Самые громкие кражи произведений искусства

У пошуках высокага мастацтва

Самыя гучныя крадзяжы твораў мастацтва
На гэтым тыдні «бясплатная серада» ў Нацыянальным мастацкім музеі сабрала велізарную чаргу жадаючых дакрануцца да прыгожага — без білета можна было пазнаёміцца з асноўнай экспазіцыяй і па спецыяльна зніжанай цане ўбачыць выставы шэдэўраў сусветнай графікі Гоі і Пікаса і Льва Бакста.


Між тым выяўленчае мастацтва цікавіць і зусім іншага роду публіку. У свеце існуе цэлая сетка злачыннай групоўкі, якая займаецца выкраданнем карцін. Яны ведаюць, за кім варта весці паляванне, а хто — дробная рыба. Самыя вялікія грошы прыносяць зладзеям работы Пікаса, Ван Гога і Шагала.

Пабла Пікаса 

Самым «выкрадаемым мастаком» усіх часоў з`яўляецца Пабла Пікаса. Увогуле было выкрадзена каля 1000 яго работ. Частка, вядома, была знойдзена, але шмат і тых, якія цяпер захоўваюцца ў чыіхсьці прыватных калекцыях. Спецыялісты сцвярджаюць, што вялікая «папулярнасць» Пікаса ў зладзеяў тлумачыцца тым, што мастак доўга жыў і шмат маляваў. Частка работ знаходзіцца ў музеях, а частка — у спадчыннікаў, якія належным чынам не ахоўваюць карціны. Так, напрыклад, з дома дачкі мастака было вынесена 80 работ Пабла. На шчасце, потым іх удалося знайсці. Сярод буйных крадзяжоў твораў Пікаса — крадзеж адразу 118 твораў з музея ў Авіньёне на поўдні Францыі ў 1976 годзе. У 2010 годзе ўсплыла яшчэ адна гучная справа па крадзяжы, на гэты раз выкрадзенай лічылася 271 работа мастака. Судзілі пенсіянера, які служыў на працягу трох гадоў у доме Пікаса электрыкам. У яго калекцыі, якая захоўвалася ў гаражы, знаходзіліся раней невядомыя творы майстра. Пра іх, магчыма, так бы ніхто і не даведаўся, калі б стары не захацеў уключыць карціны і эскізы Пабла ў сваё завяшчанне. Вось тут і ўзняўся шум. Пенсіянер адмаўляў крадзеж, ён сцвярджаў, што жонка Пікаса сама падарыла яму карціны ў знак падзякі за адданасць. Але суд яму не паверыў. У выніку электрык быў асуджаны на два гады ўмоўна.

Вінцэнт Ван Гог

Пры жыцці карціны Ван Гога не карысталіся вялікай папулярнасцю. Але варта было яму памерці, як тут жа пачалося «паляванне» на яго працы. Самае загадкавае выкраданне карціны мастака здарылася ў 2010 годзе. З музея Махмуда Халіла ў Каіры невядомыя выкралі карціну Ван Гога «Макі» коштам 50 000 000 долараў. Палатно сярод белага дня ў зале, якая ахоўвалася сігналізацыяй, было выразана з рамы. І гэтага факта ніхто не заўважыў! Паліцыя правяла расследаванне, і высветлілася, што ўсяго ў той дзень да карціны падыходзіла 10 наведвальнікаў. Падазрэнне выклікала пара — мужчына і жанчына з Італіі. Яны правялі больш за ўсё часу ля твора мастацтва, а затым адразу ж накіраваліся ў туалет, пасля чаго пакінулі музей. У аэрапорце Каіра іх затрымалі, але работу Ван Гога не знайшлі. «Макі» Ван Гога выкрадалі з таго ж самага каірскага музея і ў 1978-м. Праз некалькі гадоў карціну выявілі ў Кувейце. Пра выкрадальніка нічога не гаварылася. Яшчэ адно палатно Ван Гога, якое было выкрадзена і не знойдзена, — «Выхад працэсіі з пратэстанцкай царквы ў Нюэнэне» коштам                  30 000 000 долараў. Злачынцы вынеслі яго з Музея Ван Гога ў Амстэрдаме. Зноў жа ўсё адбывалася сярод белага дня. Зладзеяў прысудзілі да пакарання, аднак карціну знайсці так і не змаглі. За Ван Гога зладзеі атрымліваюць, мабыць, самыя вялікія грошы. Справа ў тым, што мастак быў не такім плённым, як, напрыклад, Пікаса (а чым менш работ у аўтара, тым вышэй яны цэняцца), ды яшчэ і частку сваіх твораў знішчаў.

Марк Шагал

Часам зладзеі патрабуюць за ўкрадзеныя карціны не грошы. Так, напрыклад, у 2001 годзе з Яўрэйскага музея ў Нью-Ёрку была выкрадзена карціна Марка Шагала «Палёт над Віцебскам». Пазней яна была знойдзена. Зладзеі патрабавалі за вяртанне шэдэўра «спынення акупацыі Ізраілем палесцінскіх земляў». Але іх патрабаванні не былі задаволеныя.

На наступны год з пражскай галерэі «Злата Гуса» была вынесена карціна «Лесвіца Якава» коштам 700 000 долараў. Пошукі твора працягваюцца.

Вясной 2013 года, праз адзінаццаць гадоў пасля выкрадання, быў знойдзены шагалаўскі нацюрморт «Аголеная з букетам». Карціну вынеслі з яхты грамадзяніна ЗША. Уладальнік легальна набыў палатно на аўкцыёне, каб упрыгожыць ім сваё судна. Пасля расследавання карціна была зной-дзена ў доме віцэ-прэзідэнта футбольнага клуба «Ювентус» Раберта Бетэгі.

Вось так бывае

Культура ўсемагутная і безабаронная: колькасць выпадкаў, калі на яе замахваліся, велізарная. Яшчэ ў 1911 годзе Расія ледзь не пазбавілася шэдэўра Рэпіна «Іван Грозны і сын яго Іван» — адзін з наведвальнікаў Трацякоўскай галерэі ў прыпадку вар`яцтва парэзаў палатно нажом. У 1985 годзе адбыўся трагічны інцыдэнт з «Данаяй» Рэмбранта ў Эрмітажы: нейкі вар`ят выліў на жывапісны шэдэўр кіслату. Некалькі гадоў таму група абаронцаў навакольнага асяроддзя «ў інтарэсах экалагічнай бяспекі» напала на статую з вострава Пасхі ў Брытанскім музеі. Не раз асабліва нервовыя турысты ў Луўры спрабавалі закідаць рознымі прадметамі «Мону Лізу». Псіхічна хворы абліў кіслатой карціны Дзюрэра ў мюнхенскай Пінакатэцы. 

Святлана ЮРАШОВА

Самыя гучныя крадзяжы твораў мастацтва


1911 г. — карціна Леанарда да Вінчы «Мона Ліза» з Луўра. Знойдзена праз два гады.

1976 г. — 119 карцін Пабла Пікаса з папскага палаца ў Авіньёне. Усе знойдзеныя.

1987 г. — карціна Анры Маціса «Сад» вынесена з Музея сучаснага мастацтва ў Стакгольме ў час рабавання. Знойдзена праз 25 гадоў.

1988 г. — тры карціны Вінцэнта Ван Гога, у прыватнасці «Сланечнікі», украдзеныя пры рабаванні Музея Стэдэлек у Амстэрдаме. Зной- дзеныя праз два тыдні.

1990 г. — ацэненыя ў 300 мільёнаў долараў палотны Дэга, Манэ, Рэмбранта і Вермеера з Бостанскага музея.

1991 г. — 20 карцін коштам 200 мільёнаў долараў з музея Ван Гога ў Амстэрдаме; зной-дзеныя праз гадзіну.

1993 г. — шэсць палотнаў Пікаса і два — Брака коштам 60 мільёнаў долараў з Музея сучаснага мастацтва ў Стакгольме.

1994 г. — «Крык» Эдварда Мунка з Нацыянальнай галерэі ў Осла; знойдзеная.

2000 г. — «Малады парыжанін» і «Гутарка з садоўнікам» П`ера Агюста Рэнуара і «Аўтапартрэт» Рэмбранта выкрадзеныя ў Нацыянальным музеі ў Стакгольме. Рабаванне было названа «крадзяжом міленіума». Агульны кошт гэтых трох карцін — 30 мільёнаў долараў. Знойдзеныя праз некалькі дзён.

2003 г. — «Мадонна з верацяном» Леанарда да Вінчы вынесена з замка Драмлэнрыг у Шатландыі. Знойдзеная праз 4 гады ў Глазга.

2004 г. — дзве карціны Эдварда Мунка — другая версія «Крыку» і «Мадонна» — укра-  дзеныя з Музея Мунка ў Осла. Знойдзеныя праз 2 гады.

2008 г. — карціна «Узяцце Хрыста пад варту, або Пацалунак Іуды» Мікеланджэла да Караваджа была выкрадзена з Музея заходнееўрапейскага і ўсходняга мастацтва ў Адэсе. Зной-дзеная праз два гады ў Германіі.

Дарэчы

Больш за ўсё з беларускіх майстроў крымінальны свет цікавіўся працамі рэчыцкага генія Аляксандра Ісачова. Пасля раптоўнай смерці майстра ў 1987-м пракацілася серыя крадзяжоў.

За сваё жыццё Ісачоў стварыў каля 500 жывапісных палотнаў. Толькі невялікая іх колькасць засталася ў Беларусі. Большая частка работ знаходзіцца ў прыватных калекцыях на Захадзе. Яны былі прададзеныя яшчэ пры жыцці аўтарам. Частка твораў выкра-дзена з дома мастака ў Рэчыцы. Была абрабаваная і кватэра яго ўдавы. 

Дарэчы, спіс выкрадзеных карцін Ісачова можна ўбачыць у альбоме-каталогу «Аляксандр Ісачоў: жывапіс, мініяцюра, графіка, іканапіс». Яны надрукаваны на чорным фоне з паметкай «Увага. Выкрадзеныя працы». Альбом-каталог выйшаў у свет у 2007 годзе да 20-годдзя смерці майстра.

У тэму

У 2010 годзе са звычайнага сельскага клуба вёскі Рассвет Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці былі ўкрадзены тры карціны вядомых беларускіх мастакоў Леаніда Шчамялёва, Ягора Батальёнка і Мікалая Цурыкава, творы купіў для вёскі яшчэ ў канцы 1980-х калгас-мільянер. Гісторыя хай і не цягне на статус злачынства стагоддзя, але адбылася ў лепшых дэтэктыўных традыцыях. Невядомыя асцярожна выразалі з рамак тры палатны і зніклі незаўважанымі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter