У плоскасцi практычных спраў

Пагадненне аб супрацоўнiцтве памiж Аненiй Ноем i Бабруйскам усё болей напаўняецца канкрэтным зместам

Бабруйскi раён ужо некалькi гадоў падтрымлiвае сяброўскiя адносiны з Гагаузскай аўтаномiяй Рэспублiкi Малдовы. Вырашылi не адставаць ад сяльчан i гараджане, якiя заключылi дагавор аб супрацоўнiцтве з раёнам Аненiй Ной, што непадалёку ад Кiшынёва. Малдаўскiя сябры правялi выстаўку-кiрмаш сельгасмашын бабруйскiх вытворцаў, удзельнiчалi ў мiжнародным фестывалi народнай песнi “Вянок дружбы” ў Бабруйску. У сваю чаргу бабруйчане пабывалi на 60-годдзi вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў, выступiлi са сваёй мастацкай самадзейнасцю на рэспублiканскiм свяце “Марцiшор”. 

Нядаўна дэлегацыя Аненiйнойскага раёна на чале з яго кiраўнiком Уладзiмiрам Вiздоага пабывала ў Бабруйску. Госцi наведалi завод “Бабруйскаграмаш”, iншыя прад­прыемствы, якiя вырабляюць сельскагаспадарчыя машыны. А затым наведалiся ў СВК “Гiгант”. Былi годам раней, i цiкава было прасачыць, што змянiлася за гэты час. А тут ужо – аграгарадок, разгарнулася актыўнае жыллёвае i вытворчае будаўнiцтва. На Малабортнiкаўскай ферме ўзводзiцца буйны малочна-таварны комплекс з навейшым абсталяваннем, сучаснымi ўмовамi ўтрымання жывёлы. Са здачай у эксплуатацыю гэтага аб’екта дойны статак у гаспадарцы перавысiць дзве тысячы галоў. Надоi малака ад каровы дасягнулi ў мiнулым годзе амаль 5 тысяч кiлаграмаў, а ў блiжэйшы час, як заявiў кiраўнiк гаспадаркi Мiхаiл Левакоў, узнiмуцца яшчэ на тысячу-паўтары. Гасцей гэта ўразiла, як i тое, што тут атрымлiваюць амаль па 70 цэнтнераў збожжавых з гектара, трыста – бульбы. Яны б хацелi з мэтай абагульнення перадавога вопыту правесцi ў “Гiганце” семiнар з удзелам малдаўскiх спецыялiстаў, дамовiлiся аб закупе насення збожжавых i бульбы. 

“Добра, — адзначылi малдаўскiя госцi, — што вы ўсё гэта не страцiлi, а беражлiва захавалi, яшчэ i развiлi. У вас ёсць чаму павучыцца! Мы ў свой час паспяшалiся раздрабнiць вытворчасць у надзеi на прыватнiка. Аднак спадзяваннi не апраўдалiся... I цяпер даводзiцца пачынаць усё спачатку: аднаўляецца вытворчасць на трох птушкафабрыках, двух свiнакомплексах, намецiлася тэндэнцыя да аб’яднання дробных фермерскiх гаспадарак у больш буйныя. Адным словам, узнаўляем тое, што некалi бяздумна страцiлi. Беларускi вопыт нам вельмi спатрэбiцца”. 

Пагадненне аб супрацоўнiцтве памiж Аненiй Ноем i Бабруйскам, якое падпiсана два гады назад, па агульным меркаваннi, усё болей напаўняецца канкрэтным зместам, пераходзiць у плоскасць практычных спраў. Малдаване зацiкаўлены ў пастаўках бабруйскiх сельгасмашын  i запасных частак да iх, у сваю чаргу гатовы ўдвая-ўтрая павялiчыць пастаўкi ў Бабруйск, другiя рэгiёны экалагiчна чыстай агароднiннай i пладовай прадукцыi.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter