У пошуках залатой карэты

У Крупскім раёне энтузіясты дагэтуль шукаюць згублены экіпаж Кацярыны II.На гербе Крупак — блакітная рачная стужка. І нездарма — воднай прасторы ў раёне хапае, як і цудоўных гісторый. Але галоўнае багацце гэтага краю — самі крупчане. Сярод сваіх славутых землякоў яны з гордасцю называюць імёны праслаўленых касманаўтаў і вядомых спартсменаў.

У Крупскім раёне энтузіясты дагэтуль шукаюць згублены экіпаж Кацярыны II.На гербе Крупак — блакітная рачная стужка. І нездарма — воднай прасторы ў раёне хапае, як і цудоўных гісторый. Але галоўнае багацце гэтага краю — самі крупчане. Сярод сваіх славутых землякоў яны з гордасцю называюць імёны праслаўленых касманаўтаў і вядомых спартсменаў.

Цудоўны палац

Помнікам багатай і разнастайнай палацава-сядзібнай спадчыны Беларусі з’яўляецца палац Свяцкіх у Крупках. Ён пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя ў неабарочным кірунку ў стылі мадэрн. Калісьці быў акружаны пейзажным паркам, ад якога захаваліся толькі фрагменты. Да тарцовага левага фасада двухпавярховага прамавугольнага будынка прымацавана двух’ярусная вежа, якая ўзвышаецца над яго вальмавым дахам. У афармленні фасадаў выкарыстана характэрнае для мадэрна супастаўленне гладкай муроўкі сцен з фактурнай апрацоўкай панэляў, ніш, філёнгаў, ліштваў вокнаў, франтонаў.

Тайны азёрнага краю

Галоўная гордасць крупчан — прыгожае ледніковае возера Сялява, адзін з найбуйнейшых вадаёмаў на паўночным усходзе Беларусі. А разам з ім і аднайменны заказнік рэспубліканскага значэння. Возера насяляюць 142 віды птушак, 40 відаў млекакормячых і 578 відаў раслін. Даўжыня берагавой лініі Сялявы 50,4 кіламетра, а на яго трох маляўнічых астравах не адмовіўся б павудзіць ніводны рыбак. Хто тут толькі не водзіцца?! І язь, і лінь, і сом, і ментузы. Зразумела, багатае возера і на легенды. Напрыклад, гавораць, што жыве ў ім старажытны гіганцкі сом, а ў цёмнай глыбіні поўна ўсялякай зброі, якая засталася з часоў шматлікіх войнаў, — ад старажытных мячоў да танкаў і самалётаў часоў Вялікай Айчыннай.
Але самая інтрыгуючая легенда краю — затанулая ў возеры Стаячым карэта расійскай імператрыцы Кацярыны Вялікай. У яго вадзе, кажуць, сапраўды павышана ўтрыманне золата. Але балоцістае дно не пакідае шансаў на поспех. Нямала нырцоў рассталіся тут з жыццём, і ўсе пошукі ў возеры цяпер катэгарычна забаронены.

Голас Веранікі

Сапраўдным музычным цудам лічаць на Крупшчыне юную спявачку Вераніку Чарняўскую. З 2001 па 2009 год яна прадстаўляе не толькі раён, вобласць, але і ўсю краіну на розных конкурсах. Вераніка — фіналістка нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу “Песня для Еўрабачання-2006” і многіх іншых прэстыжных музычных спаборніцтваў. Апошняя ўзнагарода юнай зоркі эстрады — першае месца ў конкурсе маладых выканаўцаў фестывалю “Моладзь за Саюзную дзяржаву”.
З ранняга дзяцінства ў яе праявіліся музычныя здольнасці, і на гарадской сцэне маленькая Вераніка выступала яшчэ ў дзетсадаўскім узросце. Землякі кажуць, што на сцэне дзяўчынка літаральна свеціцца, і не падпяваць ёй проста немагчыма. У гэтым годзе крупская “зорачка” паступіла ў Гомельскі каледж мастацтваў, дзе будзе ўдасканальваць свой талент. А ў будучым, як спадзяюцца ў Крупках, імя Веранікі Чарняўскай, магчыма, прагрыміць на ўвесь свет.

Высокі палёт

Каб стаць найвялікшым вучоным свету, сын рыбака Міхайла Ламаносаў прайшоў пешшу амаль што ўсю Расію. Не менш доўгі шлях прайшоў і двойчы Герой Савецкага Саюза лётчык-касманаўт Уладзімір Кавалёнак са сваёй глухой вёсачкі Белае. Нават на машыне дабрацца сюды справа няпростая. А маленькі Валодзя кожны дзень адмяраў кіламетраў дзесяць да бліжэйшай сельскай школы. У школе вёскі Халопенічы ёсць выдатны музей касманаўтыкі. Тут вам і парта, за якой сядзеў будучы пакарыцель космасу, і нават касмічныя скафандры. Другая па велічыні пасля Клімука зорка Крупшчыны — алімпійская чэмпіёнка Кацярына Карстэн. Гэта толькі па сутнасці другая, а на самай справе ўсе крупчане ад малога да старога часта ўспамінаюць зямлячку. Таму і спорт у раёне вельмі паважаюць. Радзіма славутай спартсменкі — вёска Асечана Абчугскага сельсавета.
Сярод ганаровых грамадзян раёна — Герой Савецкага Саюза Мікалай Зайцаў.

Спарыш і скафандры

Раённы гісторыка-краязнаўчы музей Крупак з поўным правам можна аднесці да цудаў. Тым больш што пачынаюцца яны літаральна з самага парога. Пойдзеш ад брамкі направа — убачыш старажытны язычаскі камень, які ў народзе называюць “божае крэсла”. Выглядае ён сапраўды як каменнае сядзенне. Але, паводле павер’я, да паверхні каменя трэба толькі дакрануцца рукой і загадаць жаданне.
У фондах звычайнага раённага музея знаходзіцца каля 7,5 тысячы цікавейшых экспанатаў. У экспазіцыю ўмяшчаецца ўсяго тры тысячы, таму музейшчыкі пастаянна яе абнаўляюць. У раёне часта праводзяцца археалагічныя раскопкі. Мясцовыя школьнікі — іх пастаянныя ўдзельнікі. Так што выстаўленыя на стэндах артэфакты маюць двайную каштоўнасць — гэта мінулае крупчан, здабытае іх жа рукамі. Традыцыйныя беларускія гаршкі-спарышы і вышыванкі народнага майстра Таццяны Белай, заснавальніцы музея, побач з касмічнай ежай і сапраўдным касмічным скафандрам касманаўта Кавалёнка. Навуковы супрацоўнік музея Святлана Дамненка ганарыцца тым, што амаль усе папулярныя ў сталіцы выстаўкі “гасцююць” і ў сценах музея. Напрыклад, зараз адна з выставачных залаў аддадзена прыгожым матылькам. Літаральна кожны дзень сюды прыходзіць маленькая дзяўчынка. Гадзінамі стаіць ля кожнага экспаната калекцыі дванаццацігадовая Алена. Работнікі музея былі настолькі ўражаны паводзінамі дзіцяці, што пускаюць яе ў залу бясплатна. Хто ведае, можа, калі-небудзь дзякуючы ім свет мастацтва Беларусі атрымае другую Надзю Лежэ?

Галерэя талентаў

Гэты маленькі будынак на рачным беразе адразу погляд не “чапляе”. Да 2005 года тут была медкамісія мясцовага райваенкамата. Зараз — Крупская мастацкая галерэя. І, скажу я вам, тут ёсць ад чаго аслупянець. Зараз тут праходзіць выстава вядомага беларускага мастака, ураджэнца Крупшчыны Аляксандра Ксяндзова. І, паводле слоў навуковага супрацоўніка галерэі Тамары Каваленка, падзеі такога маштабу праходзяць тут вельмі часта. Напрыклад, зусім нядаўна выстаўлялася практычна ўсё сямейства Аракчэевых. Як правіла, пасля выстаў майстры дораць галерэі хаця б адну сваю работу. Зараз у калекцыі крупчан іх ужо больш за 250.

Крупскі строй

Дырэктар Крупскага дома рамёстваў Таццяна Сухаплюева з камандай аднадумцаў займаецца вельмі цікавай творчай работай, якой у раёне вельмі ганарацца. Тут аднаўляюць гістарычнае аблічча традыцыйнага крупскага народнага касцюма. Справа гэта вельмі складаная, але захапляючая. Паводле слоў Таццяны Леанідаўны, выдзеліць менавіта сапраўдны “почырк” крупскіх майстрых вельмі складана — раён заўжды знаходзіўся на ажыўленым скрыжаванні гандлёвых шляхоў. Можна сказаць, што ткачыхі і вышывальшчыцы Крупшчыны ўвесь час у творчым пошуку і эксперыменце. Але, як кажуць, хто шукае, той заўсёды знойдзе. У зале Дома рамёстваў можна ўбачыць паўсядзённае і святочнае адзенне крупчан. Першае, вельмі лаканічнае па кроі, амаль што без вышыўкі, з папулярнага ў гэтых мясцінах ільну, уразіла б любога вядомага мадэльера. Нашы продкі ўмудраліся з простай шэрай тканіны ствараць сапраўдныя шэдэўры. Заслугоўвае ўвагі і традыцыйная для Крупшчыны тэхніка ткацтва — цудоўныя “Крупскія дымкі”. А ўжо ў наш час тут узнікла ўнікальнае для Беларусі мастацтва — бісернае ткацтва. Майстрыхі з Крупак сваімі рукамі робяць і вельмі прыгожыя лялькі. Кожная з іх — асобны твор мастацтва з валасамі і адзеннем з натуральнага, расчасанага ўручную валакна. Ну чым не цуд!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter