 8 калектываў. Чатыры з іх — вакальна-харавыя. Самы вядомы і мабільны — квартэт «Сар’яначка». Яго артысты Надзея Літвін, Галіна Бардзікова, Наталля Аўзін і Алена Рылінская — нязменныя ўдзельнікі на раённых мерапрыемствах і на «Славянскім базары». У рэпертуары і народныя песні, якія спявалі бабулі і дзядулі, і сучасныя эстрадныя, самадзейных аўтараў.

Самабытным вакальна-харавым калектывам з’яўляецца і студыя сольных спеваў «Настрой». Сама назва гаворыць аб кірунку гэтага творчага аб’яднання. А ствараюць настрой гледачам душой і сэрцам, спяваючы нешта асабістае, падобнае на наша жыццё.

У калектыве жанчыны розныя па ўзросце і па прафесіях. Так, Тамара Жванько — прадавец, Анжэла Стоцік — спецыяліст аддзела кадраў, Алена Камарова — інжынер па ахове працы сельгаспрадпрыемства «Дрысенскі», Таццяна Літвін — лабарант жывёлагадоўчага комплексу, Ана­стасія Сільванёнак — работнік ашчаднага банка, Алена Мацкевіч — школьны бібліятэкар, ну і сама Алена Мінчанка.

Прыйшлі яны ў Дом культуры рознымі шляхамі. Напрыклад, Алена Камарова наступным чынам:

— Я прыехала з сям’ёй, мужам, дзецьмі, бацькамі на Верхнядзвіншчыну з Украіны, з Данецка. Абжыліся. 10 гадоў была галоўным аграномам у мясцовай гаспадарцы, але па стане здароўя перайшла на іншую работу — спецыялістам па ахове працы. У нашай сям’і дзед іграў на гармоніку і акардэоне, маці добра спявала. Я ў дзяцінстве шэсць гадоў вучылася ў музыкальнай школе. І вось, калі пайшла з жыцця мая маці, з’явілася ў душы нейкая пустата. Трэба было з цягам часу запоўніць яе. А чым? Дзеці выраслі, раз’ехаліся. Ішла аднойчы каля Дома культуры, і дырэктар Алена Іванаўна запрасіла ў студыю «Настрой».

Асаблівыя сімпатыі ў гледачоў выклікаюць выступленні дзіцячых вакальна-харавых калектываў. А такія юныя таленты, як Дар’я Аўсюк, Аня Грамузава, Дзіяна Аўзін, Ірына Берлінка і Крысціна Сяткоўская, паспелі адзначыцца на раённых і абласных аглядах-конкурсах.

Сар’янскі храм.

Працуюць пры Доме культуры і два калектывы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: дарослы і дзіцячы («Рукатворныя цуды» і «Майстрыца»). Вядзе іх Алена Мінчанка:

— Не магу сказаць, што я вялікая майстрыца, але цікаўлюся рознай тэхнікай ручнога мастацтва і нават займаюся вышываннем, дэкарыраваннем. Магу і вязаць. У калектыве дзесяць жанчын. У кожнай свае напрамкі творчасці: хтосьці вышывае, хтосьці шые, хтосьці пляце, хтосьці тчэ. Напрыклад, самая старэйшая Яўгенія Кухаронак — адметная вышывальшчыца. Пачала займацца гэтым яшчэ ў дзяцінстве, калі пасля вайны не было чым аздобіць хатку. Анастасія Сільванёнак — майстрыца на ўсе рукі: канзашы, букет з цукерак, вязанне на прафесійным узроўні. У яе падрастае маленькая дачушка Воленька, для якой шые сукенкі, вяжа, стварае цудоўныя ўпрыгажэнні для валасоў.

Дзіцячы калектыў «Майстрыца» выкарыстоўвае ў рабоце тэхнікі, якія дапамагаюць даць другое жыццё аджыўшым рэчам: дэкупаж шкляных слоікаў і бутэлек, імітацыя каменю, ганутэль, кветкі з розных матэрыялаў.

Свае вырабы прыкладнога мастацтва сар’янаўскія майстрыхі дораць гасцям, сяброўкам, пераможцам клубных мерапрыемстваў, дэманструюць на шматлікіх выставах.

Творчыя калектывы Сар’янскага СДК выступаюць не толькі дома, яны даволі часта выязджаюць з канцэртамі па сваім раёне. Пад асаблівай іх «апекай» знаходзіцца вёс­ка Росіца, дзе жыве і служыць у касцёле лаўрэат прэміі за духоўнае адраджэнне ксёндз Чэслаў Курэчка. Многія мерапрыемствы росіцкі касцёл і Сар’янскі СДК право­дзяць сумесна. Гэта «Свята бусла», «Свята кветак», Дзень жанчын-міраносіц і іншыя.

Асабліва шыкоўна праходзіць традыцыйны «Дзень бусла». Відаць, нідзе больш не селіцца столькі гэтых грацыёзных птушак, як у Росіцы. Разгадка ў тым, што ксёндз Курэчка ўласнаручна майструе для іх гнёзды. Для правядзення свята ля касцёла зроблена спецыяльная пляцоўка, якая так і называецца «Ля Бусла». Там сар’янскія самадзейныя артысты выступаюць са сваёй праграмай, спяваюць, а пасля ксёндз Чэслаў Курэчка частуе ўсіх сваёй смачнай поліўкай.

«Расказвай пра Росіцу так, як было!»

Росіца і Сар’я, між іншым, населеныя пунк­ты, якія часцей за ўсё ў Верхнядзвінскім раёне наведваюць турысты. Далёка за межамі Беларусі вядома аб трагедыі Росіцы і суседніх вёсак, калі падчас карнай аперацыі «Зімовае чараўніцтва» гітлераўцы спалілі 1528 жыхароў. Разам са сваімі прыхаджанамі пайшлі ў пякельны агонь ксяндзы Антоній Ляшчэвіч і Юрый Кашыра, адмовіўшыся ад літасці фашыстаў.

Экскурсіі звычайна праводзіць Алена Мінчанка. І не толькі таму, што ў свой час сабрала як краязнаўца багаты гістарычны матэрыял. І хоць яна аматар, аб чым не праміне нагадаць, але праводзіць экскурсіі на такім узроўні, які не пад сілу нават прафесіяналу, што было адзначана супрацоўнікамі Эрмітажа, бо апавядае аб суровай праўдзе тых дзён не проста словамі, а сэрцам і душой:

— Усё гэта для мяне блізка, прайшло праз мяне. Мне пашчасціла пагаварыць з людзьмі, якія падчас карнай аперацыі вырваліся з палону ў росіцкім касцёле, а потым цудам уцалелі ў фашысцкіх канцлагерах: Зінаідай Барташэвіч, Юліяй Бабок, Ва­лян­цінай Марцынкевіч, Аляксандрай Іжык.

Людзей з Росіцы і навакольных вёсак зганялі ў касцёл. Трымалі там, напаўраздзетых, галодных, у холадзе 5 сутак. Пасля адчынілі бакавыя дзверы і пачалі сартаваць: бабуль, дзядуль і малых дзяцей да аднаго года адпраўлялі ў адны дзверы, іншых — у другія. І ніхто не ведаў, навошта такое дзяленне. Потым стала зразумела: тых, хто ішоў у дзверы справа, вялі на чыгуначную станцыю ў Бігосава для адпраўкі ў рабства і канцлагеры ў Германію, а пажылых людзей і неўмалятак пасылалі прама ў агонь. Дзядулі і бабулі накрывалі дзетак сваімі целамі, выпіхвалі праз вокны ці дзверы з палаючай хаты ці канюшні, але карнікі дабівалі іх штыкамі і зноўку закідвалі ў агонь... Пасля росіцкага касцёла адведала жахі фашысцкіх канцлагераў (Саласпілса, Равенсбрука, Нойбрандербурга) Аляксандра Васільеўна Іжык, якой тады было 16 гадоў. Вось яе страшная споведзь:

«Ведаеш, Лена, усе задаюць пытанні: што такое крэматорый? А гэта менавіта тое, праз што прайшла я. Вялікая пляцоўка. Унізе — глыбокая яма, у якой раскладзена вогнішча. Часцей за ўсё гарэў газ. У некаторых выпадках — дровы і вугаль. На яме — металічная сетка, якая мела эфект качэляў. На гэту сетку заганялі людзей, і яе пачыналі разгойдваць. Людзі зрываліся, толькі некалькі чалавек заставаліся жывымі. Апошняе — не выпадковасць. Гітлераўцы адпраўлялі «шчасліўчыкаў» у барак, каб яны для застрашвання расказвалі там, што бачылі на свае вочы: не толькі фізічнае знішчэнне, але і маральнае...»

Алена Мінчанка і Алена Камарова выступаюць на экалагічным фестывалі ў Асвеі.

— Калі перадаю ўсё гэта з інтанацыяй, без слёз людзі не ўспрымаюць. І некаторы час я старалася не «давіць слязу». Гаварыла абцякальна. Адна старая жанчына паслухала і папракнула: «Не, Лена, расказвай так, як было. Асабліва нашы дзеці павінны гэта ведаць, адчуваць тое, што ты гаворыш». Я не экскурсавод. Я жанчына, якая любіць гісторыю сваёй зямлі, таму што Сар’яншчына стала другой маёй радзімай. Яна дала здароўе маім дзецям. На гэтай зямлі нарадзіўся трэці мой сынок. І цяпер тое, што я раблю, — гэта для маіх дзетак, унукаў, сяброў. Для Бацькаўшчыны!

saulich@bk.ru

Фота з архіву Сар’янскага СДК.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter