Ксёндз Кірыл Бардонаў: у полі жыцця

У полі жыцця

Чалавек — вельмі складаная істота. Мы, людзі, можам адначасова сумнявацца і верыць, адчайвацца і спадзявацца, ненавідзець і любіць, плакаць і смяяцца, быць грэшнымі і святымі. Пастаянна мы адчуваем сябе поўнымі супярэчнасцей.

Пра гэтыя супярэчнасці прыгожа сказана ў евангельскай прыпавесці пра каласоўнік і пшаніцу. Існаванне дабра і зла ў свеце параўноўваецца з сітуацыяй, калі чалавек засеяў раллю добрым збожжам. Пад покрывам ночы прыходзіць супернік, асабісты вораг гаспадара, і сее сярод пшаніцы нейкае пустазелле, якое спачатку цяжка адрозніць ад яе. І толькі пасля таго як расліны падрастуць, розніца становіцца відавочнай. Гаспадар поля стрымлівае жаданне сваіх слуг выпалаць пустазелле ў самым пачатку, каб яны не павырывалі таксама і пшаніцу. І толькі падчас збору ўраджаю ён рэкамендуе збіраць асобна каласоўнік і пшаніцу.

Прыпавесць Хрыста пра пустазелле сярод збожжа звяртае нашу ўвагу на тое, што жыццё складаецца з суіснуючых разам супрацьлегласцей дабра і зла. Рознае стаўленне слуг і гаспадара да пасеянага зерня і пустазелля выяўляе розныя пазіцыі Бога і чалавека. Стваральнік дазваляе некаторы час існаваць дабру і злу адначасова, у той час як чалавек хоча рэагаваць неадкладна. Бачна значная розніца ва ўспрыманні Богам і чалавекам існуючых супярэчнасцей. Чалавек глядзіць на тое, што цяпер, а Бог бачыць усё ў перспектыве канчатковай мэты.

Той, хто працаваў у полі, садзе або на прысядзібным участку, ведае, якая гэта цяжкая праца. Асаблівая ўвага і цярпенне патрабуюцца для таго, каб знішчыць пустазелле. Хрыстос выкарыстоўвае гэты вобраз, каб паказаць любоў і цярплівасць Бога да кожнага чалавека, у тым ліку да тых, каго мы, магчыма, палічылі ўжо цалкам страчанымі. Бог не адмовіўся ад іх. Бог іх цярпліва чакае.

Галоўная думка ўзгаданай прыпавесці выражаецца аддзяленнем каласоўніка і пшаніцы падчас жніва. Сумесны іх рост азначае суіснаванне добрых і дрэнных людзей у той фазе Валадарства Божага, якая месціцца паміж першым прыходам Хрыста на зямлю да Яго паўторнага прыйсця ў апошнія дні. Пры гэтым такое суіснаванне мае месца дзеля карысці добрых. На думку некаторых айцоў Касцёла (Царквы), суіснаванне дрэнных і добрых людзей дазваляе ўдасканальвацца добрым і ў той жа час паказвае велікадушнасць Бога да дрэнных, якія атрымліваюць час на выпраўленне.

Мы часта кажам, што іншыя людзі дрэнныя, але ў той жа час мы забываем, што наша жыццё таксама поўнае пустазелля. Ці хочам мы, каб Бог караў нас адразу за нашыя грахі? За пустазелле п’янства, несправядлівасці, падману, здрады, ляноты, прагавітасці...

Між тым Езус не толькі перасцерагае нас ад асуджэння іншых, але заахвочвае да цярплівасці і клапатлівага пачуцця адказнасці за сябе і іншых. Гэта не значыць, што Ён заахвочвае да памяркоўнасці ў адносінах да зла. Хрысту не ўсё адно, як хто жыве і дзейнічае. Месія зусім не памяркоўны да зла і не параўноўвае яго з дабром. Збаўца толькі адрознівае грэх і грэшніка, а таксама заахвочвае да клопату пра чалавека, які блукае, каб прывесці яго да пакаяння.

Бог — сейбіт, які засеяў у кожнага з нас зерне Божага Валадарства. Ён не адмовіўся ад нас, не асудзіў, бачачы цёмныя бакі нашай душы. Ён ведае, што дрэнныя людзі — не толькі дрэнныя, а добрыя — не толькі добрыя. Ён заўсёды разлічвае на тое дабро, якое ёсць у нас, на нашае навяртанне, і няспынна прабачае. Паважае нашу свабоду і прызнае наша права развівацца, расці і сталець. Ён сам возьме ўсё наша зло на сябе, вырве і спаліць наш каласоўнік. Дзякуючы Божай дапамозе нашы бяздушнасць і недахоп міласэрнасці будуць забытыя, калі мы толькі шчырым сэрцам будзем клапаціцца пра тое, каб наша жыццё прыносіла багатыя плады.

“Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў” (Ян 15, 16). Нягледзячы на ўнутраныя супярэчнасці, якімі мы глыбока прасякнуты, мы можам прынесці трывалы плён дабра.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter