Гарадзейскія хлебаробы пастаянна аднымі з апошніх у раёне завяршалі жніво

«У разгар жніва было не да святкавання срэбранага вяселля»

Якіх яшчэ ўзнагарод не ўдастоіўся за апошнія дзесяць год камбайнер Георгій Ліхута з нясвіжскага СВК «Гарадзея»

Яшчэ не так даўно гарадзейскія хлебаробы пастаянна аднымі з апошніх у раёне завяршалі жніво. Не хапала ўборачнай тэхнікі. Ураджайнасць збожжавых на багатых радзівілаўскіх землях не дасягала 30 цэнтнераў з гектара. Сёлета ўпершыню перакрыты рубеж у 70 цэнтнераў на круг. Уборачныя экіпажы СВК «Гарадзея» дасягнулі самай высокай у раёне выпрацоўкі на камбайн. Па 900 тон зерня намалочвалі і па 800 тон штодзённа перапрацоўвалі на збожжатаку. 1812 гектараў яравых і азімых убралі за два тыдні. Такога тут яшчэ не было.


Лепшым у гаспадарцы прызнаны шасцікратны пераможца рэспубліканскага спаборніцтва на ўборцы зерневых культур камбайнер Георгій ЛІХУТА, які на магутным «Лексіёне» намалаціў каля двух з паловай тысяч тон збажыны. Трынаццатае жніво Георгій Міхайлавіч працуе на гэтым камбайне. Некалькі гадоў памочнікамі ў яго былі сыны-школьнікі Дзяніс і Яўген, якія ўжо не толькі школу, але і вышэйшыя навучальныя ўстановы закончылі і самастойна працуюць. Старанне іх бацькі на хлебнай ніве адзначана дзяржаўнай узнагародай — медалём «За працоўныя заслугі». Аўтамабілем, камп’ютарам, тэлевізарамі і грашовымі прэміямі ўзнагароджваўся механізатар Георгій Ліхута за плённую працу ў гаспадарцы, у якой маці даглядала жывёлу, бацька быў трактарыстам.

Сялянскі род Ліхутаў спрадвеку месціўся ў ваколіцах густанаселенай вёскі Вялікая Лысіца, падворкі якой раскіданы па ўзгорках. Чатыры прасёлкавыя шляхі-дарогі перасякаюць сяло. Магутныя самазвалы ў час жніва з раніцы да позняга вечара абуджалі наваколле натужным гулам рухавікоў. На асобных участках ураджайнасць азімай пшаніцы перавышала 80 цэнтнераў з гектара. І ячменнае поле парадавала рэкорднай ураджайнасцю, якая таксама перавышала 80 цэнтнераў з гектара. За два тыдні масавага жніва СВК «Гарадзея» прадаў дзяржаве звыш тысячы тон высокаякаснага піваварнага ячменю і 300 тон пшаніцы. Для аператыўнай перапрацоўкі зерня, што паступала ад камбайнаў, на збожжатаку за кароткі тэрмін былі ўсталяваны спецыяльныя металічныя ёмістасці, у якія засыпалі дапрацаванае зерне. Круглыя суткі не спыняў работу збожжаток. Старшы аператар збожжасушыльнага комплексу ЗСК-30 Іван Яцкевіч за многія гады працы такога патоку зерня не памятае. Сухое надвор’е спрыяла зладжанай працы як на полі, так і на збожжатаку.

Адразу пасля завяршэння ўборкі ўсёй гаспадаркай святкавалі «Дажынкі». Многія ўдзельнікі жніва атрымалі Ганаровыя граматы і грашовыя прэміі. Кіраўнік СВК «Гарадзея» Мікалай Салавей не скупіўся на цёплыя словы падзякі ўсім, хто прыкладаў намаганне, каб хутка і  якасна  ўбраць  вырашчаны ўраджай. Амаль трынаццаць тысяч тон зерня намалацілі сёлета гарадзейскія хлебаробы. Перадавога камбайнера Георгія Ліхуту, які прызнаны лепшым у раёне, прыехаў павіншаваць старшыня Нясвіжскага райвыканкама Іван Крупко. На сучасных камбайнах  найлепшай выпрацоўкі дасягалі вопытны механізатар Андрэй Баран і малады камбайнер Вячаслаў Галавацкі. А на перавозцы збажыны ад камбайнаў асабліва вызначыўся малады вадзіцель Павел Якшук. Пасля завяршэння жніва ў сваёй гаспадарцы некалькі ўборачных экіпажаў з Гарадзеі адправіліся дапамагаць хлебаробам Барысаўскага раёна.

— Некалі нам дапамагалі з уборкай, а цяпер мы можам падставіць плячо іншым, — заўважае камбайнер СВК «Гарадзея» Георгій Ліхута. — Ні хвіліны ў гэтае жніво мы не прастаялі. Усё дакладна было адладжана. У мінулыя гады мы да чатырох і нават да пяці гадзін раніцы малацілі збажыну ў полі. Вочы зліпаліся ад стомы. Асабліва доўга працавалі, калі сіноптыкі папярэджвалі пра магчымую непагадзь. Спяшаліся выкарыстаць пагодлівы час, а ў дождж дазвалялі сабе адпачынак. Сёлета такой напругі не было. Да дзесяці вечара працавалі ў полі. Тэмпы вытрымлівалі.Тэхніка магутная, і прадукцыйнасць працы атрымлівалася даволі высокая. У мінулыя гады ўраджайнасць была меншая, і таму страты нязначныя. А тут, калі на асобных участках зерне патокам лілося, аж за 80 цэнтнераў з гектара, толькі і сачыў, каб усё спраўна працавала. Раней мой камбайн быў навейшы і лягчэй ішоў. Ужо амаль выпрацаваў рэсурс.

— Што паспрыяла поспеху на хлебнай ніве?

— Усё разам, пачынаючы ад насення і да падрыхтоўкі глебы, догляду пасеваў. Кліматычна спрыяльны выдаўся год для збожжавых. Чаго не скажаш пра прапашныя і кармавыя культуры. Кукуруза на многіх масівах засохла, цукровыя буракі, можа, яшчэ адыйдуць, але рэкордных ураджаяў ад іх не будзе.

— Вашы сноўскія суседзі сабралі па 85 цэнтнераў збожжавых з гектара, а ў СВК «Новае жыццё» — амаль па 90. Так што і ў вас ёсць яшчэ рэзервы. Якімі вы іх бачыце?

— Нашы землі амаль аднолькавыя па ўрадлівасці, таму і мы павінны імкнуцца да такіх паказчыкаў. Тэхніка ў нас самая сучасная. Застаецца больш пільную ўвагу надаць тэхналогіі вырошчвання сельгаскультур, апрацоўцы і запраўцы глебы. Як адзначае наш старшыня Мікалай Салавей, вясною мы высеваем 350 тон насення збожжавых, а на жніве намалочваем амаль 13 тысяч тон, а можам выйсці і на 15 тысяч.

— Георгій Міхайлавіч, па ўраджайнасці збожжавых у ліку лепшых агракамбінат «Сноў» не толькі ў Нясвіжскім раёне, але і ў рэспубліцы. А як вам удавалася абыходзіць сноўскіх камбайнераў па намалотах збажыны?

— Так, два гады запар мы першынствавалі ў рэспубліканскім спаборніцтве на жніве, два гады займалі другое месца і двойчы — трэцяе. Найбольшых намалотаў дасягалі, таму што пасля ўборкі ў сваёй гаспадарцы выязджалі дапамагаць іншым. Так складаўся агульны намалот. Я вельмі ўдзячны сваім сынам, якія некалькі гадоў запар дапамагалі на ўборцы збожжавых. На камбайне «Лексіён-480» працую з 2002 года. Тры гады памочнікам у мяне быў старэйшы сын Дзяніс, якому тады ішоў пятнаццаты год.

— За штурвал яму яшчэ нельга было садзіцца?

— Ён раненька перад выхадам у загонку камбайн пачысціць, ключы падасць у час невялікай паломкі, «чубы» на полі прыбярэ, па ходу камяні адкіне ад матавіла. Нашы камбайны хадзілі па полі хутка, таму памочніку спраў хапала. Я за штурвалам вёў камбайн, а Дзяніс побач на полі заўжды быў.

— У спякоту вады падаваў напіцца?

— Вадой мінеральнай мы былі забяспечаны. У кабіне ўсталяваны халадзільнік, і там заўжды ёсць напоі. Кандыцыянер падтрымліваў неабходную тэмпературу. На полі спякота, а ў камбайне ідэальныя ўмовы, толькі працуй.

— Як вы з сынам той першы сумесны сезон адпрацавалі?

— І не спадзяваліся на поспех. Стараліся зарабіць грошай. А пасля жніва нас запрасілі на Рэспубліканскае свята-кірмаш «Дажынкі-2004» у Ваўкавыск, там мне ўручылі ключы ад легкавой аўтамашыны, а Дзянісу — камп’ютар. На наступны год мы зноў лідыравалі ў рэспубліканскім спаборніцтве сярод экіпажаў зернеўборачных камбайнаў, і нас на «Дажынках-2005» у Слуцку прэміравалі грашыма і камп’ютарам. Нават сцяг на адкрыцці «Дажынак» у Слуцку я ўздымаў.

— Так  што ў вас дома можна адкрываць камп’ютарны клуб?

—  Яшчэ  некалькі  гадоў  запар сына ўзнагароджвалі камп’ютарамі. У кожным пакоі нашага дома яны стаяць. Усе мае дамачадцы асвоілі гэту сучасную тэхніку. Колькі гадоў працую на магутным «Лексіёне-480», столькі падарункаў атрымліваў па выніках жніва. Летась у самы разгар уборкі збожжавых нават срэбранае вяселле з жонкай Ірынай Мікалаеўнай не адзначалі. Не да святкавання было.

— Георгій Міхайлавіч, а які намалот быў рэкордным у вас?

— Калі мы з сынам Дзянісам працавалі  і  ў  той  год  намалацілі 3 тысячы 600 тон у сваёй гаспадарцы і дапамагалі ў Мінскім раёне. Агульная колькасць склала звыш 4 тысяч тон. Гэта быў лепшы намалот па рэспубліцы.

— Хлебныя нівы гаспадаркі акружаюць з усіх бакоў вашу вёску Вялікая Лысіца. Калі побач убіралі збажыну, меншы сын на поле прыходзіў?

— Жэнька з малых гадоў зайздросціў брату, што ён са мной на камбайне. Прыбягаў не толькі на поле, а і дапамагаў  на мехдвары, калі рыхтавалі камбайн да жніва. Дзяніс тры гады са мной парабіў і пайшоў вучыцца ў ліцэй, а Жэня яго падмяніў. З ім мы занялі другое месца ў рэспубліканскім спаборніцтве, і нас узнагародзілі халадзільнікам. Некалькі сезонаў працавалі разам з Жэняй, а потым і ён паступіў вучыцца. Абодва мае сыны з залатымі медалямі школу закончылі, а потым і Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Цяпер працуюць спецыялістамі.

— А хто сёлета ў вас быў памочнікам на камбайне?

— Пляменнік Аляксандр Проташчык, які з Мінска прыехаў і папрасіўся папрацаваць на ўборцы. Старанны і кемлівы памочнік. Яго дапамога была вельмі патрэбнай на жніве.

— Якую культуру было лягчэй убіраць?

— Азімую пшаніцу, бо ячмень нізкарослы і яго складаней падбіраць. Ён яравы, і глеба яшчэ не асела, таму магутны камбайн цяжэй весці па такім полі. Былі ўчасткі палеглыя, але ўправіліся з імі. Пільна сачылі, каб на камень не наляцець матавілам. Вясною камяні з палёў збіраем, але бывае ўсяляк. Яны самі з зямлі выходзяць.

— Якое ваша жніво найбольш памятнае?

— Мо, і гэта, таму што тэрміны былі вельмі кароткія. За два тыдні мы ўсе збожжавыя ўбралі. Раней рэкорд жніва быў — тры тыдні, а тут на тыдзень меней справіліся. Тэхніка сучасная, магутная. Восем уборачных экіпажаў працавалі. Аўтасамазвалы ледзьве спраўляліся адвозіць зерне ў вёску Галаўцы за 12 кіламетраў ад поля. Нават трактары пусцілі ім на падмогу.

— Жніво закончана. Чым зараз займаецеся?

— Пасля пастаноўкі збожжаўборачнага камбайна на захоўванне адразу прыступіў да падрыхтоўкі буракаўборачнага камбайна, на якім я таксама не першы год працую. Амаль пяцьсот гектараў пасеяна цукровых буракоў у гаспадарцы. Засуха крыху прыпыніла іх рост, але апошнія дажджы выліліся золатам на нашыя палі. Падладжу буракаўборачны камбайн, а там азімая сяўба пачнецца. Толькі рук не шкадуй, а працы на зямлі заўжды хапае. Як гаворыць наш старшыня, да прылёту ластавак мы павінны завяршыць яравую сяўбу, а пасля адлёту буслоў у вырай пачынаць сяўбу азімых.

— Георгій Міхайлавіч, у апошнія гады ў многіх гаспадарках паўстае праблема з механізатарамі. Абы каму такую складаную сучасную тэхніку нельга даверыць. А як у вас?

— Адчувальна гэта і ў нас. Кіраўніцтва гаспадаркі заахвочвае высокапрафесійных механізатараў, стварае ім самыя спрыяльныя ўмовы для працы і побыту. Да нас пераязджаюць з іншых раёнаў. Некаторыя затрымліваюцца, іншыя не вытрымліваюць нашага працоўнага рытму. Вось закончылі мы жніво, і усіх, хто быў заняты на ім, запрасілі на свята «Дажынак» у рэстаран. Нас віншавалі, частавалі, гучала музыка. Старшыня гаспадаркі Мікалай Салавей нават пажартаваў, што пасля такой напружанай працы можам дазволіць сабе некалькі дзён адпачынку, але назаўтра раніцай усе механізатары былі на машынным двары. Кожнаму тут хапае спраў.

— Спрыяльныя ўмовы працы ў вашай гаспадарцы, заробкі высокія, але чамусьці не ўсе затрымліваюцца?

— Побач з нашай гаспадаркай — магутны Гарадзейскі цукровы камбінат. Некалькі гадоў таму працаваў у пасёлку льнозавод, ёсць і будаўнічыя арганізацыі. Там круглы год два выхадных, нарміраваны рабочы час. У сельскай гаспадарцы крыху інакш, таму ёсць такія, што шукаюць, дзе лягчэй. Да працы на зямлі трэба прызвычаіцца, захапіцца ёю.

З малых гадоў два сыны першага ў наваколлі трактарыста Міхаіла Ліхуты, можна сказаць, раслі каля тэхнікі. За вялікае шчасце было для хлапчукоў, калі бацька дазваляў праехацца з ім на трактары. Так заахвочваў ён падрастаючых сыноў за іх старанне па гаспадарцы. Разам з сёстрамі Тамарай і Людай яны дапамагалі бабулі Марыі даглядаць свойскую жывёлу, пасвіць гусей. У бацькі хапала клопатаў на трактары, а маці без выхадных працавала на свінаферме. Дзеці сялянскімі справамі выхоўваліся. Таму невыпадкова пасля школы нідзе, акрамя сваёй гаспадаркі, Георгій Ліхута сябе не ўяўляў. Адразу назаўтра пасля выспускнога вечара пайшоў працаваць у саўгас. За восень і зіму закончыў курсы трактарыстаў-машыністаў у філіяле Клецкага прафтэхвучылішча. Вясною ўжо араў поле на «МТЗ-80», летам дапамагаў на жніве, а ўвосень яго прызвалі ў армію. Адслужыў у інжынерных войсках у Польшчы і вярнуўся ў саўгас «Гарадзейскі», дзе яго чакаў той самы «МТЗ-80». Увосень рыхтаваў глебу пад яравую сяўбу, зімою падвозіў кармы на ферму, перавозіў жом з цукровага камбіната. Дырэктар Аляксандр Губарэвіч прыкмеціў маладога механізатара і прапанаваў яму паступаць па накіраванні гаспадаркі на вучобу ў Рэспубліканскі тэхнікум кіруючых кадраў, што дзейнічаў у Сенніцы. Паступіў на аддзяленне заатэхніі, і пасля вучобы ўзначаліў жывёлагадоўчую ферму ў вёсцы Копцеўшчына. Калектыў склаўся там стабільны. Вытворчыя паказчыкі трымаліся на ўзроўні. Сярэдні ўдой ад каровы перавышаў 5 тысяч кілаграмаў. Жывёлаводы атрымлівалі добрыя заробкі.

Але толькі паўгода затрымаўся Георгій Ліхута ў загадчыках фермы. Вясною, як толькі сышоў снег, папрасіўся ў дырэктара саўгаса вярнуцца на свой «МТЗ-80». Здзіўлены Аляксандр Браніслававіч спачатку папракнуў, што дарма вучыўся два гады, але просьбу задаволіў. Чвэрць стагоддзя Георгій Міхайлавіч не развітваецца з тэхнікай. У вёсцы Пясочнае суседняга Капыльскага раёна інжынерам-энергетыкам працуе старэйшы брат Дзмітрый, які закончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. У Нясвіжскім раёне з сем’ямі жывуць сёстры Людміла і Тамара. Штогод у канцы жніўня па ўсталяванай традыцыі яны прыязджаюць у родную Вялікую Лысіцу, каб павіншаваць малодшага Георгія з чарговым днём нараджэння. У прасторным новым катэджы, пабудаваным гаспадаркай, заўжды  рады  гасцям.  Ёсць  і магчымасць на шчодрую гасціннасць. Толькі за сёлетнія два тыдні жніва кіраўніцтвам СВК «Гарадзея» вырашана выплаціць камбайнерам па дваццаць мільёнаў рублёў.

Шчодрае на ўраджай і заробак пятнаццатае жніво Георгія Ліхуты, праз год якому споўніцца пяцьдзясят, палову з іх ён нязменна аддаў працы ў роднай гаспадарцы, дзе заслужыў пашану і гонар.

Нясвіжскі раён
Фота аўтара
Уладзімір Субат

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter