У«Родным куце» ўсё сваё. Нават цэны

ПАСТАЎСКАЕ райпа, якое вось ужо амаль трыццаць гадоў узначальвае заслужаны работнік сферы паслуг Рэспублікі Беларусь, кавалер ордэна «Знак Пашаны» Рыгор ЛЕЎКАВЕЦ, даўно ўжо ў ліку самых лепшых у краіне. Дзякуючы разгалінаванай уласнай вытворчасці (адных падсобных цэхаў ажно адзінаццаць!) летась атрымана прадукцыі амаль на шэсцьдзясят мільярдаў рублёў. На 1 мільён 156 тысяч долараў ЗША пастаўлена яе на экспарт. Цэны ў крамах райпа па многіх пазіцыях ніжэй, чым у канкурэнтаў.

У крамах Пастаўскага райпа кошт тавараў ніжэй, чым у іх канкурэнтаў

ПАСТАЎСКАЕ райпа, якое вось ужо амаль трыццаць гадоў узначальвае заслужаны работнік сферы паслуг Рэспублікі Беларусь, кавалер ордэна «Знак Пашаны» Рыгор ЛЕЎКАВЕЦ, даўно ўжо ў ліку самых лепшых у краіне. Дзякуючы разгалінаванай уласнай вытворчасці (адных падсобных цэхаў ажно адзінаццаць!) летась атрымана прадукцыі амаль на шэсцьдзясят мільярдаў рублёў. На 1 мільён 156 тысяч долараў ЗША пастаўлена яе на экспарт. Цэны ў крамах райпа па многіх пазіцыях ніжэй, чым у канкурэнтаў.

Два тыдні таму ў Паставах адкрыты адзін з буйнейшых у вобласці супермаркетаў «Родны кут». Яго плошча — тысяча квадратных метраў, а таму мясцовыя адразу ж ахрысцілі новую гандлёвую кропку па-свойму — «тысячнік».

Аднак не памеры яго прыцягваюць сюды пакупнікоў, а ў першую чаргу — цэны. Яны на многія хадавыя тавары ніжэйшыя не толькі, чым у камерцыйных крамах, а нават і ў славутым «Еўраопце». Так, каўбаса сыравяленая каштуе тут усяго 84 тысячы рублёў за кілаграм, у той час як у іншых кропках — ад 120 тысяч і вышэй. Каўбаса «Руская, вараная» вышэйшага гатунку — 37600 рублёў. Бохан хлеба гарачага «Мурамскі» — 7350 рублёў, агуркі салёныя, бачкавыя — 11850. І гэтак далей.

Сакрэт даволі нізкіх і нязвычных на сёння цэн раскрывае загадчыца супермаркета Марына Давідзюк:

— У нас каля дваццаці тысяч найменняў тавараў. З іх — палова ўласнай вытворчасці. Толькі хлебабулачных вырабаў пад восем дзясяткаў сартоў.

У мясной секцыі — сала, каўбасы, гародніна. Ёсць таксама прадукцыя мясцовых малаказавода і рыбгаса.

Абышоўся супермаркет райспажыўсаюзу амаль у восем мільярдаў рублёў.

— Адкуль у вас такія сродкі? —  пытаюся ў старшыні райпа Рыгора Леўкаўца.

— Зарабілі! — адказаў ён адным словам.

Грошы прыносіць усё, што можа. Узяць, напрыклад, тую перапрацоўку закупленых у насельніцтва гародніны і фруктаў. У Паставах сёння соляць, квасяць, сушаць, марынуюць практычна ўсё, што вырошчваецца на агародах. З яблык, якія насельніцтва раней скармлівала свінням, цяпер вырабляюць цудоўны натуральны сок, беларускую антонаўку мочаць. Усяго пераапрацоўваецца да паўтары тысячы тон сыравіны ў год. Летась у краіны Еўрасаюза паставілі больш за дзевяноста тон ягад.

Карэнным чынам мадэрнізаваны мясны цэх. Гэта дало магчымасць пашырыць асартымент прадукцыі, асабліва сыравяленых і вэнджаных вырабаў, павысіць іх  якасць.

Гонарам райспажыўсаюза з’яўляецца хлебазавод. Сем сартоў яго прадукцыі заваявалі медалі, у тым ліку залатыя, на рэспубліканскіх кірмашах-выставах.

Што тычыцца магазінаў, то супермаркет «Родны кут» стаў чацвёртай буйной гандлёвай кропкай у райцэнтры. Да гэтага там былі адкрыты тры ўніверсамы.

Не пакрыўджана і вёска. Толькі ў апошнія гады з’явіліся новыя крамы ў Ляхаўшчыне, Парыжы, Навінках, Лучаі, Варапаеве. 329 вёсак, у тым ліку самых маленькіх і аддаленых, абслугоўвае дзесяць аўталавак. Тавары для сяла пастаўляюцца па больш нізкіх цэнах.

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter