На Стары Новы год беларусы ў прыволжскім горадзе клікалі за святочны стол міфічнага Мароза

У Самары — Багатая Куцця

Не сакрэт: асаблівасці, традыцыі, звычаі ў кожнага народа — свае. А беларускія навагоднія традыцыі — гэта цікавы мікс як новых, так і даўніх завядзёнак. Асаблівае месца сярод іх займае сустрэча “Старога Новага года”: калі сваякі, сябры збіраюцца разам, адпачываюць і праводзяць розныя абрады.

Стары Новы год у Самары святкуюць крэатыўна


Актыў Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў і выхадцаў з Беларусі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” — гэта, па сутнасці, родныя людзі. Увечары 13 студзеня, аддаючы даніну павагі традыцыям беларусаў, весела сустракалі Стары Новы год (СНГ). Тое было ў Цэнтры пазашкольнай адукацыі “Творчество” гарадской акругі Самара — творчага партнёра суполкі. Кожнага сустракала навагодняя ёлка, і пад ёй вядучыя вечарыны Іна Сухачэўская і Марына Кірылава заклікалі ўсіх далучацца да абрадавых забаваў і гульняў.

Пад час Навагодніх святаў нашы продкі праводзілі рытуалы, варажылі: такім чынам спадзяваліся зазірнуць у будучыню, а заадно забяспечыць у Новым годзе лад і дастатак сабе і сямейнікам. Важная частка свята ў беларусаў — абрадавая вячэра, да якой у кожнай сям’і рыхтуюцца. На сталах па традыцыі размяшчаюць 12 розных страў, кожная сімвалізуе нейкую пару года. Гаспадыні падаюць каўбасы, катлеты, іншыя стравы са свініны ці ялавічыны, масла, сыр, бліны, салёную і марынаваную гародніну, кісялі ці ўзвары, рыбу, грыбы... А галоўная, абавязковая абрадавая страва святочнай вячэры — Куцця.

Актывісткі суполкі штогод імкнуцца да Шчодрага вечара нагатаваць як мага больш страў: павер’е даўняе ёсць, што як правядзеш Стары год і сустрэнеш Новы — такім і будзе ўвесь год. І вось пачынаецца святочнае застолле пад назвай Багатая Куцця. Святочныя стравы ўпрыгожылі стал. Гаспадар уяўнай хаты — ягоную ролю на гэты раз даручылі віцэ-прэзідэнту суполкі Мікалаю Чырко — адчыніў вакно і запрасіў да стала ўсемагутнага Мароза. Дарэчы, Мікалай Сцяпанавіч — цудоўны знаўца беларускай мовы. Ён прамовіў: “Мароз, Мароз, хадзi куццю есцi! Улетку не бывай, бо мы будзем цябе бiцi жалезнымi пугамi!”.Такімі абрадавымі словамі беларусы імкнуцца паўплываць на сілы прыроды. Гаспадыня хаты (то была сябра праўлення суполкі Галіна Кандаровіч) таксама, набраўшы лыжку куцці, падышоўшы да вакна, пастукала ў яго і звярнулася да Мароза: “Мароз, Мароз, хадзi куццю есцi! Каб не марозiў расады, агуркоў, гарбузоў, морквы, буракоў i ўсяго, што мне трэба пасеяць”.

Моладзь тым часам з цікавасцю назірала ды, як кажуць, на вус матала, што адбываецца пад час застолля. Некаторыя ж казалі, што раней і не ведалі пра такія традыцыі сустрэчы Старога Новага года. А яшчэ ж свята было ў беларусаў — са шчадраваннем. І наша творчая моладзь, у вобразе шчадрацоў-шчадроўнікоў, велічала песнямі ўдзельнікаў Багатай Куцці. Абышлі шчадрацы ўсе святочныя столікі, а за песні-велічанні-шчырыя пажаданні шчодра частавалі іх усе, адорвалі. Пад час свята быў прадстаўлены і беларускі абрад Засявання: яго выконваюць дзеці. З торбай, напоўненай зернем, з песняй прыйшлі засявальшчыкі. У песні жадалі гаспадарам у Новым годзе дабрабыту, добрага ўраджаю, віталі кожны сямейны столік ды імітавалі сяўбу: пасыпалі падлогу зернем жыта, аўса, ячменю. А ў падзяку за тое малыя атрымалі падарункавыя наборы цукерак.

Беларусы вераць, што ў ноч з 13 на 14 студзеня найлепш спраўджваюцца варожбы. І, вядома ж, нашы дзяўчаты не абышлі гэту Калядную традыцыю. Варажылі старанна! І ўвесь вечар пераапраналіся: кажуць, у дзяўчат завядзёнка была па некалькі разоў на святочны дзень пераапранацца ва ўсё новае. Лічыцца, што тады і ўвесь год будуць абноўкі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter