Вольга Клебановіч бенефісам спектакля “Кола любові” яшчэ раз пацвердзіла, наколькі здольная пераўвасабляцца ў арыстакратак

У промнях акцёрскага таленту

Вольга Клебановіч, народная артыстка Беларусі, вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя М. Горкага, бенефісам спектакля “Кола любові” Сомерсэта Моэма ў рэжысуры Мадэста Абрамава яшчэ раз пацвердзіла, наколькі здольная пераўвасабляцца ў арыстакратак — не толькі ў жанчын з народа. Партнёры па спектаклі, калегі, родныя і сябры ў той дзень, святкуючы яе юбілей пасля спектакля, бачылі гэтую харызматычную актрысу супакоенай, шчаслівай, удзячнай…


Разам з Вольгай Клебановіч лёгка працуецца і маладым акцёрам. Побач з актрысай — Юлія Кадушкевіч.
У спектаклі “Кола любові” яна занята ў ролі Элізабэт

Гэта адна з лепшых актрыс сучаснасці, якая лечыць душы гледачоў, — так кажуць пра яе тэатральныя крытыкі старэйшага пакалення. І з гэтым цяжка не пагадзіцца: творчы дыяпазон актрысы апрыёры вялікі. Сярод шматлікіх, такіх разнастайных роляў Вольгі Клебановіч — а іх за пяць­дзясят гадоў служэння тэатру набралася больш за сотню — цяжка знайсці, як кажуць у тэатры, ролю “прахадную”. Шэрасць і безаблічнасць — не яе стыхія. Дапускаю, што Вольга можа камусьці не падабацца, але ў адным пераканана: не заўважыць яе і не казаць пра яе талент проста немагчыма. Таму што, як ужо аднойчы я зазначала, Вольга Клебановіч — актрыса вялікіх амплітуд. А сёння дадам, яшчэ і адзначана знакам высокай, сказала б, фірменнай якасці, якая дае магчымасць ёй заўсёды знайсці кантакт са сваім гледачом. Ці не таму ён разам з ёю радуецца і плача, смяецца і сумуе, сустракаючы выхад актрысы на сцэну апладысментамі. Таму ў яе так шмат паклоннікаў і кветак. Калі хочаце атрымаць магчымасць разам з ёй перажыць і радасць, і гора, пасмяяцца ад душы і нават скрозь слёзы, ідзіце на спектаклі з яе ўдзелам: Вольга Клебановіч усё гэта шчодра вам прадаставіць.

І адкуль у яе такі дар? Магчыма, уся справа ў тым жыццялюбстве, душэўнай шчырасці і адкрытасці, якімі насычае яна вобразы сваіх персанажаў і шчодра, паўтаруся, адсылае ў залу. Таксама шчодрая яна і з калегамі па сцэне. Вось як кажа пра Вольгу Аляксандр Ткачонак, народны артыст Беларусі. Ён шмат гадоў запар з’яўляецца яе партнёрам па спектаклях:

— Усё пачыналася з “Адзінага спадчынніка”, нашага першага агульнага спектакля. Я толькі прыйшоў у тэатр, а Вольга ў ім ужо іграла. Мы ж вучыліся ў аднаго выдатнага педагога (Уладзімір Маланкін — рэжысёр, педагог. — Аўт.), таму і разуменне прафесіі ў нас падобнае. А гэта значыць, што, вобразна кажучы, і групы крыві ў нас роднасныя, блізкія. Паміж намі існуе тая духоўная сувязь, якая дазваляе нам разумець адно аднаго. На сцэне мы былі то мужам і жонкай, то братам і сястрой… А вось цяпер, у “Коле любові” — палюбоўнікі. Я іграю лорда Портэса. І мне здаецца, дуэт у нас атрымаўся. У Вольгі, акрамя ўсіх іншых добрых яе якасцяў, ёсць яшчэ адна дзіўная ўласцівасць — вучыць, яна прыроджаны педагог. Шмат падказвае моладзі, і тая яе чуе. Яшчэ Вольга вельмі камунікатыўная, лёгка сыходзіцца з рознымі людзьмі, простымі і складанымі, я — не такі. Але, паўтаруся, у разуменні тэатра мы блізкія. Зрэшты, і ў разуменні многіх іншых момантаў жыцця. Па жыцці мы як брат і сястра, якія цэняць адно аднаго.

Цэняць яе ў тэатры і іншыя калегі. Мне не раз даводзілася чуць ад акцёраў, што з Вольгай лёгка і камфортна ў прафесіі ўсім, хто сугучны яе асобе, жыве на той жа, як кажуць, энергетычнай хвалі. І мне, дарэчы, з ёю, колькі ні даводзілася мець зносінаў, таксама лёгка. Пра такія, як Вольга, кажуць: чалавек яна — цёплы. Халоднасць, стрыма­насць і пэўная дыстанцыя з тымі, хто не ўдастоіўся званняў і ўзнагарод, хто на іншай прыступцы сацыяльнай іерархіі — гэта не пра яе. Уражвае простасць вялікай актрысы ў жыцці — у зносінах як з народнымі артыстамі, так і з касцюмерамі, рэквізітарамі, моладдзю. Таму і любяць яе ў тэатры.


Урачысты фінал спектакля  “Кола любові". Разам з Вольгай Клебановіч (Кіці) Аляксандр Ткачонак (Портэс — злева) і Іван Мацкевіч (Чэмпіён )

Знакі гэтай любові гучалі на ўсе галасы на капусніку, які пасля бенефісу наладзілі для Вольгі Міхайлаўны маладыя артысты. Знакі любоыі — і ў фае тэатра. Яны з’явіліся яшчэ ў лютым у выглядзе трох стэндаў напярэдадні юбілею актрысы. На іх — вялікая колькасць здымкаў Вольгі ў ролях і ў жыцці. Можна назіраць, як гледачы да пачатку спектакля і ў антракце з задавальненнем, у жаданні спрычыніцца да таленту, фатаграфуюцца ля стэндаў. Вось Вольга зусім юная. Такой яе, студэнтку першага курса Тэатральнага інстытута, пабачыў у Мінску маскоўскі фотакарэспандэнт. Так яна патрапіла на вокладку надзвычай папулярнага ў тыя савецкія часы часопіса “Огонёк”. Вось яе Сцепаніда ў “Знаку бяды” В. Быкава. За гэтую ролю Вольга была ўдастоена звання лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі… Сярод здымкаў ёсць і яе зварот да гледачоў…

Пра ролі актрысы можна расказваць доўга, паглыбляючыся ў іх, смакуючы нюансы. Зразумела, гаворка ідзе пра тыя, у якіх бачыла яе сама. У кожнай — Клебановіч пераўзыходзіць саму сябе. І не толькі таму, што гэта актрыса з яе псіхалагізмам, разумнай і тэхнічнай ігрой, здольная пранікаць у глыбіні характараў сваіх персанажаў, прыдумляючы ім біяграфіі. Прырода падарыла ёй рэдкую якасць — не паўтараць саму сябе. Здаецца, ну адкуль можна для кожнай новай ролі адшукаць іншыя характэрныя рысы — жэсты, інтанацыі, міміку, якія і аддалена не нагадаюць пра тое, як ёю інтэрпрэтаваліся падобныя якасці ў іншых ролях. Адны і тыя ж пачуцці “гучаць” у яе паважных дам па-рознаму. Узяць хоць бы, для прыкладу, некалькі так званых узроставых роляў Вольгі Міхайлаўны — Феліцыту ў спектаклі “Праўда добра, а шчасце лепш” А. Астроўскага, Эсфір Львоўну — у “Эсфір” Л. Уліцкай і Хануму ў “Хітрыках Ханумы” А. Цагарэлі. І постаць адна, і голас, але ж усё па-рознаму: і паходка, і рухі цела, і смех, і слёзы…

Як так атрымліваецца, пытаю ў Вольгі. Аказваецца, “фішка” — у назіральнасці, у здольнасці да яе акцёра.

— Вось бяру я, — кажа, — ролю, пачынаю думаць. Талент драматурга малюе характар, звычкі, і я ўжо адчуваю, як мая гераіня ходзіць, усміхаецца, як гаворыць, і ўяўляю, як яна выглядае. Памятаю, калі атрымала ролю Ганны ў спектаклі “Зоркі на ранішнім небе” паводле п’есы Аляксандра Галіна, інтуіцыя падказала мне пашукаць у жыцці нешта падобнае. І я знайшла такую жанчыну-бамжа, хадзіла за ёй гадзіны тры, назірала, як яна есць, п’е, глядзіць на акаляючых яе людзей…  Але, вядома, у некаторых выпадках можна і не шукаць: памяць абавязкова падкажа, што рабіць і як. У свой час я бывала ў Грузіі на гастролях, знаёмілася там з выдатнымі людзьмі і, зразумела, запомніла характэрныя знешнія і ўнутраныя якасці грузінак, тых, з кім сустракалася. Іх унутраная  годнасць і спатрэбілася мне для стварэння вобраза Ханумы. Што да паўтораў у ролях, то я думаю, што калі ты правільна спасціг характар, то і знешніх паўтораў не будзе. У жыцці ж няма падобных людзей, усе розныя…


Руслан Чарнецкі  (злева) у ролі Арнольда і  Іван Стральцоў (Тэдзі)

А з лэдзі Кіці вось як было. Я ведала, што ні ў якім разе яна не павінна выклікаць жаль у гледачоў: маўляў, які ў яе цудоўны муж, а яна яго не ацаніла і збегла, а цяпер гатова сабе локці кусаць, што не разгледзела ў ім дастойнага спадарожніка жыцця, да таго ж і сына пакінула… Я ведала, што мая лэдзі Кіці можа быць якой хочаш: экстравагантнай, эксцэнтрычнай і нават шалапутнай, але зусім не недарэчнай у сваім пачуцці віны перад мужам і сынам, якое яна доўгія гады хавала пад маскай “усё выдатна”. Яна разумная і ў адносінах да будучыні. Калі на імгненне здымаецца гэтая маска, то Кіці паказвае акаляючым і свае дабрыню, і розум, і нават мудрасць, якая прыйшла да яе з жыццёвым досведам. Калі глядач, паглядзеўшы “Кола любові”, зразумее, што мы часта ў сваім жыцці заложнікі выбару, які аднойчы робім, і што пра гэта не варта забываць і потым наракаць на лёс, пакутуючы ад раскаяння і пачуцця віны, то тэатр дапаможа яму пра гэта ўспомніць. Калі мне ўдалося гэтага дабіцца, то я буду толькі рада.

П’еса пачынаецца карцінай у доме былога мужа лэдзі Кіці — Клайва, джэнтльмена ў масцы самаіроніі (Іван Мацкевіч), дзе цяпер жыве яго дарослы сын Арнольд (Руслан Чарнецкі) і дзе абавязковым атрыбутам англійскай гасцёўні з’яўляецца тыпова англійскі слуга Джордж (Аляксандр Брухацкі). Тут жа і жонка Арнольда — Элізабэт у чароўным выкананні ў двух саставах Юліі Кадушкевіч і Алены Стацэнкі, і закаханы ў Элізабэт прыяцель Арнольда Тэдзі (Іван Стральцоў, Сяргей Жбанкоў у іншым саставе). Усе яны чакаюць з’яўлення лэдзі Кіці. Але як чакаюць? Маладыя акцёры, як сказала Вольга, робяць гэта абаяльна, таленавіта спасцігаючы прафесію. Вытанчанай свецкай асобай стварае Кадушкевіч вобраз Элізабэт. Не саступае ёй і па па-дзіцячаму імпульсіўная Стацэнка. Пасмейваецца са свайго Арнольда, з яго педантызму і прыхільнасці да палітыкі ды ідэальнага парадку фактурны і пластычны акцёр Чарнецкі. Не дзіўна, што перад такім халодным педантам Элізабэт аддасць перавагу яго сябру і паўторыць шлях сваёй свекрыві. Элізабэт, як і лэдзі Кіці, жывая, яна прагне глыбокіх пачуццяў, якія не здольны ёй даць Арнольд, таму што ён дакладная копія свайго бацькі. Усе маладыя персанажы ў спектаклі — трохі дзеці, хоць і гуляюць у дарослыя гульні. І ўсё ў іх як бы не ўсур’ёз. Пра што кажуць, што робяць, мараць — усё сведчыць пра несвядомасць маладосці ў пытаннях кахання. І пра тую бяздумную радасць, якая ёй уласцівая. На гэтым фоне вастрэй адчуваецца трагічны жыццёвы парадокс: чым больш у нас мудрасці, тым больш аддаленыя радасці мінулага. Але гэта не значыць, кажа нам тэатр, што трэба іх праецыраваць у дзень сённяшні і сумаваць па тым, што з гадамі губляецца вастрыня пачуццяў, уласцівая маладосці. Дакладна сказаў адзін мой знаёмы паэт: “О чем грустить? Что прожито — осталось...”. Але пра гэта мы даведваемся ў фінале спектакля, калі лэдзі Кіці, назіраючы ўцёкі Элізабэт і Тэдзі, раптам востра адчуе, што яна, нарэшце пазбавіўшыся ад пачуцця віны, дыхае свабодна, і што жыццё яе склалася так, як склалася. Таму яна і ўсклікне: усё вярнулася да мяне, Х’ю…

У ролі Кіці Вольга Клебановіч паўстае ва ўсім бляску сваёй прафесійнасці. Яна літаральна ўлятае ў строгі англійскі дом, гэткая яркая птушка ў каляровым апярэнні, эпаціруючы, здзіўляючы, бянтэжачы, захапляючы … У тым ліку і сваімі экстравагантнымі касцюмамі, якія таленавіта выкананы мастаком Таццянай Лісавенкай. І маска падкрэсленай эмацыйнасці, за якой яна так умела хавае пачуццё віны перад сынам і мужам, і жаданне яго загладзіць на пачатку спектакля здаецца нават і не маскай, а самой сутнасцю лэдзі Кіці. Але ў наступнай карціне Кіці зусім іншая. Вось Клебановіч з яе здольнасцю да псіхалагічных тонкасцяў ужо паводзіць сябе інакш: на імгненне раптам становіцца маці, падобнай да ўсіх любячых маці свету, якія не хочуць, каб іх сыноў пакідалі жонкі, з жахам думае, што нявестка пакіне яе сына. І калі прыадкрывае Элізабэт адваротны бок свайго жыцця, ёй спачуваеш. І калі не хоча, каб лорд Портэс убачыў у альбоме яе фота ў маладосці. Трэба бачыць, як Кіці ускоквае, як адварочваецца ад Элізабэт і лорда Портэса, як употай выцірае слёзы. Незабыўны момант, калі лірычная камедыя на імгненне ператвараецца ў драму. Вось адсюль рэжысёр мог павесці гераіню Клебановіч па шляху асэнсавання жыцця, якое Кіці прайграла, пазбавіўшы сябе шчасця мацярынства, і паставіць спектакль пра вынікі згубнай страсці. Але гэтага, на шчасце, не здарылася. Таму Кіці нават злёгку какетнічае, калі лорд Портэс кажа ёй, што яна стала яшчэ прыгажэйшай і з задавальненнем бярэ альбом…

У рэжысуры Мадэста Абрамава якраз і няма ханжаскага маралітэ: не варта кідаць дзяцей і мужоў, што і так апрыёры зразумела. А ёсць канстатацыя паўтаральных жыццёвых сітуацый, у прычынах якіх так цяжка і нават немагчыма разабрацца. Па-мойму, гэта і ёсць галоўная тэма “Кола любові”. І на самай справе, чамусьці чужы досвед сапраўды не вучыць… Магчыма, таму тэатр і яго акцёры, занятыя ў “Коле любові”, могуць разлічваць на поспех: яны, узнімаючыся над штодзённасцю жыцця, ад яе не адыходзяць.

Валянціна Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter