У санаторыі “Белая Русь”

“Шукаю вельмі добрага чалавека. Ён мяне не пакінуў і дапамог у цяжкую хвіліну. Я яму вельмі ўдзячная і заўсёды памятаю пра яго. Гэта было 7 сакавіка 2005 года ў санаторыі Міністэрства ўнутраных спраў

“Шукаю вельмі добрага чалавека. Ён мяне не пакінуў і дапамог у цяжкую хвіліну. Я яму вельмі ўдзячная і заўсёды памятаю пра яго. Гэта было 7 сакавіка 2005 года ў санаторыі Міністэрства ўнутраных спраў

“Белая Русь”, што знаходзіцца на Нарачы. Быў апошні дзень адпачынку. Адпачываючыя падрыхтавалі канцэрт, а вечарам была дыскатэка. Там я яго і сустрэла. Ён мне прызнаўся, што даўно хацеў пазнаёміцца са мной. Так атрымлівалася, што я ад’язджала, а ён прыязджаў. Яго нават не заўважала. І вось такая сустрэча. Часу ў мяне было вельмі мала, раніцай я павінна была вярнуцца дадому. Усю ноч мы гулялі па Нарачы, былі вельмі шчаслівыя. Але нечакана са мной здарылася няшчасце. Ён мяне не пакінуў у бядзе. Раніцай дапамог з рэчамі і пасадзіў у маршрутку. Вельмі не хацелася расставацца, але мне патрэбна было тэрмінова паехаць. Я яму пакінула свой нумар тэлефона, а яго каардынаты не папрасіла. Вось так і страцілі адно аднаго. Два дні пасля гэтага ён мне званіў, але сувязь была дрэнная. Вельмі хочацца зноў сустрэцца з гэтым чалавекам. Завуць яго Сяргей, прозвішча не ведаю, жыў у горадзе Магілёве, пенсіянер, служыў у дэпартаменце аховы. Галіна Васільеўна Вербава, Бабруйск”.

У зямельцы сырой

“У верасні 1944 года мая маці атрымала паведамленне з ваенкамата. У ім было напісана, што мой бацька, радавы чырвонаармеец Мікіта Емяльянавіч ЦЮСЯНКОЎ, 1904 года нараджэння, ураджэнец вёскі Благавічы Чавускага раёна, загінуў 10 жніўня 1944 года і пахаваны ля вёскі Пненды Беластоцкай вобласці. Я з дзяцінства хачу знайсці звесткі пра бацьку. Дапамажыце мне ў гэтым, а таксама даведацца, дзе яго магіла. Сяргей Мікітавіч Цюсянкоў, Магілёў”.
“Шукаю звесткі пра бацьку Адама Паўлавіча ЕРМАКОВА. Ён загінуў 22 лютага 1945 года. Пахаваны за адзін кіламетр ад ракі Одэр. Таіса Адамаўна Ермакова (Судакова), Гомельская вобласць”.
“Дапамажыце ў пошуку звестак пра майго старэйшага брата Мікалая Іванавіча САРАСЕКА, 1922 года нараджэння, які прапаў без вестак у час Вялікай Айчыннай вайны. Брат, як і я, ураджэнец вёскі Сялец Краснагорскага раёна Бранскай (да снежня 1944 года Арлоўскай) вобласці. У 1939 годзе Мікалай паступіў вучыцца ў горад Суздаль Уладзімірскай вобласці ў сельскагаспадарчы тэхнікум, а праз год, у сувязі з платным навучаннем, пераехаў у горад Уладзімір. Там уладкаваўся працаваць на будоўлю і вучыўся на вячэрнім аддзяленні бібліятэчнага тэхнікума. Са жніўня 1941-га да верасня 1943 года наша тэрыторыя была акупіравана немцамі, і сувязь з братам страчана. Пазней ён дасылаў нам пераводы, але на канвертах значыліся розныя нумары палявой пошты. Пісем ён нам не пісаў. Пасля вайны прыйшло паведамленне, што лейтэнант М.І.Сарасек прапаў без вестак у снежні 1943 года. Доўгі час я шукаў звесткі пра яго. Прыйшоў адказ, што Мікалай закончыў у 1942 годзе Другое маскоўскае пяхотнае вучылішча ў званні лейтэнанта і быў накіраваны ў распараджэнне асобнай 116-й стралковай брыгады на пасаду камандзіра стралковага ўзвода. Вось і ўсё, што я ведаю пра брата.  Рыгор Іванавіч Сарасек, Чавусы”.
“Шукаем месца пахавання і смерці нашага дзядулі Андрэя Рыгоравіча СІВАКОВА, прыкладна 1900 года нараджэння. Жыў ён у вёсцы Клін Мсціслаўскага раёна. На фронт прызываўся Мсціслаўскім гарваенкаматам.  Андрэй і Уладзімір Жылінскія, Бабруйск”.
“Мой бацька Барыс Леанідавіч САКАЛОЎ, 1906 года нараджэння, ураджэнец Магілёва, па нацыянальнасці рускі. На фронт пайшоў на другі дзень вайны, быў сапёрам. Пра ваенны лёс бацькі нічога не ведаю, бо ў пачатку вайны немцы многіх жыхароў Магілёва пагрузілі ў вагоны і адвезлі ў канцлагер у Польшчу. Назвы яго не памятаю. Вярнуўся я ў родныя мясціны ў 1945 годзе. У ваенкамаце нам паведамілі, што дарагі чалавек прапаў без вестак у жніўні 1944 года. Уладзімір Барысавіч Сакалоў”.”

Забралі ў 1937-м

“Хачу знайсці інфармацыю пра свайго дзядулю Рыгора МЕРКУЛЯ, прыблізна 1895—1900 года нараджэння, які пражываў у вёсцы Кураўшчына ў той час Багушэўскага (зараз Аршанскага) раёна. Яго сям’я жыла на хутары каля возера. Жонку звалі Марыя. Яны мелі чацвёра дзяцей: Мікалая, Наталлю, Васіля і Клаўдзію. Усіх іх ужо зараз няма на гэтым свеце. У 1937 годзе прыйшлі людзі і забралі майго дзядулю. Куды, за што — ніхто не ведае. Да гэтага часу нам нічога невядома пра яго. Святлана Васільеўна Бялецкая, Рагачоўскі раён”.

Дарагія сябры

“Шукаю Алу Аляксееўну ВУСІКАВУ (Кім), якая раней жыла ў вёсцы Петухоўка Антонаўскага сельсавета Чавускага раёна. А яшчэ Валянціну БАШКОВУ (Кавалеўскую). Яе сям’ю расстралялі падчас Вялікай Айчыннай вайны немцы. Валя і Ала з адной вёскі. Марфа Азараўна Сіліч, Мінск”.
“Маё дзяцінства прайшло ў вёсцы Смольнікі Невельскага раёна Пскоўскай вобласці. У 1960 годзе я выйшла замуж і паехала ў горад Віцебск, а пазней і сябры дзяцінства паехалі ўсёй сям’ёй у Полацк. Завуць іх Іван Ігнатавіч ПАПРАДЗЕЙКА і яго жонка Соня. Яны прыкладна 1939—1942 года нараджэння. У іх было трое дзяцей. У 1995 годзе Анатоль Іванавіч прыязджаў на радзіму і распытваў пра мяне. Але адраса яму майго ніхто не даў. Хачу даведацца, як склаўся лёс гэтай сям’і, а таксама сустрэцца і ўспомніць разам дзіцячыя гады. Кацярына Аляксандраўна Аўдзеева (Хайлова), Віцебск”.
“Дапамажыце адшукаць сяброўку Любоў Адамаўну МЯДЗВЕДЗЕВУ. Мы разам вучыліся ў 1965—1966 гадах у Аршанскім тэкстыльным тэхнікуме, сябравалі, сядзелі за адной партай. Родам Люба з горада Рэчыцы. Мы не бачыліся шмат гадоў. Пасля заканчэння навучальнай установы раз’ехаліся ў розныя бакі. Вельмі хочацца даведацца, як склаўся яе лёс, і сустрэцца. Іна Аляксандраўна Міжэвіч (Старасельская), Орша”.
“Прашу адгукнуцца сваю студэнцкую сяброўку Веру Дзмітрыеўну ДАЦКЕВІЧ. Мы разам вучыліся ў Баранавіцкім тэхналагічным тэхнікуме і закончылі яго ў 1968 годзе. Вольга Іванаўна Уласюк (Цвірко), Ваўкавыск”.

Блізкія людзі

“Я разам з сястрой Ганнай Максімаўнай, якая жыве ў вёсцы Жабер Драгічынскага раёна, хочам знайсці сваю стрыечную сястру Ганну Іванаўну ЛОГВІН з вёскі Сіманавічы гэтага ж раёна. Яна прыкладна 1940—1942 года нараджэння. Сястра працавала ў Драгічыне ў рэстаране, пазней выйшла замуж і пераехала ў Оршу. Апошні раз мы з ёй сустракаліся ў 1970-х гадах у аўтобусе “Драгічын—Белаазёрск”. У Ганны былі браты Віця, Ваня, Коля, Уладзімір і сястра Валя. Маці іх звалі Пелагея. У роднай вёсцы няма ў каго спытаць пра лёс гэтай сям’і, бо не засталося іх родных. Надзея Максімаўна Галах, Івацэвіцкі раён”.
“Дапамажыце знайсці дачку маёй стрыечнай сястры Еўдакіі Львоўны Арловай, яўрэйкі, 1926 года нараджэння, ураджэнкі горада Гомеля. Яна прыкладна ў 1979—1980 годзе памерла. Дачку завуць Люба. Бацька яе па нацыянальнасці казах. Раней яны жылі ў горадзе Алма-Аце. Падчас вайны мая маці і яе дзве сястры былі эвакуіраваны ў Казахстан, у горад Урджар Сяміпалацінскай вобласці. У хуткім часе ў Дусі і Ані памерлі бацькі. Яны знайшлі ў горадзе Алма-Аце сваю старэйшую сястру і пераехалі да яе жыць. Там Дуся выйшла замуж, пазней нарадзілася Люба. Аня, цётка Любы, 1927 года нараджэння, жыла разам з імі. Хочацца даведацца і пра яе лёс. Да 1950 года мы перапісваліся, але сувязь з часам страцілася. Любе зараз прыкладна 50—55 гадоў. Высылаю вам фатаграфіі Еўдакіі і Ганны 1950 года. Можа, яны дапамогуць у пошуку пляменніцы. Ева Абрамаўна Рысіна (Каўфман), Гомель”.

 

Гора маці

“Мой сын Мікалай Мікалаевіч СЕМЯНКОЎ, які нарадзіўся 22 чэрвеня 1956 года ў вёсцы Філіпіняты Валожынскага раёна, пайшоў з дому і не вярнуўся. Гэта здарылася 9 студзеня 2002 года. Яго шукала міліцыя, але безвынікова. Да гэтага працаваў настаўнікам англійскай мовы ў школе ў пасёлку Негарэлае. Жонка яго Тамара Чаславаўна таксама настаўніца. Меў дваіх дзяцей: дачку Дар’ю, 1991-га, і сына Кірыла, 1984 гадоў нараджэння. Маё сэрца падказвае мне, што ён жывы, але нейкія абставіны перашкаджаюць яму вярнуцца ў сям’ю. Дапамажыце знайсці сына і сустрэцца з ім. Няхай ён ведае, што яго маці і сям’я любяць і чакаюць яго. Ірына Данілаўна Семянкова, Дзяржынскі раён”.
“Дапамажыце знайсці майго сына Уладзіміра Іванавіча СВІРЫДАВА, 1947 года нараджэння. Служыў у арміі ў Германіі, пазней яго перавялі ў Калінінград, ажаніўся там, яго жонку звалі Анастасія Сцяпанаўна, нарадзіўся сын. Але нешта ў іх не склалася з жонкай, яны развяліся. Апошні ліст Уладзімір прыслаў мне ў 1992 годзе. Пазней, прыкладна ў 1998-м, прыязджаў да мяне яго сын, бо думаў, што бацька вярнуўся на радзіму. Але і да гэтага часу сына я не дачакалася. Еўдакія Іосіфаўна Свірыдава, Мазырскі раён”.

Простая вясковая жанчына

“31 жніўня 2007 года прыкладна каля адзінаццаці гадзін раніцы да прыпынку  “Вуліца  Караткевіча”  ў сталіцы  падышоў  тралейбус № 59. Я зайшла і ўбачыла мужчыну, якому было гадоў 60—65. Адразу людзей шмат было, але пазней я села побач з гэтым пажылым чалавекам. Ён прапанаваў мне сустрэцца, але я адмовілася. Ён быў такі прыгожы, інтэлігентны, а я — простая вясковая жанчына. Выйшла каля Чэрвенскага рынку, а мужчына паехаў далей, нават не сказаў свайго імя, а я яму сваё. Часта езджу на 59-м тралейбусе, але не сустракала гэтага мужчыну. Вельмі хочацца яго ўбачыць і растлумачыць усё. Валянціна Канстанцінаўна Міхайлішына, Мінскі раён”.

Паехаў на заробкі

“Шукаю ўнука Дзяніса Юр’евіча ЦІХАНОЎСКАГА, 1982 года нараджэння, які пражываў са мной у Гродне. У жніўні 2008 года ён з малодшым братам Алегам паехаў у Расію, у Санкт-Пецярбург, на заробкі. Зарэгістраваліся ў “Домфірм”, жылі ў інтэрнаце. Пазней на Неўскім праспекце працавалі ў фірме “Камфорт плюс”. У лютым 2009-га Алег вярнуўся дадому, а Дзяніс застаўся там. Без работы, без грошай, без даху над галавой. Вось з таго часу і да сённяшняга дня я не ведаю, што з ім.   Бацька маіх унукаў памёр у 2001 го-дзе. Маці паехала ў горад Манчагорск Мурманскай вобласці. Я вельмі моцна турбуюся за ўнука, баліць душа за яго. Надзея Васільеўна Ціханоўская”.

Было ў матулі трое сыноў

“Не думала, што ў старасці ў мяне будзе столькі гора. Пераехалі мы ў вёску ў 1998 годзе. Праз два гады памёр муж. У 2003 годзе 42-гадовага сына, які паехаў на заробкі ў Маскву, забілі. А перад гэтым яшчэ адзін мой сын, яму быў усяго 31 год, памёр. А цяпер прапаў без вестак трэці сын Аляксандр Мікалаевіч БАРОЎСКІ, 1969 года нараджэння. Дзевяць гадоў прарабіў вадзіцелем вялікагрузнай машыны. Ездзіў часта адзін за мяжу, каб зарабіць больш грошай. І вось у горадзе Вязьма Смаленскай вобласці парушыў правілы дарожнага руху, і ў яго забралі вадзіцельскія дакументы. Ён вярнуўся дадому. Пазней прыйшло паведамленне, каб Саша заплаціў пяцьсот расійскіх рублёў штрафу. Я яго праводзіла на вакзал. Пасля гэтага пра сына нічога не ведаю. Звярталася ў міліцыю. Праз нейкі час сына знайшлі: ён быў у следчым ізалятары горада Смаленска, правёў там тры месяцы. 26 чэрвеня 2008 года яго выпусцілі, і ён знік невядома куды. Я ўвесь час чакаю яго вяртання. Не сплю начамі, успамінаю свайго сына. Прашу ўсіх добрых лю-дзей дапамагчы мне ў пошуку Аляксандра. Зоя Лаўрэнцьеўна Бароўская, Бабруйскі раён”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter