Отделение почтовой связи Пески, которым руководит Ольга Бруйло, постоянно в числе лучших в Березовском районе

У Песках усё як мае быць

Амаль кожнага жыхара бярозаўскага аграгарадка Пескі і суседняй вёскі Вайцяшын ведае начальнік аддзялення паштовай сувязі Вольга БРУЙЛО. Тут прайшлі яе дзяцінства і юнацтва. Пасля заканчэння Пескаўскай сярэдняй школы ў Брэсце атрымала прафесію закройшчыка, але працаваць па спецыяльнасці не давялося. Калі вярнулася з абласнога цэнтра дамоў, ёй прапанавалі часова падмяніць паштальёна. 


Пешшу накручвала за дзень дзясяткі кіламетраў. Своечасова дастаўляла паштовую карэспандэнцыю, грашовыя выплаты вяскоўцам. Паспявала і бацькам дапамагчы па хатняй гаспадарцы. Маці Святлана Міхайлаўна працавала бухгалтарам, а бацька Іван Антонавіч — трактарыстам у сельгаспрадпрыемстве. Не заўжды ў іх хапала часу на агарод і догляд жыўнасці.

Праца на пошце захапіла дзяўчыну. Прайшла стажыроўку і стала аператарам паштовай сувязі. Не здрадзіла любімаму занятку, калі выйшла замуж у суседні горад Белаазёрск. З мужам Аляксандрам Міхайлавічам радаваліся нараджэнню дачкі, а потым і сына. Вольга Іванаўна завочна скончыла Віцебскі дзяржаўны каледж паштовай сувязі. Калі ездзіла на экзаменацыйныя сесіі, дзяцей адвозіла бацькам у Пескі. Зараз Настасся і Ілля ўжо школьнікі.

Шэсць гадоў таму Вольга Іванаўна ўзначаліла аддзяленне паштовай сувязі. Яго паслугамі карыстаюцца амаль дзве тысячы жыхароў аграгарадка Пескі і вёскі Вайцяшын. Акрамя паштовых паслуг і прыёма розных плацяжоў, тут наладжаны продаж тавараў першай неабходнасці. План гандлёвай выручцы пастаянна выконваецца. 

Перыядычныя выданні і грашовыя выплаты дастаўляе жыхарам паштальён Людміла Мелех. Паспяхова праводзяцца і падпісныя кампаніі. Сярод самых актыўных падпісчыкаў на газеты і часопісы — былы старшыня прафкама сельгаспрадпрыемства «Пескі» Уладзімір Пастаялка. Шмат гадоў ён нязменна выпісвае і «Сельскую газету». Уладзімір Іванавіч аформіў падпіску і на апошні квартал года. 

Аддзяленне паштовай сувязі Пескі, якім кіруе Вольга Бруйло, пастаянна ў ліку лепшых у Бярозаўскім раёне. 

subbat50@mail.ru

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter