Если миграционные потоки возрастают

У пошуках лепшага жыцця

Паводле звестак Міжнароднай арганізацыі па міграцыі, працоўных мігрантаў у свеце 161 мільён, а гэта большая частка ад іх агульнай колькасці. Яны жывуць і працуюць за межамі радзімы — у краінах Еўрапейскага саюза і Паўночнай Амерыкі, звыш за 50 мільёнаў някепска ўладкавалася ў Злучаных Штатах, 12 мільёнаў — у Расіі.
Фото Рейтер

Па ацэнках Венскага цэнтра дэмаграфіі Вітгенштэйна, працоўная міграцыя ў межах ЕС пачынаючы з 1990 года дазволіла развітым краінам атрымаць дадатковыя працоўныя рэсурсы. Але не засталося шанцаў на паляпшэнне дэмаграфіі ў Балгарыі, Латвіі, Літве, Малдове, Босніі і Герцагавіне і Косаве, дзе колькасць працаздольных зменшылася больш як на 20 працэнтаў.

Паводле звестак Белстата, наша краіна па колькасці насельніцтва на міжнародным узроўні знаходзіцца на 92-м месцы, сярод еўрапейскіх дзяржаў мы 16-я, а ў краінах Садружнасці займаем пятую пазіцыю. Аднак доўгатэрміновы прагноз Дэпартамента па эканамічных і сацыяльных пытаннях ААН насцярожвае: на працягу бліжэйшых дзесяцігоддзяў колькасць насельніцтва Беларусі будзе паступова зніжацца.

Амаль кожная дзяржава з устойлівай эканомікай і цвёрдымі прававымі інстытутамі мае працоўных мігрантаў. Асноўная колькасць гэтых людзей нарадзілася ў Індыі, Мексіцы, Кітаі, Пакістане, Іране, Алжыры і Марока.

Аднак не паўсюдна іх прымаюць з неабходным разуменнем, адкрытым сэрцам і душой. Шмат галасоў выбаршчыкаў адцягваюць на сябе дэпутаты-еўраскептыкі, партыйныя папулісты і грамадскія актывісты розных калібраў, якія выступаюць за стварэнне бар’ераў для мігрантаў і бежанцаў з дэпрэсіўных і небяспечных рэгіёнаў свету.

Наогул, афіцыйна налічваецца каля 270 мільёнаў мігрантаў, а гэта 3,5 працэнта насельніцтва Зямлі. У адрозненне ад бежанцаў (іх колькасць 26 мільёнаў), мігранты пакідаюць радзіму не з-за ваенных дзеянняў, палітычных перакананняў, рэлігійнага і грамадзянскага пераследавання ці страху за ўласнае жыццё. 

Звычайна мігранты едуць за мяжу ў пошуках працы, атрымання адукацыі і набыцця прымальных умоў жыцця. Цікава, што аб’ёмы іх грашовых пераводаў дадому ўтрая перавышаюць сумы, якія афіцыйна выдаткоўваюць развітыя дзяржавы тым краінам, што развіваюцца. Па звестках Цэнтра навін ААН, летась атрымалася 689 мільярдаў долараў.

Актыўная фаза міграцыйнага крызісу ў Еўропе распачалася ў 2015 годзе. Нелегалы з Паўночнай Афрыкі і Бліжняга Усходу і зараз патокам плывуць у Еўрасаюз па моры. Большасць пераходзіць праз Турцыю ў Грэцыю. Каля двух мільёнаў чалавек за апошнія чатыры гады прыняла Германія, больш за 150 тысяч — Італія. У астатніх дзяржавах Еўрасаюза па-ранейшаму захоўваецца жорсткая міграцыйная пазіцыя непрымання і супраціўлення — яны на палітычным і побытавым узроўнях выступаюць за скарачэнне квот па прыёме ўцекачоў з гарачых пунктаў свету.

Паступова растуць выдаткі на нелегальных мігрантаў і ў Паўночнай Амерыцы. Цяпер пабудаваны даволі значны фрагмент ахоўнай антыміграцыйнай сцяны на мяжы з Мексікай, яе пачалі ўзводзіць па загадзе прэзідэнта Дональда Трампа. 

Як раней паведамляла газета The Washington Post, восеньскі марш 2018 года некалькіх тысяч лацінаамерыканскіх мігрантаў, што ішлі праз Мексіку ў ЗША з Гандураса і Гватэмалы, каштаваў амерыканскай казне 200 мільёнаў долараў (для стрымлівання нелегальных мігрантаў было накіравана пяць тысяч нацыянальных гвардзейцаў). Затым на Злучаныя Штаты было яшчэ некалькі масавых паходаў нелегалаў з шэрагу лацінаамерыканскіх дзяржаў.

Дарэчы, па амерыканскіх законах прытулак можа быць прадастаўлены толькі тым, хто падыходзіць пад фармулёўку «бежанец», якая адпавядае міжнароднаму праву. Адсюль павінна вынікаць, што саіскальнік падвяргаецца на радзіме пераследаванню па расавых, рэлігійных альбо нацыянальных прыкметах ці з-за палітычных перакананняў, прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы.

infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter