Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Кульмінацыяй Дзён беларускай культуры-2017 у Латвіі стала ўрачыстасць з удзелам знакамітага ансамбля

У Рызе разам з “Песнярамі”

Сёлета, як вядома, восеньскія Дні беларускай культуры ў Латвіі прысвячаліся 135-м угодкам Янкі Купалы і Якуба Коласа. Вялікая ўрачыстасць прайшла 22 кастрычніка і ў зале Іманта Зіедоня Латвійскай Нацыянальнай бібліятэкі. Пачыналася вечарына песняй “Беларусь”, словы і музыку якой стварыла Юлія Кірэева. А спявала Людміла Сінкевіч, салістка  ансамбля беларускай песні “Надзея” Рыжскага беларускага таварыства “Прамень”. Віталі сяброў і гасцей свята старшыня Саюза беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова і дэпутат ХІІ Сейма, ініцыятар правядзення Дзён, кіраўніца суполкі “Прамень” Алёна Лазарава.

Спявае Людміла Сінкевіч

Валянціна Піскунова нагадала, што сёмы ўжо год праходзяць у Латвіі Дні беларускай культуры — у розных гарадах, з рознай тэматыкай. Яны выказала падзяку беларускім суполкам за актыўнасць у пашырэнні беларускай мовы, традыцый, культуры ў Латвіі, зачытала віншаванне ад Прэзідэнта Латвіі Райманда Вейаніса, падзякавала арганізацыям, сябрам беларускага руху за падтрымку. Галоўнаму ж спонсару — кіраўніку Рыжскага свабоднага порта Ансісу Зэлтыньшу — спадарыня Валянціна падарыла карціну беларускага мастака Міколы Гаўрыловіча і выказала ўпэўненасць: беларускія тавары знойдуць свой шлях да пакупнікоў па ўсім свеце праз Рыжскі свабодны порт.

Алёна Лазарава расказала, як упрыгожваецца ўсё новымі ўзорамі сямімятровы Беларускі Ручнік: яго вышываюць да 100-х угодкаў Латвійскай Рэспублікі майстрыхі з беларускіх суполак, што паядналіся ў Саюз беларусаў Латвіі. На ручніку з’яўляюцца арнаменты, якія сімвалізуюць мір, багацце, сонца, лад, пажаданні кахання й дабрабыту. “Такі ручнік — гэта прыгожае, у нацыянальным стылі выяўленне любові нашай, беларускай, да Латвіі, — казала Алёна Лазарава. — Мы яе любім як нашу другую маці, працуем на яе карысць і жадаем жыць з усімі народамі ў згодзе і сяброўстве. А якраз культура паядноўвае народы!”

На ўрачыстасці выступалі дэпутат Рыжскай думы Максім Талстой, дэпутат Еўрапарламента Андрэй Мамыкін. Дзякуючы яму, дарэчы, 14 лаўрэатаў конкурсу даследчых работ “Беларусы Латвіі. Мінулае і сучаснасць” сёлета наведалі Брусэль. Былі сустрэча ў Еўрапарламенце, экскурсія па горадзе, сустрэча ў місіі Беларусі ў Еўразвязе.

В. Піскунова, А. Лазарава і спонсар свята  А. Зэлтыньш

Аляксей Васількоў, Першы сакратар Амбасады Беларусі ў Латвіі, таксама вітаў прысутных. Ён уручыў Ганаровыя граматы Міністэрства культуры Беларусі вядомым кіраўніцам беларускіх суполак: Наталлі Бальшаковай з Вентспілса, Валянціне Дарашчонак з Екабпілса, Таццяне Гогалінскай з Дагды. Даслаў віншаванне і Генеральны консул Беларусі ў Даўгаўпілсе Уладзімір Клімаў. Вітаў сяброў і гасцей змястоўнай, эмацыйна яркай прамовай госць з Бацькаўшчыны, даўні сябар беларусаў Латвіі Аляксандр Лукашанец: доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. (Дарэчы, у сярэдзіне лістапада стала вядома: першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы й літаратуры НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец абраны акадэмікам. Віншуем, Аляксандр Аляксандравіч! — Рэд.) Ён, у прыватнасці, казаў: “Мне вельмі прыемна зараз адзначыць, што 135-гадовы юбілей з дня нараджэння беларускіх класікаў шырока святкуецца і за межамі нашай краіны. Яскравы прыклад таго — і сённяшняе мерапрыемства. Таму я, як прадстаўнік Беларусі ды акадэмічнага Інстытута мовазнаўства, які носіць імя Якуба Коласа і Янкі Купалы, хачу выказаць шчырыя словы ўдзячнасці Саюзу беларусаў Латвіі, яго кіраўніцтву і ўсім нашым суайчыннікам за тую вялікую і высакародную работу па захаванні, пашырэнні беларускай мовы, беларускай культуры ў свеце, за сённяшняе свята, за тое, што захоўваеце памяць пра нашых славутых класікаў. Гэтая высакародная праца з’яўляецца лепшым прыкладам міжнароднай дыпламатыі, якая спрыяе ўмацаванню дружбы і ўзаемаразумення, пашырэнню культурнага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі і нашымі народамі”. Чароўнаю музыкай з вуснаў госця гучалі радкі з вядомага верша Уладзіміра Караткевіча “Беларуская песня”: “Дзе мой край? Там, дзе мудрыя продкі у хвоях паснулі,/ Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары,/ А дзяўчаты, як дождж залаты. А сівыя матулі,/ Як жніўё з павуціннем і добрае сонца ўгары./ Там звіняць неўміручыя песні на поўныя грудзі,/ Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок,/ Тая гордая мова, якую й тады не забудзем,/ Калі сонца з зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок”. 

Вучоны выказаў упэўненасць, што калі ў нас ёсць такім нацыянальныя волаты, як Янка Купала і Якуб Колас, калі ёсць людзі, якія шануюць і зберагаюць памяць пра іх, то наша беларуская мова, наша беларуская культура, наша краіна і наш беларускі народ будуць існаваць аж да таго часу, “калі сонца з зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок”. 

У суладдзі з высокімі словамі гучала вядомая песня Ігара Лучанка на словы Якуба Коласа “Мой родны кут” — спявала салісткі гурта “Надзея” Ларыса Люцько. А гурт “Вавёрачка” (музычны кіраўнік Наталля Дзірвук) з Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы праспяваў песню “З Купалам у сэрцы” — верш Сяргея Панізьніка, музыка Міколы Яцкова. Пасля гурт “Надзея” натхнёна выканаў песню Юрыя Семянякі на словы Янкі Купалы “Явар і каліна”, беларускую народную песню “Шэрая лашадачка”. Дарэчы, ансамбль беларускай песні “Надзея” з суполкі “Прамень” — старэйшы ў Латвіі, ён у творчым росце з 1988 года. У верасні ўдзельнічаў у трэцім Фэсце мастацтваў беларусаў свету ў Мінску, быў адзначаны Ганаровай граматай Міністэрства культуры Беларусі. Музычны кіраўнік гурта — Ларыса Люцько, канцэртмайстар — Сава Зіх.

На завяршэнне літаратурнай часткі вечарыны гучаў вядомы верш Петруся Броўкі, прысвечаны беларускім Песнярам: “Купала і Колас, вы нас гадавалі,/ Мы з вамі выходзілі заўжды ў дарогу,/ А як акрыляла нас вашае слова,/ Што сказана простаю матчынай мовай!”… А потым сцэна была аддадзена “Песнярам”, вядомаму беларускаму дзяржаўнаму ансамблю, які прыехаў у Рыгу па запрашэнні Саюза беларусаў Латвіі. Як вядома, ансамбль быў створаны ў 1969 годзе пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мулявіна, які многа зрабіў для пашырэння беларускай песні ў свеце. Ансамбль па-ранейшаму шырока выкарыстоўвае ў творчасці беларускі фальклор. Многія песні Уладзімір Мулявін стварыў на вершы беларускіх паэтаў, у тым ліку і Янкі Купалы, Якуба Коласа. Для ўсіх, хто быў у святочнай зале, сустрэча з легендарным ансамблем стала каштоўным падарункам. Усе мы атрымалі вялікую асалоду, адчулі душэўны пад’ём, акунуўшыся ў мілагучнае хараство родных песень.

Алёна Міцкевіч, член рэдкалегіі газеты беларусаў Латвіі “Прамень”

Голас Радзімы № 47 (3551), чацвер, 14 снежня, 2017 у PDF

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter