У Рудабельскім краі ўжо Купалле

VIII Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва ў Акцябрскім запрасіў 500 удзельнікаў

— Менавіта тут, у нашым сціплым палескім краі, спалучаюцца і светлая маладосць, і рамантычнае юнацтва, і мудрая сталасць. Моладзь павінна пранесці праз сваё жыццё духоўную спадчыну продкаў і як вялікую каштоўнасць перадаць яе нашчадкам.

Усё тут захапляльнае: конкурс танцавальных пар (выканаўцаў народных танцаў), шосты рэспубліканскі турнір дзіцячых фальклорных калектываў, кірмаш народных умельцаў, канцэрты-прэзентацыі мастацкіх праграм, выступленні расійскіх фальклорных калектываў і сольныя канцэрты. А сёння ў праграме — адно з самых загадкавых народных святаў — Купалле з традыцыйным шэсцем, карагодам і пляценнем вяночкаў.

На працягу чатырох дзён у гарадскім пасёлку Акцябрскі пануе атмасфера свята, гасціннасці і добразычлівасці. Гаспадары паказваюць, як яны ўмеюць спявать, танцаваць і весяліцца. А госці жадаюць, каб гэтае свята цягнулася як мага даўжэй. Тыя, хто пабываў на «Берагіні» хоць аднойчы, вяртаюцца сюды зноў і зноў.

Завершыцца свята ў Рудабельскім краі заўтра ўзнагароджаннем і канцэртам пераможцаў.

Наталля ВАКУЛІЧ, «СГ»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter