Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Паводле старадаўніх традыцый продкаў зладзілі Купалле беларусы Швейцарыі — на маляўнічым беразе возера Грайфензэе

У пошуках папараць-кветкi

Ладзілі сёлета Купалле пад Цюрыхам сябры “Беларускага аб’яднання ў Швейцарыі”, паклапаціліся пра стварэнне адпаведнай атмасферы. Пад Купальскае месца выбралі бераг возера: тыя мясціны вельмі нагадваюць беларускія. Хораша! Там адразу ўключаліся ў дзеі госці свята, сярод якіх былі таксама й рускія, украінцы, швейцарцы: звівалі вянкі ды пускалі іх па вадзе, разам з артыстамі спявалі Купальскія песні, танчылі пад народную музыку, скакалі цераз вогнішча, назіралі за “вогненным шоу”...

Кветкі для вянка

Павел Мацукевіч, Часовы павераны па справах Беларусі ў Швейцарыі, — таксама сярод купальцаў. Казаў для цікаўных: “Беларускі варыянт правядзення Купалля лічыцца найбольш аўтэнтычным, паколькі менавіта ў ім захавалася спрадвечная сутнасць”. Прадаўнія, дагістарычныя дзеі язычніцкія з часам увабралі ў сябе і хрысціянскія традыцыі. Цікава: і цяпер адзначаюць свята не толькі ва ўсходнеславянскіх краінах, але і ў Англіі, Шатландыі, Іспаніі. Падобныя дзеі, звязаныя з культам Сонца, праводзяцца здаўна ў пару летняга сонцастаяння.

Па словах прэзідэнта “Беларускага аб’яднання ў Швейцарыі” Сяргея Сіроткіна, Купалле ў гэтай краіне беларусы праводзяць не ўпершыню. Штогод сябры суполкі адзначаюць розныя народныя святы, і абавязкова — Дзень роднай мовы ў лютым, і канцэрты беларускіх выканаўцаў ладзяць. Да традыцыйных кірункаў працы дадаліся новыя: “Плануем усталяваць помнік Тадэвушу Касцюшку. Гэтым праектам займаецца папярэдні прэзідэнт суполкі Алесь Сапега. Усе нюансы ўжо абмеркаваныя, і сёлета ў кастрычніку помнік павінен з’явіцца ў швейцарскім горадзе Залатурн: там памёр нацыянальны герой”.

А пакуль усе скакалі цераз вогнішча і шукалі папараць-кветку, я задумалася: што ж такога ёсць у свяце, што традыцыя дагэтуль не згубілася? Магчыма, велічнае ўшанаванне Сонца як крыніцы жыцця нейкім таемным чынам умацоўвае, прасвятляе і нашы розумы, душы. Купалле — гэта пара, калі сілы Сонца, вады, зямлі, духаў прыроды ў сваёй стваральнай дзейнасці ў імя працягу жыцця дасягаюць найвышэйшае моцы. І ў кожнага элемента свята ёсць сваё, адметнае значэнне. Паводле народных павер’яў, у Купальскую ноч, самую кароткую у годзе, нельга спаць — бо паўсюль ажываюць і становяцца асабліва актыўнымі розныя сутнасці, бачныя ды нябачныя простым вокам: ведзьмы, пярэваратні, вадзянікі, лесуны, балотнікі... Лічылася, што Купальскі агонь валодае магічнай сілай, здольнай іх адганяць. Таму вогнішчы распальваюць беларусы і цяпер, гэта ўжо традыцыя, нароўні са звіваннем вянкоў, карагодамі, танцамі ды спевамі Купальскіх песень. А пары, хлопцы з дзяўчатамі, твораць яшчэ адзін важны ачышчальна-паяднальны абрад: скачуць цераз вогнішча разам, трымаючыся за рукі. Калі ўдаецца зрабіць гэта, не вызваліўшы рук, то іх саюз абяцае быць моцным і доўгім.

Швейцарскія краявіды нагадвалі пра Беларусь

Адрозненні ў святкаванні Купалля ў даўніну і цяпер, безумоўна, ёсць. Асучасненым, дастасаваным да рэалій сённяшніх было й наша свята на беразе Грайфензэе. Мы жывем у сілавым полі новых ідэй, традыцый, пачуццяў, новых “выклікаў сучаснасці”, страхаў ды радасцяў... І ўжо не шукаем, не адчуваем так востра, да мурашак па скуры, прыхаваных, велічных магічных сэнсаў у Купальскай містэрыі, як раней нашы продкі. Нам — памылкова... — падаецца, што мы ўжо — не дзеці Маці-Прыроды, што больш не залежым ад прыродных з’яў у той ступені, як папярэднікі нашыя — хоць сілы Прыроды, стыхіі часам паказваюць праз розныя катаклізмы сваю сакрушальную моц.

“Галоўнае: старажытная традыцыя беларусаў жыве, — лічыць Павел Мацукевіч. — Купалле ў нашы дні — гэта вясёлая святочная забава, заснаваная на рытуалах і абрадах, якія перажылі стагоддзі, якім з задавальненнем аддаюцца і дарослыя, і дзеці”. Дарэчы, сам дыпламат упершыню наведаў гэтае свята менавіта ў Швейцарыі: летась, калі яго адзначалі на рацэ Аарэ ў Берне.

Многія з гасцей Купалля ў пару любавання заходам сонца і вячэрнімі пейзажамі заўважалі з настальгіяй: усё гэта нагадвае родную Беларусь... Казалі: тут, на Грайфензэе, яны адчуваюць сябе “як дома”. Так што з Купальскім месцам швейцарскім беларусам — пашанцавала!

Надзея Капонэ, г. Цюрых, Швейцарыя

Голас Радзімы № 26 (3530), чацвер, 13 ліпеня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter