Кобрынскі аграном Іван Гусак

У полi мой працоўны кабiнет

Жыццёвым дэвізам кобрынскага агранома Івана Гусака сталі словы  адвечнага хлебароба і яго дзеда: «Смелым лёс дапамагае»

Жыццёвым дэвізам кобрынскага агранома Івана Гусака сталі словы  адвечнага хлебароба і яго дзеда: «Смелым лёс дапамагае»


ААТ “АГРА-КОБРЫНСКАЕ” стабільна трымаецца сярод лідараў Брэстчыны па ўраджайнасці збожжавых культур. Больш як два дзесяцігоддзі агранамічнай службай гаспадаркі кіруе выпускнік агранамічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Іван ГУСАК. За рэкордныя вытворчыя паказчыкі ён двойчы ўдзельнічаў у рэспубліканскім фестывалі-кірмашы “Дажынкі”. І сёлета хлебаробы гэтага кобрынскага калектыву ўвайшлі ў тройку прызёраў абласнога спаборніцтва. З кожнага гектара сабрана больш як па 60 цэнтнераў збожжа.



Працоўныя дасягненні спецыяліста адзначаны медалём “За працоўныя заслугі”, ганаровымі граматамі Брэсцкага аблвыканкама, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Неаднаразова прызнаваўся лепшым аграномам Кобрынскага раёна і Брэсцкай вобласці. Прымаў удзел у рабоце Пятага Усебеларускага народнага сходу. Сваім надзейным тылам Іван Іванавіч лічыць сям’ю. 

ВЯСКОВЫ статак кароў пасвіўся ў густой траве за выцягнутай дугой столінскай вёскай Вялікі Маляшаў. Сонца павольна апускалася за вершаліны стромкіх таполяў, якія цягнуліся да неба ўздоўж намошчанай грэблі, што вядзе да старажытнага Турава. Вясковы пастушок Іванка Гусак за дзень прытаміўся і прылёг на ўзгорку, адкуль добра праглядаўся выпас і нават чуваць было, як каровы падміналі траву шаршавымі языкамі. З вербалозу раз-пораз даносіліся пранізлівы крык дзеркача, шчабятанне іншых птушак. Умомант усё гэта перакрыла гучнае рыканне быка, які ўварваўся на лугавіну. У імгненне вока ён падхапіў на рогі пастушка і стаў матляць. Акрываўленага, беспрытомнага Іванку сяляне ледзьве ўратавалі. Доўга перакідаўся ён па бальніцах. На ўсё жыццё застаўся накульгваць на пашкоджаную нагу. Хадзіць за плугам, касіць інвалід першай групы нават і марыць не мог. Засвоіў кравецкую справу, авалодаў і майстэрствам цырульніка. Шыў мужчынскія і жаночыя абноўкі. І лепшага за яго музыкі ў пасляваенныя гады ў вёсцы не было. Пералівамі гармоніка і цудоўнымі спевамі ахмурыў дачку заможных сялян Кацярыну Фларыяновіч. Згулялі вяселле. Бацькі дапамаглі збудаваць сваю хату. Траіх дачок і двух сыноў выхавалі Кацярына і Іван Гусакі. 

Старэйшы сын Іван марыў стаць ваенным. Пасля заканчэння сярэдняй школы разам з аднакласнікам Уладзімірам Васюхневічам адправіліся паступаць у Ташкенцкае агульнавайсковае ваеннае вучылішча. Амаль тыдзень цягніком праз Маскву дабіраліся ва ўзбекскую сталіцу. Па дарозе дамовіліся: калі адзін не паступіць, то і другі забярэ дакументы. Уладзімір экзамены не вытрымаў, а Іван паступіў. Каб не падвесці сябра, пайшоў за дакументамі, а ў прыёмнай камісіі здзівіліся яго рашэнню і параілі не спяшацца. Абітурыент настаяў на сваім. Дома старэйшая сястра Ніна, каб брат не губляў навучальны год, адправіла яго атэстат і заяву ў Ляхавіцкі саўгас-тэхнікум. 

— Адзнакі ў мяне былі добрыя, і без экзаменаў залічылі на агранамічнае аддзяленне, — адзначае Іван Гусак. — А Уладзіміру Васюхневічу не хапіла балаў, і яму прапанавалі вучыцца па гэтай спецыяльнасці ў Жыліцкім саўгасе-тэхнікуме. Так нашы  шляхі разышліся. Цудоўным светам раслін захаплялі мяне таленавітыя выкладчыкі Надзея Якаўлеўна Нагорная, Валянціна Раманаўна Скарына, Мікалай Аляксеевіч Ціпко, загадчык аддзялення Іван Іванавіч Біза. На летніх канікулах студэнцкім будаўнічым атрадам выехалі ў ляхавіцкую вёску Зубелевічы будаваць кароўнік. А восенню мяне прызвалі ў армію. Служыў у пагранвойсках на мяжы Туркменістана і Афганістана. Увесь свет сачыў у той час за афганскімі падзеямі. Не аднойчы даводзілася рызыкаваць жыццём. Чацвёра землякоў з Брэстчыны не вярнуліся дамоў. Неразлучны армейскі сябра Анатоль Коўшык з лунінецкай вёскі Дварэц пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. 

Радавы пагранічных войскаў
Іван ГУСАК. 1988 год.


— Родныя ведалі, дзе служылі?

— У пісьмах цікавіўся жыццём сваякоў, аднавяскоўцаў, а пра сябе паведамляў, што ўсё нармальна. Дасылаў лісты дзяўчыне Галіне Крук, з якою сябраваў са школьных гадоў. Давялося два месяцы лячыцца ў ваенным шпіталі Ашхабада, але пра гэта родным не паведамляў. Бацькі да канца службы не ведалі, што знаходзіўся ў Афганістане.

— Армейскія будні сняцца?

— Бывае, што ўсю ноч змагаюся з душманамі. Прыехаў у сваю вёску і не пазнаў яе, так пахарашэла. Першай сустрэў у хаце малодшую сястрычку Волечку. Калі адыходзіў служыць, ёй было тры гадкі. Падрасла. Спытаў, ці пазнала, хто я. Кінулася на шыю, абхапіла ручкамі. Бацька разглядаў армейскія ўзнагароды. Як убачыў медаль ад афганскага народа, здранцвеў. Прызнаўся яму, дзе служыў. Не вытрымаў і заплакаў бацька, а за ім і маці і дадала, што сэрца яе трымцела. 

Калі ад мяне доўгі час не было пісем, сястра звярталася да камандзіра з пытаннем, дзе я. У сакрэтнай часці служыў прыяцель, і яе лісты мне аддаваў. Усяляк імкнуўся асцерагаць сваякоў…

— Пасля арміі вас чакала завяршэнне вучобы ці якія іншыя планы з’явіліся?

— Навучэнцам саўгаса-тэхнікума стаў і малодшы брат Мікалай. Пасля тэарэтычных заняткаў вытворчую практыку праходзілі ў родным калгасе, дзе маці працавала паляводам. У начальніка ўчастка Уладзіміра Кардаша вучыўся, як з людзьмі сябе паводзіць. Аднавяскоўцы мяне не ўспрымалі як брыгадзіра. Уладзімір Ільіч заўважыў гэта і падтрымаў мяне. 

У жніво з раніцы да першых зор працавалі зернеўборачныя камбайны, і я не пакідаў поле. На палетку азімай пшаніцы Уладзімір Ільіч спытаў, якой будзе ура- джайнасць. Я паціснуў плячыма, а ён: “80 цэнтнераў з гектара!” Для 1989 года — рэкорд. Падумалася: “Як стану аграномам, дасягну яго”. Праз два дзесяцігоддзі, калі ўзначальваў агранамічную службу ААТ “Агра-Кобрынскае”, мы сустрэліся. Пахваліўся свайму настаўніку, што на некаторых участках кобрынскай гаспадаркі ўраджайнасць азімай пшаніцы перавысіла сто цэнтнераў з гектара. Уладзімір Ільіч усміхнуўся і прызнаўся, што пра 80 цэнтнераў ён пажартаваў…

— Закончылі вучобу, і куды вас накіравалі працаваць?

— Дыплом атрымаў з адзнакаю і меў права выбару. На два тыдні раней вызначанага тэрміну адправіўся ў бярозаўскі калгас “Боркі”, што мяжуе з Кобрынскім раёнам. Старшыня Мікалай Дзямідовіч прапанаваў узначаліць другую вытворчую брыгаду. У першы дзень ён на полі паказаў, як правільна ўстанаўліваць на збожжасеялках норму высеву. Дапамог уладкавацца на кватэру да прыветлівай бабулі Зосі. Калі зайшоў у хату, пяцёра пенсіянерак утаропіліся на мяне. На свежым палатняным абрусе стаяў прыгатаваны абед. Гэтыя сялянкі выручылі, калі трэба было перад пасадкай спешна перабраць 450 тон насеннай бульбы. Хадзіў па падворках вёсак Кашалёва і Міхалкі і прасіў у людзей дапамогі. Нават васьмідзесяцігадовая бабуля па дзве гадзіны працавала на буртах. Дружна стараліся, і справіліся хутка. Лішнюю бульбу прадалі. Галоўны аграном без майго ведама забраў насенне ў суседнюю брыгаду. З-за гэтага з ім счапіліся на полі. Жаўтаротым назваў мяне і прыстрашыў, што выганіць з калгаса. Пра спрэчку даведаўся старшыня і ўрэгуляваў канфлікт. Усяго некалькі месяцаў давялося кватараваць у бабулі Зосі. Вясковыя дзяўчаты, розныя свацці кругамі хадзілі.

— І каго вам усваталі?

— Не ведалі яны, што мяне чакала дзяўчына Галіна. У адной школе нас выхоўвала строгі дырэктар Вера Гаўрылаўна Крук, якая стала маёй цешчай. У суседняй вёсцы Альгомель вянчаліся. Пасля вяселля Галіна паехала ў сталіцу заканчваць вучобу ў Інстытуце культуры, а я ўзначаліў вытворчую брыгаду ў кобрынскай вёсцы Луцэвічы. Кіраваў гаспадаркай на Кобрыншчыне брат маёй маці Мікалай Фларыяновіч. З яго лёгкай рукі ўжо чвэрць стагоддзя працую ў калектыве ААТ “Агра-Кобрынскае”. Пачынаў з брыгадзіра. Гаспадарку ўзначальваў вопытны старшыня Валерый Мацука, які цяпер кіруе Брэсцкім гарвыканкамам. 

— Ваш калектыў лідыруе на Брэстчыне па ўраджайнасці збожжавых. На абласных “Дажынках” у суседнім Драгічыне вас як галоўнага агранома гаспадаркі віншавалі з перамогай у спаборніцтве. Ці стабільны гэты поспех?

— У гаспадарцы за апошнія два дзесяцігоддзі больш як удвая вырасла прадукцыйнасць гектара. Землі ў нас амаль на 40 балаў. Пастаянна адладжваем тэхналогію, сістэму севазваротаў, закупляем высокаякаснае насенне, падбіраем кадры механізатараў. Самыя адказныя аперацыі галоўны інжынер Уладзімір Цыгун давярае высокапрафесійным хлебаробам Алегу Альхавікову, Сяргею Жолаху, Міхаілу Зайцу. Дагэтуль яны працуюць на палях. 

— Вам як галоўнаму тэхнолагу хапала ведаў, атрыманых ў тэхнікуме?

— Завочна паступіў вучыцца на агранамічны факультэт Гродзенскага сельгасінстытута, але пасля першага курса пакінуў вучобу. У неспакойныя 90-я гады, калі ніхто не ведаў, што чакае заўтра, настройваўся падацца ў горад. У Луцэвічах нам выдзелілі двухпакаёвую кватэру, нарадзіўся першынец Дзям’ян, а за ім і другі сын Мікалай. Абодва закончылі Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь і працуюць кадравымі афіцэрамі. Старэйшая дачка Кацярына вясною рыхтуецца абараняць дыплом у Міжнародным дзяржаўным экалагічным інстытуце імя Сахарава пры Белдзярж- універсітэце і працягваць вучобу ў магістратуры. А маленькая Ганначка толькі рыхтуецца да школы. 

Праз чатыры гады зноў паступіў у сельгасінстытут, а закончыў ужо Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. Паглыбіў тэарэтычныя веды, азнаёміўся з самымі сучаснымі тэхналогіямі раслінаводства. У гаспадарцы высявалі да тысячы гектараў збожжавых, і валавы збор не перавышаў 2500 тон зерня, а зараз пасяўны клін скарацілі напалову, а валавы збор вырас на тысячу тон. Вырошчваем у асноўным пшаніцу польскай селекцыі. Насенне набываем у мотальскай гаспадарцы Іванаўскага раёна. 

— Павелічэнне валавога збору, пэўна, павысіла і рэнтабельнасць вытворчасці збожжа?

— У лепшыя гады дасягала 150 працэнтаў. Сёлета будзе напалову менш, таму што надта даражаюць паліва, энергарэсурсы, запчасткі, а цана на зерне не расце.

— Іван Іванавіч, у міжсезонне аграному можна крыху і расслабіцца? 

— Такі ў людзей стэрэатып, што добра зімою працаваць аграномам, а  летам — настаўнікам. І ў такі час года ў агранома хапае клопатаў. Аналізуем вынікі, карэкціруем планы. Не спыняем вывазку арганікі на палі і адразу яе заворваем. Азімыя дружна ўзышлі. З восені рыхтавалі глебу пад гароднінныя куьтуры: капусту, моркву, сталовыя буракі. 

— З сельгаскультур якія найбольш прыбытковыя? 

— Азімая і яравая пшаніца. Стабільна высока трымаем планку яе ўраджайнасці. 

— За два дзесяцігоддзі працы галоўным аграномам які год выдаўся самым трывожным? 

— Першыя гады, калі трэба было самому прымаць рашэнні. Потым набываў вопыт і пашыраліся практычныя веды. На другі год кіравання агранамічнай службай гаспадаркі так склалася, што моцная бура палажыла збажыну. Дажджы прымялі пасевы, і нельга было ўбіраць. Суседзі пераворвалі палеткі, а мы вытрымалі час і, як падсохла зямля, пусцілі камбайны і намалацілі па 25 цэнтнераў збожжа з гектара. Па маёй ініцыятыве не сталі заворваць пшаніцу, а хоць палову ўраджаю сабралі.

— Сялянская мудрасць абапіраецца на многія прыродныя прыкметы. Па зорах на небе ў Калядную ноч вызначаюць, якім выдасца год на хлеб. А вы як ставіцеся да народных прыкмет?

— Апошнім часам клімат рэзка памяняўся. Частыя засухі і вымярзанні пасеваў, іншыя катаклізмы. Канешне, народныя прыкметы многае падказваюць. Гэта мудрасць выпрацавана вякамі. Многае для  працы ўзяў ад свайго дзеда Фядоса Паўлавіча, адвечнага хлебароба, які пражыў без года век. Яго словы, што смелым лёс дапамагае, сталі маім жыццёвым дэвізам. Бачыў яго адносіны да справы. Ён гаспадарыў акуратна. 

Шмат мудрага прыносілі ў нашу хату вяскоўцы, што прыходзілі з кравецкімі заказамі да бацькі. Мы слухалі іх гаворку пра ўраджай, зямлю, як на ёй гаспадарыць. Мой прадзед быў адным з самых заможных гаспадароў у вёсцы. Ад яго перадалася цяга да зямлі.

— Сучасны аграном — гэта…

— …тэхнолаг, арганізатар, менеджар, чалавек, які пастаянна абнаўляе свае веды, пастаянна ў пошуку. І павінен быць псіхолагам. 

— Ці былі моманты, калі даводзілася рызыкаваць?

— І не аднойчы. Але гэта абгрунтаваная рызыка. Старшыня гаспадаркі Сяргей Селівестраў закончыў аграфак Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі. Працуем разам чвэрць стагоддзя, добра ведаем адзін аднаго, абмяркоўваем прымяненне кожнага новага элемента ў тэхналогіі. Спачатку тэарэтычна пралічваем варыянты прымянення новага. У нашай гаспадарцы 55 працэнтаў валавога даходу дае прадукцыя раслінаводства.

— Якая роля жонкі ў вашых працоўных поспехах?

— Галіна Мікалаеўна — мой на- дзейны тыл і любімая жанчына. Яна мяне падтрымлівае ў самыя складаныя моманты. А іх было нямала. Хаця імкнуся не несці вытворчыя праблемы дамоў. 

— Як спецыяліст ужо дасягнулі пэўных вяршынь. Ваш фотаздымак упрыгожвае бігборды ў Беларусі. Не надакучыла пасада галоўнага агранома?

— Яшчэ ў 32 гады меў прапанову кіраваць калгасам. Запрашалі на пасаду галоўнага агранома абласнога ўпраўлення сельскай гаспадаркі. Але лічу, што яшчэ не напоўніцу самарэалізаваўся. Стабільна атрымліваем па 60 і болей цэнтнераў збажыны з гектара. Не ўсе рэзервы задзейнічаны. Ёсць перспектыва росту ўраджайнасці. А наконт бігбордаў — знаёмыя, аднакурснікі з усіх куткоў Беларусі паведамляюць, што пазнаюць маё фота на хлебнай ніве. Своеасаблівая павага да прафесіі хлебароба.

— Ці задаволены, як стымулюецца праца агранома?

— Не ўлічваюцца вытворчыя паказчыкі і зніжэнне затрат на атрыманне прадукцыі. Імкнуся быць чэсным у адносінах да самога сябе. Былі моманты, калі намерваўся перайсці працаваць да фермера, дзе заробкі больш высокія. Жонка не пусціла, а калі пра гэта даведалася цёшча, то папракнула, чаму пра намер не паведаміў. Чацвёра дзяцей выхоўваць, даць вышэйшую адукацыю складана, калі заробкі невысокія. Добра, што сыны вывучыліся за бюджэтныя сродкі. І дачка Кацярына атрымлівае стыпендыю. Каб зацікавіць не толькі аграномаў, але і іншых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы, неабходна стымуляваць іх дзейнасць.

— Іван Іванавіч, хто ваш найлепшы дарадчык?

— Праз два гады мне споўніцца паўвека. Сам прымаю рашэнні. Раней раіўся з бацькамі. Маці ўжо няма. З дзяцінства мяне прывучалі да працы, паважліва ставіцца да старэйшых. Так і дзяцей выхоўваю. Людзям ніколі не адказваю злом на зло.

— Свята працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай галіны з чым для вас асацыіруецца?

— З цёплымі словамі ўдзячнасці, якіх шмат гучыць у гэты святочны дзень. Вяскоўцам даводзіцца працаваць і без выхадных. І варта выказаць прыемныя словы, падзякаваць за працу. Наш калектыў збярэцца ў сталоўцы вёскі Імяніны, старшыня павіншуе са святам, адзначыць і ўзнагародзіць перадавікоў. Самадзейныя артысты выступяць з канцэртам. 

— Ваша  самае любімае свята года?

— Дні нараджэння дзяцей. 

— Сыны не пайшлі па бацькавых стапах…

— Школьнікам марыў стаць кадравым афіцэрам, а сыны гэту мару здзейснілі. Воляй лёсу стаў аграномам. Праз гады мой сябра Уладзімір Васюхневіч спытаў, ці не ў крыўдзе, што з-за яго не стаў ваенным. Так было Богу ўгодна. Я чалавек праваслаўнай веры і лічу, што лёс наканаваны. У мяне цудоўная сям’я. На святы ўлятаюць у хату з кветкамі для маці сыны-афіцэры. Радуемся за іх. Дочкі-прыгажуні растуць.

— Калі на палях работы заціхлі, аграному спіцца, пэўна, спакайней?

— Канешне, зараз ужо не ўскокваеш ад таго, што не хапае часу. Невялікая перадышка для хлебароба. 

— Ці кранае ваша сэрца стылы перадзімовы краявід поля?

— У любы час года зачароўваюся зямлёю. У полі мой працоўны кабінет. Любуюся рунню. Я ж пагранічнік, і гэта мой колер з маладых гадоў. 

З жонкаю Галінай Мікалаеўнай жывем чаканнем, што сыны прывязуць нявестак, а дочкі — зяцёў у наш прасторны дом. Меншай Ганначцы чатыры гадкі. Мае бабулі і дзядулі пражылі доўгі век, і я на такі разлічваю. Як у нас жартуюць, спадзяюся самую меншую дачушку да пенсіі датрымаць.

Кобрынскі раён

Фота аўтара і з сямейнага альбома Івана ГУСАКА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter