На ўрачыстасцях у Самары гучалі беларускія песні

У Самары – юбілей

На ўрачыстасцях у горадзе гучалі беларускія песні

На ўрачыстасцях у горадзе гучалі беларускія песні


Сёлета ў Самары, калі разабрацца, два юбілеі. Урачыстасці ў Дзень горада праходзілі ў гонар яго 430-годдзя і 75-годдзя прысваення Куйбышаву (так у савецкі час называлі Самару) статусу запасной сталіцы краіны.


Актывісты суполкі  “Руска-Беларускае Братэрства 2000” на свяце

Ну і 2016-ы ўвойдзе ў гісторыю: Самары прысвоена ганаровае званне “Горад працоўнай і баявой славы”. Ганаровы знак, грамату і ўзнагародную стужку ўручылі гораду вядомыя людзі: Герой Працы, першая жанчына-касманаўтка, наша супляменніца-беларуска Валянціна Церашкова і Герой Расіі, камандуючы ПДВ генерал-палкоўнік Уладзімір Шаманаў. Ва ўсіх раёнах горада 11 верасня прайшлі святочныя імпрэзы з удзелам нацыянальных творчых калектываў, майстар-класы і кірмашы.

І актывісты моладзевага аддзялення Самарскай абласной арганізацыі беларусаў “Руска-Беларускае Братэрства 2000” былі ў святочным віры: на пляцоўцы Савецкага раёна. А ў другой палове дня ў парку “Победа” сотні гледачоў сабраў святочны канцэрт. Для самарцаў і гасцей горада выступілі й нашы творчыя калектывы. Гледачы цёпла прымалі гурт “Каданс”, падтрымлівалі апладысментамі выступленні харэаграфічных калектываў “Вікторыя” і “Мазаіка”. А беларускія гульні ды і забавы для ахвотных праводзілі Арына Камiсарава і Анастасія Гуркіна. Можна было прымераць беларускі строй, галаўныя ўборы, зрабіць у іх здымак на памяць, прадэгуставаць стравы беларускай нацыянальнай кухні.

Прэзідэнт суполкі Ірына Глуская і кіраўнік прэс-службы, галоўрэд часопіса “Адзінства/Единство” Мікалай Бойка падрыхтавалі да свята цікавую выставу, прысвечаную ўнёску беларусаў у гісторыю самарскага рэгіёну. Ірына Міхайлаўна расказала, што Самара заўсёды іграла важную ролю ў жыцці краіны, развіцці эканомікі, навукі, культуры. Гераічная старонка ў яе летапісе — Вялікая Айчынная вайна. У тыя суровыя гады, калі вораг стаяў пад Масквой, Куйбышаву-Самары і была адведзена адказная роля “запасной сталіцы” Савецкага Саюза. У горад былі эвакуяваны ўрадавыя ўстановы, дыпмісіі, у самыя кароткія тэрміны створаны буйны транспартны вузел, разгорнута вытворчасць ваеннай тэхнікі, зброі, боепрыпасаў і харчавання для патрэб фронту. І менавіта ў Самары 7 лістапада 1941 года прайшоў адзін з легендарных парадаў, які прадэманстраваў рашучасць савецкага народа разграміць агрэсара, адстаяць родную зямлю ад захопнікаў. “Сталічныя” функцыі горад фактычна і выконваў да 1943 года.

Мікалай Бойка перакананы: дзень 11 верасня ўвойдзе ў гісторыю вобласці як святочны. Ганаровае званне “Горад працоўнай і баявой славы” — гэта прызнанне краінай вялікага ўнёску шматнацыянальнага насельніцтва горада ў Вялікую Перамогу, гераізму самарцаў у тыле ворага і на франтах вайны.

У святочных мерапрыемствах прынялі ўдзел губернатар вобласці Мікалай Мяркушкiн, кіраўнік Самары Алег Фурсаў, іншыя вядомыя людзі. Самара — першы горад Расіі, які атрымаў ганаровы знак. З ініцыятывай прысваення гораду такога статусу выступілі ветэраны Вялікай Айчыннай, грамадскасць, у тым ліку і кіраўнікі этнасуполак, урад вобласці, адміністрацыя горада. Ініцыятыву падтрымаў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.

Святкаванне Дня горада завяршылася грандыёзным салютам.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter