Па чацвяргах у магiлёўскiх бiблiятэках размаўляюць выключна па-беларуску

У роднай мовы асаблiвы смак

У Магілёве загаварылі выключна па-беларуску. Пакуль толькі па чацвяргах. І ў асноўным у бібліятэках.

— Такая ідэя нарадзілася ў школах і дзіцячых садах абласнога цэнтра. Нам яна вельмі спадабалася, і мы вырашылі праект пашырыць: прапанаваць размаўляць на роднай мове сваім чытачам. Акцыю так і назвалі: «Беларускі чацвер», — падзялілася маркетолаг Цэнтральнай гарадской бібліятэкі Магілёва імя Карла Маркса Наталля Ерафеева. 

У чацвер размаўляем па-беларуску!

Трэцякласніца Насця Панчанка ў дзіцячай бібліятэцы-філіяле № 2 чаканы госць. Дзяўчынцы падабаюцца і рускія, і беларускія казкі. Адкрыла для сябе і Купалу з Коласам. «У нашай дваццать трэцяй школе, — кажа, — мы таксама па чацвяргах размаўляем выключна на роднай мове». І адзначыла, што падабаюцца ёй мультфільмы, героі якіх смакуюць беларускую мову, ласункі называюць цукеркамі і вучаць такім прыгожым словам, як «ажыны» ці «суніцы». Шкада, што па тэлебачанні такіх анімацый не ўбачыш. 

— Мы складалі сваю відэатэку з розных крыніц, у тым ліку шукалі мультфільмы ў інтэрнэце, — тлумачыць выконваючая абавязкі загадчыцы Алена Чыкунова. — Для настрою гучыць беларуская музыка — народная, эстрадная, класічная. Дзеці з садоў да нас прыходзяць цэлымі групамі, школьнікі — класамі. І гэта не проста ўрок роднай мовы: хлопчыкі і дзяўчынкі становяцца актыўнымі ўдзельнікамі цікавых гульняў, адказваюць на жартоўныя пытанні віктарын. У хуткай перспектыве прымаць маленькіх гасцей будзем у больш камфортных умовах. Дзеля гэтага адзін з кабінетаў абсталявалі дзіцячымі цягнікамі, машынамі, цацкамі. І, канешне, паліцамі з цікавымі выданнямі. 

Смак беларускай мовы ў бібліятэцы адчуваецца лепш

Бібліятэка-філіял імя Шамякіна разлічана і на дарослых, і на маленькіх чытачоў. Самых юных па чацвяргах тут запрашаюць… у тэатр. «Жывыя малюнкі», лічыць загадчыца Алена Шэпелева, дапамагаюць гледачам супаставіць пачутыя словы з убачанымі вобразамі і ў выніку лепш іх засвоіць. З цікавасцю дзеці слухаюць байкі і паданні. А яшчэ самі чытаюць і малююць. Дзяўчаты з Магілёўскага бібліятэчнага каледжа імя Пушкіна, якія праходзяць тут практыку, таксама ўключыліся ў працэс папулярызацыі беларускай мовы. «Для нас гэта не фармальнасць. На самай справе прыемна чуць родную мову і размаўляць на ёй», — прызналіся Вікторыя Куляка і Кацярына Судзянкова. 

Хіт-парады лепшых айчынных часопісаў, кніжныя навінкі, падборкі знаёмых і незнаёмых аўтараў — выставы беларускіх выданняў у магілёўскіх біблятэках на працягу ўсяго тыдня запрашаюць «Любіць і чытаць сваё». А калі ўзнікае пытанне навошта, тут жа можна знайсці адказ. На спецыяльным плакаце пералічаны прычыны таго, каб размаўляць па-беларуску: не забываць мову продкаў, ганарыцца сваёй краінай, жыць цікава і карысна. Дарэчы, арганізатары прапануюць чытачам скласці спіс добрых спраў, зрабіць камплімент родным і знаёмым. А яшчэ — сфатаграфавацца на фоне расцяжкі «Не маўчы па-беларуску». І такое сэлфі на самай справе становіцца папулярным у магіляўчан. Прытым не толькі па чацвяргах. 

svet.markova@gmail.com 

Фота аўтара і Марыям Табагiры

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter