У пошуках страчанага

Гадоў восем назад я напiсала матэрыял “Пад цяжарам пазнання i сумнення”, цытуючы ў назве 24-гадовага Лермантава ў перакладзе, сама маючы тады тыя ж 24. Памятаеце ў Мiхаiла Юр’евiча: “Печально я гляжу на наше поколенье! // Его грядущее — иль пусто, иль темно. // Меж тем, под бременем познанья и сомненья // Без времени состарится оно”?.. Гэта была першая дарослая спроба асэнсаваць сваё месца ў гэтым жыццi. Не скажу, што яна далася тады мне лёгка, нягледзячы нават на юначы яшчэ максiмалiзм. Пiсалася ўсё доўга i напружана, таму што ўсё перажывалася наноў, а мы, народжаныя ў сярэдзiне сямiдзесятых, ужо ў дваццаць чатыры мелi што ўспомнiць, нават больш, чым трэба было б мець у такiм узросце.
Самае страшнае, памятаю, было напiсаць, агучыць зусiм несуцяшальную выснову: мы — пакаленне нiгiлiстаў, пацыфiстаў, цынiкаў, мы — фактычна страчанае пакаленне, бо на нашых вачах ужо рухнула столькi прыгожых iдэй, у якiя мы з маладым запалам, на якi былi няздольныя людзi больш вопытныя, верылi, якiм гатовы былi служыць шчыра i да апошняга...
А потым жыццё накiдала на нас вялiзную кучу друзу, i нам давялося пакрысе, па калiву пакутлiва выцярэблiваць з яе тое, у што яшчэ можна было верыць. Гэтага засталося зусiм няшмат, ад гэтага было роспачна i страшна, ды i некаторыя з тых астатнiх iдэалаў, якiя здавалiся непахiснымi, пачалi раптам драбнець, а то й зусiм знiкаць...
Зрабiўшы тады выснову, што мы пакаленне, якое ўжо нiчога не чакае, нi ў што не верыць i спадзяецца толькi на сябе, я, здавалася, паставiла ў гэтай тэме вялiкую тлустую кропку, i дадаць тут, думалася, нiколi не будзе чаго. Аднак мiнула восем гадоў, i зноў захацелася паспрабаваць асэнсаваць i зразумець, хто мы, куды iдзём, чаго хочам.
Дарослае жыццё для маiх равеснiкаў пачалося, бадай, раней, чым павiнна было пачацца. Нам было па дванаццаць, калi ў Маскве прайшоў славуты дваццаць сёмы з’езд, на якiм быў узяты курс на перабудову. Нашы бацькi са спалохам назiралi, як гiганцкi карабель савецкай iмперыi крута памяняў напрамак, пры гэтым ледзь трымаючы адносную раўнавагу, а мы, тагачасныя пяцiкласнiкi, якiя раптам адчулi сябе дарослымi, як губка, уцягвалi ў сябе ўсё тое новае, што пiсалi газеты i паказвала тэлебачанне. Мы да хрыпаты спрачалiся з настаўнiкамi на школьных саветах, пакуль нашы мацi стаялi ў чарзе (а стаялi за ўсiм, што прывозiлi ў краму), мы зачытвалiся дадаткамi да падручнiкаў гiсторыi, якiя былi тэрмiнова выдадзены i якiя здавалiся цiкавейшымi за любы дэтэктыў. Мы верылi, што за намi будучыня, што вялiзная краiна, iмя якой СССР, самая лепшая ў свеце краiна, хутка стане зноў самай моцнай, але ў ёй не будзе месца хлуснi i страху...
Божа, як мы ў гэта верылi! А гэта краiна ўзяла i за некалькi жнiвеньскiх дзён склалася долу, як няўдала пабудаваны картачны домiк, пакiнуўшы толькi крывавыя плямы... Я i мае равеснiкi паступалi вучыцца пры Савецкiм Саюзе, а селi за парты ў вераснi, калi краiны ўжо не было. Але тут для маладых гарачых сэрцаў з’явiлася новая вера, больш блiзкая, менш прывiдная — Краiна Беларусь. Са сваёй мовай, са сваёй сiмволiкай, незалежная i свабодная. Нам трэба было ў нешта верыць. Так было лягчэй пераносiць голад (у самым сапраўдным, адчувальным яго сэнсе) i не звяртаць увагу на чаравiкi са здзеклiвай назвай “чувякi”, якiя мацi купiла летась па картачцы, адстаяўшы неймаверную чаргу, дзе нумары пiсалiся на руках. Пабегаўшы пасля заняткаў па пустых крамах, нейкiм цудам купiўшы дзесьцi на ўскраiне пачак тварагу на траiх, напiўшыся чаю “з венiка” цi з сушанай крапiвы, купленай у аптэцы (больш прыдатныя для заваркi зёлкi  былi там дэфiцытам), мы садзiлiся па вечарах на падаконнiк на нашым восьмым паверсе i ўтрапёна глядзелi, як над Домам урада ў агнi пражэктараў трапеча на ветры бела-чырвона-белы сцяг, сiмвал нашай маладой краiны, якая вось-вось стане такой, якой марылася, — свабоднай i багатай... А яна чамусьцi не станавiлася. I зноў, атрымаўшы стыпендыю, мы спяшалiся яе хутчэй памяняць на “баксы”, бо за месяц яна магла абясцэнiцца ў пяць разоў...
Некаторыя мае равеснiкi лiчаць, што вера ў гэту iдэю рухнула пасля рэферэндуму 95-га, калi была змененая сiмволiка дзяржавы i нададзены статус дзяржаўнай рускай мове. Магчыма, для непапраўных iдэалiстаў вынiкi таго рэферэндуму i сапраўды былi шокам. Але большасцi з нас, якiм было ўжо па дваццаць i якiя, самi таго, можа, i не хочучы, шмат бачылi ў гэтым жыццi, усё загадзя было зразумела. Людзi не будуць галасаваць за сiмволiку, з якой у iх асацыiруецца толькi галеча, iнфляцыя, дэфiцыт. Людзi не захочуць, каб iх прымушалi размаўляць толькi на адной мове. Так яно ўсё i выйшла. Але iдэя яшчэ трымалася.
Яна з жудасным грукатам, рэха ад якога яшчэ доўга не давала заснуць па начах, ляснулася тады, калi лiдэр БНФ, вывеўшы на “Чарнобыльскi шлях” тысячы людзей, сам проста ўзяў i ўцёк. Вось гэта быў самы вялiкi шок. I самая вялiкая здрада, з якой даводзiлася сутыкнуцца ў жыццi. Яго сляпыя адданыя прыхiльнiкi даводзiлi, што калi б ён не з’ехаў, яго жыццё было б у небяспецы, але гэта было настолькi надумана (выходзiць, ён нiчым не гатовы быў ахвяраваць дзеля тых людзей, якiя за iм пайшлi, нават калi б тая небяспека рэальна iснавала? Дык нашто тады было яму верыць?), ды i iншая выснова здавалася нашмат больш праўдападобнай i блiзкай да рэальнасцi. Ён наладзiў тое масавае шэсце толькi дзеля таго, каб мець магчымасць з’ехаць на поўнае забеспячэнне ў бесклапотнае жыццё. З таго часу мiнула ўжо амаль дзесяць гадоў, а нiхто так i не здолеў пераканаць мяне i многiх маiх равеснiкаў у адваротным. Тым больш, нiбы пацвярджаючы нашу выснову, за статусам палiтбежанцаў пачалi з’язджаць за мяжу знаёмыя, якiя да палiтыкi нiколi не мелi нiякага дачынення, не цiкавiлiся ёй. Але варта было пайсцi на якi апазiцыйны мiтынг, “засвяцiцца” на iм — i ты ўжо гатовы палiтбежанец, “ратуючы” сваё жыццё i свабоду, iмчыш у “свабодную Еўропу”, i праз колькi тыдняў ты ўжо “вязень сумлення”, атрымлiваеш, як i належыць, жыллё, страхоўку, немалую грашовую дапамогу i жывеш зусiм бесклапотна, нават не працуючы, пасмейваючыся з тых дурняў, што засталiся “вкалывать” на радзiме, ды часам ад няма чаго рабiць разважаючы аб тым, што родная Беларусь “чакае рашучых дзеянняў”... Вось гэта было сапраўды страшна. I гэта быў, напэўна, апошнi довад на карысць таго, што верыць не варта нi ў што i нiкому, акрамя самога сябе. А без веры жыць страшна, а калi табе няма i дваццацi пяцi — асаблiва...
Я не магу дакладна ўспомнiць, калi зноў у душы з’явiлiся першыя кволыя парасткi гэтай страчанай веры. Ведаю толькi, што iсцi да яе давялося доўга, пастаянна азiраючыся, чакаючы чарговага падзення, здрады, падману. Можа, яна пачала прабiвацца той вясной, калi ў роднай вёсцы, дзе дзесяць гадоў занядбаная зямля ляжала ў цалiне, дружна загулi вялiкiя жоўтыя “кiраўцы”, i чорныя скiбы заблiшчалi на сонцы, а пасля ўпершыню за дзесяць гадоў засеянае поле дало першы ўраджай? Можа, гэта вера зацеплiлася тады, калi я стала дапамагаць маме-пенсiянерцы грашыма не на пражыццё, а на ўборы i прысмакi, бо пенсii на пражыццё ёй пачало раптам хапаць? Можа, яна з’явiлася тады, калi прыйшло запрашэнне будаваць сваё жыллё на цяжкаватых, але ўсё ж прымальных умовах? Бадай, упершыню з’явiлася адчуванне, што мая краiна не раўнадушная да ўсiх нас. I захацелася паспрабаваць паверыць ёй зноў...
Адзiн знаёмы творца, чый “генiй” заўважны, напэўна, толькi яму самому, таму не прыносiць нiякага прыбытку, а жадання заняцца чымсьцi iншым у яго няма зусiм, лiчыць за лепшае “быць апазiцыянерам”, лаяць iснуючую ўладу, абвiнавачваючы яе ва ўсiх сваiх няўдачах. Дык вось гэты спадар, пачуўшы ад мяне, што не ўсё ў нас так дрэнна, як ён малюе, заявiў: ты, маўляў, такая лаяльная, бо цябе за кватэру купiлi... Ад гневу i крыўды ў мяне пацямнела ўваччу. Я тады працавала ў трох месцах, каб выплачваць крэдыт i аддаваць даўгi. А гэты гультай будзе мяне яшчэ нечым папiкаць... Спрэчка разгарэлася ў суботу ў прыгарадным аўтобусе. Абураныя людзi, што ехалi са мной, ледзь не выкiнулi “апазiцыянера” праз люк. А калi страсцi прыцiхлi, я злавiла сябе на тым, што абараняла не толькi сваю годнасць, але i ўласную веру ў краiну, у якой жыву. Якая не цярпiць гультайства i пустаслоўя, але ў якой, калi ёсць iмпэт, здольнасцi i жаданне, можна жыць у дабрабыце...
Так, я па-новаму паверыла ў гэту краiну, у яе незалежнасць. Чым больш гучыць на яе нападак з усiх бакоў з-за мяжы, тым гэта вера ўзмацняецца. Наiўныя заходнiя палiттэхнолагi, выпрацоўваючы стратэгiю супраць iснуючага ладу ў Беларусi, не зразумелi адной простай рэчы: беларусы — народ талерантны, могуць вытрымаць шмат. Адзiнае, чаго беларус не пацярпiць нiколi — калi хтосьцi спрабуе дыктаваць яму сваю волю. Беларус тады або бярэ стрэльбу i iдзе ў партызаны (акупанты ўсiх масцей добра ведаюць, чым гэта заканчваецца), або — у мiрны час — iдзе на выбарчыя ўчасткi i галасуе так, як лiчыць патрэбным... У маiх равеснiкаў апошняя выбарчая кампанiя, думаю, назаўсёды выбiла рэшткi пацыфiзму i нiгiлiзму. Многiя з нас думалi прыблiзна так: няхай галасуюць, я ж проста пагаджуся з меркаваннем большасцi, якая i так вiдавочная. Але пачуўшы па адным з еўрапейскiх каналаў, як добры прагрэсiўны дзядзька з далёкага Каўказа абяцае “вызвалiць беларускi народ”, я, напрыклад, адкiнула ўсе сумненнi. I пайшла, i прагаласавала, каб гэтая большасць стала большай яшчэ на аднаго чалавека. Каб нiкому нават i  ў галаву не прыйшло вырашаць за мяне будучыню маёй краiны...
А наконаднi выбараў мы сабралiся ў цёплай кампанii аднагодкаў i аднадумцаў, “прадстаўнiкоў маладой беларускай iнтэлiгенцыi”, як мы сябе любiм гучна называць (хаця на тое маем, напэўна, падставы). Нагода для сяброўскай бяседы была важкая — дзень нараджэння аднаго з нашых сяброў, “перспектыўнага свяцiла беларускай навукi”. Але, узняўшы першы тост, усе хорам, не дамаўляючыся, сказалi: “Ну, за Беларусь!”
Страчанае пакаленне пачынае сябе знаходзiць?..
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter