У прадчуванні сям’і

Гасцямі Гомельскага дзіцячага дома сталі кіраўнікі вобласці

Гасцямі Гомельскага дзіцячага дома напярэдадні Новага года сталі кіраўнікі вобласці.

Тутэйшыя выхаванцы — сто хлопчыкаў і дзяўчынак ад трох да васямнаццаці гадоў — не абдзелены ўвагай дарослых, але ж запаветным жаданнем кожнага з iх застаецца вяртанне ў сям’ю. Ажыццяўлення яго і пажадаў ім старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік, які сустрэўся з дзецьмі напярэдадні свята.

— Дзеці — самае дарагое, што мы маем, — звярнуўся да прысутных Уладзімір Андрэевіч. — А таму хацелася б, каб як мага больш з вас у наступным годзе набылі сем’і і адчулі шчаслівую цеплыню бацькоўскага клопату...

Пэўныя падставы для аптымізму ў гэтым напрамку ёсць: з 4,5 тысячы дзяцей-сірот і тых, хто застаўся без бацькоўскай апекі на Гомельшчыне, амаль 4 тысячы ўжо выхоўваюцца ў прыёмных і апякунскіх сем’ях, 30 дамах сямейнага тыпу. Апошнія з іх адкрылiся у мінулым годзе ў Добрушы, Мазыры, Жыткавічах. Пазітыўная з’ява: і ў Гомельскім дзіцячым доме за апошнія гады амаль удвая зменшылася колькасць выхаванцаў.

— Асабліва прыемна, што з васьмі хлопчыкаў і дзяўчынак, якія сёлета набылі для сябе сямейную гавань, чатыры вярнуліся ў свае біялагічныя сем’і, — зазначыла дырэктар Гомельскага дзіцячага дома Марыя Бордак.

Балазе, дабрачыннасць у нашым грамадстве становіцца правілам добрага тону: бацькоўскі «вакуум» у дзіцячым доме запаўняюць частыя госці — прадстаўнікі ўлады, прадпрымальнікі, банкіры, праваахоў-нікі... Вось і ў пераднавагоддзе дзецям і ўстанове імі ўручана столькі падарункаў, што для іх давялося выдзеліць тут асобнае памяшканне. Уладзімір Дворнік, а разам з ім на сустрэчу да дзяцей прыбылі намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Трызна, начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Сяргей Парошын, таксама прыехаў не з пустымі рукамі. Салодкія падарункі пасмакуюць дзеці, а падораная бытавая тэхніка не стане лішняй для стварэння палёгкі ў рабоце персаналу ўстановы. З прыемнасцю шаноўныя госці разам з дзецьмі паўдзельнічалі ў святочным навагоднім ранішніку, закружылі ў вясёлым карагодзе вакол прыгожай ёлкі.

Фота: БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter