“У прыроды за ўсё прабачэння прашу...”

Браслаўшчына амалоджвае і цела, і душу На блізкім майму сэрцу па праву нараджэння віцебскім Паазер’і, на блакітна-вясёлкавай браслаўскай зямлі я пазнаёмілася з Паэтам. Паэту на выгляд было не больш пяцідзесяці пяці, а насамрэч аказалася пад восемдзесят гадоў. Відаць, жывая вада цячэ ў Браслаўскіх азёрах, што надае мясцовым людзям бадзёрасці, гасціннасці і ветлівасці. Паэт, пра якога ідзе гаворка, аказаўся яшчэ і добрым края-знаўцам. І эколагам. Не навукоўцам, які нічога не бачыць па-за межамі сваёй доктарскай працы, а эколагам народным, які сэрцам шукае сцяжынку да гармоніі з прыродай.

Імёнаў у майго Паэта два, як і ў многіх браслаўчан, запісаных пры нараджэнні ў польскім касцёле. Дарэчы, каля васьмідзесяці працэнтаў насельніцтва Браслаўскага раёна — каталікі, і з браслаўскага дзіва дзіўнага — гары Маяк —  у празрысты асенні дзень можна ўбачыць гонкія вежы касцёлаў у Браславе і Слабодцы, што плывуць па-над блакітнымі азёрамі Струста і Снуды. Пры нараджэнні маці запісала сына Даніілам, але хлопчык пазней сам выбраў сабе імя — Дзмітрый. “Пасля не трэба было выдумляць псеўданім, калі мясцовае літаратурнае аб’яднанне “Ветразь надзеі” “выкрыла” маё захапленне паэзіяй: зборнік сваіх вершаў “Браслаўскі вальс” я падпісаў “Данііл Волчак”, — пачынае аповед Паэт. 
Падарожжа ў свет цудаў
Возера Струста — адно з самых чыстых, тут вельмі шмат рыбы (да 26 відаў) і добрыя берагі ёсць, і кемпінг для турыстаў “Акменіца”. Побач з ім з крынічкі можна напіцца вады з лёгкім пахам серавадароду. Дырэктар Нацыянальнага парку “Браслаўскія азёры” Іван Касьяненка расказваў, што проста ў яго на гародзе нечакана знайшлі амаль такую ж крыніцу. Наогул на Браслаўшчыне вучоныя не так даўно напаткалі мінеральную ваду і карысныя гразі, якія па сваіх якасцях адпавядаюць багаццям славутага курорта Мацэсты. Зараз у Лазенках прабурылі скважыну і, магчыма, у хуткім будучым з’явіцца на Браслаўшчыне санаторый. Струста, Зарэчча, Неспіш, Бярэжа, Волас... Але ж нешта я загледзелася на азёры. Што раскажа мне Паэт і патрыёт роднага краю?

На скрыжаванні трох дзяржаў,
Дзе беларусы, латы, літы,
Наш старажытны горад устаў,
Вянком азёр, лясоў павіты...
Пакажам мы для землякоў
Музей, касцёл, царкву
і плошчу.
І горад, што з усіх бакоў
Вада азёрная палошча.

...Мы едзем на цудоўнае возера, празрыстае, нібы крышталь, і багатае на рыбу. Дарэчы, Дзмітрый Канстанцінавіч прызнаецца, што сам заўзяты паляўнічы і рыбак. І застаецца па-беламу зайздросціць ладу жыцця мясцовых людзей, якія штодзень бачаць прыгажосць браслаўскай прыроды, жывуць, знітаваныя з ёю сотняй стасункаў. Дарэчы, на самай справе вершы Данііла Волчака — гэта вершаваны дзённік, у які ён занатоўваў свае назіранні за жыццём. Гісторыі яго часам смешныя, а часам сур’ёзныя і сумныя. Малюнкі са звычайнага жыцця звычайнага жыхара Паазер’я. Вось гэты — дзеля смеху і якраз у пару.

Дзед і ўнук
— Ты што, хлапчына, невясёлы? —
Пытае дзед свайго ўнука.
— Дык трэба вось ісці ў школу,
А там заўжды такая скука.

А дзед быў трохі “падагрэты”,
Ды й кажа ўнуку: “Ёлкі-палкі!
Цягні з кішэні цыгарэты,
І пойдзем лепей на рыбалку”.

А ці знаёма мінчуку такая радасць?

Здаецца, слухаў бы бясконца,
Не перадаць гэту красу,
Калі змычок паратых гончых,
Падніме рыжую лісу.

Уявіце сабе прыгажосць багатага асенняга лесу, рэха звонкага брэху сабак, халоднае сіняе неба і спакой на душы. Хіба не дзеля гэтай радасці жыве чалавек на Зямлі?
Машына спыняецца — Паэт абяцаў паказаць нейкі цуд. Гэта маленечкае круглае азярцо, у якім адлюстроўваюцца дрэвы. Назвы возера не мае, затое недалёка ад яго мы бачылі возера з незвычайнай назвай Неспіш. Дзмітрый Канстанцінавіч кажа, што Друйка, працякаючы праз гэта возера, увесь час мяняе свае цячэнні і ўзімку часам падмывае лёд пад няўдалымі рыбакамі. А продкі нашы нібы заўважылі гэтую асаблівасць і папярэдзілі: “Не спі на Неспішы, а то патонеш!”
Правінцыйная экзотыка
Дарога наша — праз Слабодку, дзе зараз і жыве Дзмітрый Волчак. Пэўна, вы чулі нешта пра Слабодскі Рог? Гэта града пагоркаў паміж азёр. Самі слабадчане называюць гэтае месца горы Мілосці (Любові). Сюды прыходзяць улетку правесці Купальскую ноч, на горы Мілосці спяшаюцца сустрэць світанак мясцовыя выпускнікі. Прыходзяць на горы Мілосці і закаханыя пары — паразмаўляць пра жыццё і пра шчасце. Зноў не ўтрымаюся, каб не працытаваць паэта, каб вы лепей адчулі атмасферу гэтага месца.

Сюды прыязджаюць
з усёй Беларусі
З вандроўнай душою
Іваны, Марусі,
Каб рыбы злавіць,
каб наесціся юшкі,
Паспаць у палатцы
без коўдры, падушкі.
У спальным мяшку,
як вандроўнік бывалы,
Каб потым уражанняў
доўга хапала,
Каб клікала сэрца,
каб вабіла штосьці,
Каб зноўку прыехаць
на горы Мілосці.

Каля касцёла ў Слабодцы мы спыняемся, глядзім праз атачэнне дрэў на белыя вежы. Можна было б ехаць далей, але слабадчанін вядзе нас да вальераў з рэдкімі птушкамі, якія размяшчаюцца з правага боку ад касцёла. Што гэта значыць, дзеля каго гэты экзатычны атракцыён у глыбінцы, амаль на мяжы? “Каб людзям было прыемна прыходзіць сюды, дзівіцца”, — тлумачыць мне, неразумнай, Паэт. Не ўсё лепшае ў сталіцы, што тут скажаш.
Дарэчы, памежжа не заўсёды спрацоўвае на карысць бласлаўчанам. У дваццацікіламетровую зону ад мяжы нават жыхары раёна без спецыяльнай даведкі заязджаць не маюць права. А там жа — найлепшыя ягадныя і грыбныя мясціны, ды і рыба якая! Праўда, усё адно дарункаў прыроды на Браславах хапае ўсім.
Купанне ў “жывой” вадзе
Вось і незвычайнае возера Волас. Раптам пачынаецца сонечны “сляпы” дожджык, але мы мужна шлёпаем у ваду за смелым “гаспадаром” гэтай прыгажосці. Па белым пясочку паволі ўваходзім усё глыбей, ногі тонуць у мяккім глеі. Дзмітрый Канстанцінавіч нібы шукае нешта вачамі (або нагамі?). І сапраўды знайшоў! Гэта адзін з валуноў, што мноства пакінуў за сабою ледавік. Яго браслаўчане заўсёды добра памінаюць за стварэнне сваіх азёр. Узбіраешся на камень пасярод возера і сігаеш у чыстую ваду! Якая дзіцячая радасць!
Але галоўнае — наперадзе. Дзмітрый Канстанцінавіч дае нырца ў аднаму яму вядомым месцы і выцягвае... ком блакітнай гліны. Кажа, найлепшы сродак для амаладжэння і наогул любых праблем са скурай. Хуценька намазваюся амаль з ног да галавы, калегі-турысты заўзята фатаграфуюць гэтае “пудзіла” на памяць. Дарэчы, калі праявіш сквапнасць і намажашся залішне густа, адмыцца будзе вельмі цяжка. Падсохлая гліна робіцца белай і сапраўды падцягвае скуру. А калі яшчэ пасля працэдуры акунуцца ў чысцюткае возера! Бадзёрасці гэтая працэдура мне сапраўды надала, і хочаце — верце, хочаце — не, але па вяртанні на працу адразу некалькі спецыялістаў, да якіх я прыходзіла за інфармацыяй, сказалі: “Ой, якая маладая журналістка!”. Таму можаце верыць, нават у дваццацідвухгадовым узросце цудадзейная гліна з браслаўскіх азёр дапамагае памаладзець.

Ёсць на Браслаўшчыне і іншыя цуды: самы высокі гатычны касцёл (ён знаходзіцца ў Відзах), сядзіба-іменне былых паноў на ўскрайку Вопсы са шматвекавым волатам-дубам. Зноў слова Паэту.

Ён многае бачыў
і многае помніць,
І з ветрыкам дуб
пра былое гамоніць.

Аб тым, як сядзібу
калісь будавалі,
Як званыя балі
ў маёнтку гулялі,
Якія сюды прыязджалі карэты,
Якія паненкі, якія кабеты.

Да іх прыязджалі,
вядома, гусары,
Цудоўна ў танцах
кружыліся пары,
Мазуркі гучалі, кадрыль, паланэзы,
А ім падпяваў салавейка
ў бэзе.

З прыродай у згодзе
Чалавек, асабліва ў сельскай мясцовасці, міжволі ўвесь час карыстаецца дарамі прыроды. І ў народнай культуры складваюцца своеасаблівыя формы ўзаемадзеяння з навакольным асяроддзем, глыбока пранікнутыя экалагічнымі ідэямі па сутнасці сваёй. Вось прыклад. Дзмітрый Канстанцінавіч расказваў, як з мамай (а яна, дарэчы, выхавала пяцярых дзетак) хадзіў у грыбы. І маці заўсёды знаходзіла на пару дзесяткаў больш крэпенькіх баравічкоў. У чым сакрэт? “А ты, сыночак, як прыходзіш у лес, павітайся з лесавічком, папрасі ў яго грыбкоў. А знойдзеш першы грыб, і яму скажы “Прывітанне!” — вучыла мудрая маці. І зараз Паэт крыху верыць у гэты старадаўні звычай.

Грыбочкі ж, пачуўшы
маё прывітанне,
Насустрач таропяцца,
як на спатканне.

Грыбы ж браць таксама патрэбна ўменне.
Не трэба грыбы рваць
 рукамі з карэннем,
Не трэба трымаць іх
у торбе, пакеце,
Бо гэта ж грыбы,
не якое там смецце.

Яны ўсе жывыя,
нібы птушаняты.
Лісічкі, валнушкі,
грузды і апяты.
Я іх паважаю,
заўсёды па праву,
Не толькі тады,
як у талерцы з прыправай.

Дарога на Браслаў была крыху сумнай, не хацелася развітвацца з Паэтам і яго вершамі. А ён расказаў адзін з новых твораў, прысвечаны коціку, які сядзеў на дарозе каля збітага хуткай машынай таварыша. А яшчэ распавёў пра адзін рэальны эпізод са свайго жыцця, які крута змяніў адносіны Дзмітрыя Канстанцінавіча да прыроды. Аднойчы на паляванні ён падстрэліў двух зайцоў і лісу і задаволены ішоў дадому. Хацелася пахваліцца перад роднымі, але дома была толькі пяцігадовая ўнучка Святланка. Дзед прапанаваў ёй падзівіцца на трафеі. А яна і кажа: “Лепей бы ты, дзед, мне іх не паказваў. Ты за гэта павінен у прыроды папрасіць прабачэння”. Далей — вершам:

З той пары, як іду я
са стрэльбай у поле,
Я трафеяў дамоў
не прыношу ніколі.
І цяпер, як вядома,
я ўмею страляць,
Але цэлюся так,
каб у звяроў не трапляць.

І дадому паволі іду, не спяшу,
У прыроды за ўсё прабачэння прашу.

Навошта напісаны гэты напалову вершаваны тэкст, дзе, напэўна, зашмат асабістага? Бо я закахалася ў Браслаўскі край, і пачуццё гэта патрабуе выкрыцця, і хочацца, каб удзельнікі экалагічнага форуму, людзі, чулыя да прыроды, таксама зведалі і ўбачылі душу Браслаўшчыны, яе гасцінных гаспадароў, яе прыхаваныя багацці. І даведаліся пра сціплага чалавека, які жыве на гэтай блаславёнай беларускай зямлі побач з блакітнымі азёрамі і ведае сапраўдную каштоўнасць грыба ў лесе, птушкі ў гняздзе і чыстай вады з некранутай крыніцы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter