Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Трыццаць гадоў адзначае народны фальклорна-этнаграфічны гурт “Вячоркі”

У песень — родная душа

Яго стварыла ў сібірскай глыбінцы Валянціна Міхіенка, якая родам з вёскі Ермакі Цюменьскай вобласці
30 гадоў — прыгожы юбілей! Ужо, як кажуць, і час, і людзі адшліфавалі ды й выпрабавалі на трывучасць, на патрэбнасць у гэтым свеце саму беларускую песню. А таксама й нястомных, таленавітых рупліўцаў, хто ў ёй жыве, хто песні самааддана служыць — і сам ад служэння таго мацнее, прыгажэе. Дарэчы, кіраўніца “Вячорок” Валянціна Дзмітрыеўна Міхіенка ды некаторыя іншыя спявачкі ў гурце — з часу яго заснавання. Лічы, палова жыцця ў песеннай плыні…

Валянціна Міхіенка прымала віншаванні на ўрачыстасці ў Вікулава
Таццяна Сухава

Варта ўдакладніць: што за песні ў рэпертуары “Вячорак”? Іх называюць: самаходаўскія. Бо на той час, у 1884-86 гады, калі паставілі ў глухой тайзе першыя хаты будучых Ермакоў хадакі-перасяленцы з Магілёўскай губерні Еўдакім Ягоравіч Мельнікаў ды Пракоп Емяльянавіч Крупнікаў, нават этнавызначэнне “беларусы” ў Расійскай імперыі было пад забаронаю. То як жа людзей з “Северо-Западного края” называць? Вось і назвалі — самаходамі, па адной прыкмеце: дабіраліся ў далёкую сібірскую далеч перасяленцы-беднякі пераважна сваім ходам. А ўсё ж, калі глянуць глыбей у карані адметнай самаходаўскай культуры, то лёгка знойдзем там усё нашае, роднае, беларускае. Тыя духоўныя скарбы, што ў сібірскіх суровых зімах, цяжкай штодзённай працы дапамагалі выжываць, станавіцца на ногі, выходзіць у людзі. Дарэчы, у выніку розных перасяленскіх хваляў нашых там аказалася шмат. Калі мы, мінскія журналісты, былі ў сібірскіх супляменнікаў у лістападзе 2013-га, то пачулі ад Ганаровага консула Беларусі ў Цюмені Уладзіміра Шуглі: цяпер каля 50 тысяч сібіракоў вызнаюць сябе на Цюменшчыне беларусамі. Больш таго: адчуваюць сябе там сваімі — бо той багаты край нашыя ж продкі й асвойвалі.

Пра юбілей “Вячорак” мы даведаліся дзякуючы калегам Алесі Субоцінай ды Таццяне Сухавай з горада Вікулава: якраз там “прапісаны” беларускі фальклорны гурт. У раённай газеце “Красная звезда” журналісткі пісалі, як ушаноўвалі нядаўна гурт, яго стваральніцу. Вялікі дзякуй, шаноўныя вікулаўцы, за павагу да нашай агульнай культуры! Вось фрагмент з тых публікацый: “Жыць “Вячоркі” збіраюцца доўга, трэба творча расці”. Так у інтэрв’ю яшчэ ў 1995 годзе сказала Валянціна Дзмітрыеўна. Ці магла яна ўявіць сабе тады, колькі дарог праедзе ансамбль, колькі высокіх узнагарод атрымае, колькі старадаўніх песень успомняць, перанясуць на сцэну, захаваюць для народа самадзейныя артысты? Вядома ж, не”. Журналісты пішуць, што ўсе 30 гадоў — гэта гады народнай любові, гонару землякоў, здзіўлення і прызнання расіян і беларусаў.

А пачаў стварацца гурт у1986-м пры Вікулаўскім Доме культуры. Тады, згадаем, было модна выносіць на людзі старадаўнія песні, абрады, святы. І на Беларускім тэлебачанні, дарэчы, ішлі розныя фальклорныя праграмы, у тым ліку й з пачатку 70-х “Запрашаем на вячоркі”. А ў Вікулава ўраджэнка Ермакоў Валянціна Міхіенка разам з метадыстам па народнай творчасці запрасіла ў ДК мясцовых жанчын-спявачак, якіх у Вікулава ўжо ведалі: Ганну Плотнікаву, Надзею Мельнікаву, Марыю Бабушкіну, Ганну Зубкову, Людмілу Пляшкову, Алену Шышову. Пра апошнюю й мы пісалі ў газеце “СБ. Беларусь сегодня” (“В гостях у потомков самоходов”, 24.01.2014). І пачалі пявунні згадваць даўнія песні. А потым, як вобразна казала Валянціна Дзмітрыеўна, нібы скрозь сіта іх прапусцілі, каб выбраць найлепшыя. І на сцэну выйшлі ўжо летам 87-га — на абласным фестывалі народнай песні раён прадстаўлялі. Назвы ў гурта не было, і калі перад выхадам на сцэну ў кіраўніцы спыталі, як жа спявачак аб’явіць, то яна чамусьці адказала: “Вячоркі”. Пэўна, з дзяцінства была ў падсвядомасці ермакоўскай беларускі такая свойская, беларуская назва. Так і засталася з гуртом на гады.

Што цікава: ішлі спевакі ў калектыў, рос ён у творчасці, хоць у аснове рэпертуру “Вячорак” — не рускі фальклор. Якраз беларускія песні з Ермакоў, своеасаблівай сібірскай радзімы беларусаў-самаходаў, знаходзяць жывы водгук у сэрцах слухачоў. Бо гэта ж не проста песні, а — паданні, апавяданні пра жыццё ў даўнія часы. Гурт набываў досвед і майстэрства, шмат працавалі спевакі над вымаўленнем беларускіх слоў, адточвалі гучанне, пашыралі рэпертуар. І ўжо ў 1991-м “Вячоркі” атрымалі званне “Народны самадзейны калектыў”, а ў 1995-м Валянціна Міхеенка ўшанавана званнем “Заслужаны работнік культуры Расійскай Федэрацыі”.

Віншуем з юбілеем, паважаныя “вячоркаўцы”! Спадзяемся на сустрэчы на беларускай зямлі!

Голас Радзімы № 11 (3515), чацвер, 16 сакавіка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter