У першым складзе перад націскам...

Як пачаць артыкул, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы?
Як пачаць артыкул, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы? Са слоў беларускага класіка ці, можа, з лірычнага адступлення аб тым, што мова — гэта душа народа? Лепш пачну з гісторыі.

На чацвёртым курсе ўніверсітэта нам выкладалі рыторыку. Каб атрымаць залік, трэба было выступіць перад аўдыторыяй з падрыхтаванай прамовай. Вядома, на мове. Мая сяброўка схапілася за галаву, што ж рабіць: не адрозню стала ад столі, а тут цэлае выступленне па-беларуску? Вырашана — трэба практыкавацца. Калі да заліку застаўся тыдзень, паставілі эксперымент: у зносінах перайшлі на беларускую мову. У краме і ў сталоўцы, у тралейбусе і метро з нашых вуснаў так і сыпаліся трапныя і ёмкія выразы. Глядзелі на нас, канешне, як на вар’ятак. Аднак адзін суразмоўца ўсё ж такі нашы намаганні пахваліў. Акрыленыя, хуценька паляцелі ва ўніверсітэт. Але пры адказе сяброўка так расхвалявалася, што ізноў пераблытала столь са сталом, дыван з канапай і залік не здала. Мараль гэтай байкі такая: прымусова, а да таго ж за некалькі дзён па-беларуску размаўляць не станеш. Бо мова — гэта не прыкладная навука, а стан душы.

Ярка адлюстроўваюць такія разважанні дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта па перапісе насельніцтва. Аказваецца, беларускую мову роднай лічаць 60 працэнтаў жыхароў нашай краіны, аднак у якасці размоўнай яе выкарыстоўваюць толькі 23 працэнты, дома ж па-беларуску размаўляюць 26 працэнтаў. Хто гэтыя тры працэнты? Мабыць, тыя людзі, якія на вуліцы сваёй недасканалай мовы саромеюцца, а дома – у камфортных умовах, дзе ніхто не пасмяецца з не да месца выкарыстанага назоўніка, выбіраюць яе ахвотна. Бо ў вёсцы ўсе – і матуля, і тата, і сусед — не абыдуцца без трапнага беларускага слаўца, якое можа стрэліць гучней ружжа. У роднай хаце размаўляюць так, як умеюць, і механізатар, і навуковец. Камфортна, таму і не сорамна.

У нашай вясковай школе беларуская мова была ў пашане. Усе прадметы выкладаліся менавіта на ёй. І ў нас, вучняў, ніколі і ў думках не было, што можа быць неяк інакш. Дзялімыя, дзельнікі і дзелі настолькі трывала заселі ў галаве, што нават зараз не ўспомню іх перакладу. Аднак і сёння, нават калі ноччу мяне разбудзяць і спытаюць, якая літара пішацца ў першым складзе перад націскам, адразу адкажу.

Такое маё стаўленне да мовы заўсёды здзіўляла маіх сталічных сябровак, якія прыязджалі ў вёску да бабулі на вакацыі. Як жа тую фізіку ці хімію можна вывучаць па-беларуску? Такога здзіўлення ніколі не разумела. Для мяне, як і для усіх 180 вучняў нашай школы, родная мова была нормай. Аднак гэта не значыць, што ўсе выпускнікі зараз ёй карыстаюцца. Можа, працэнты тры і набярэцца. Я  не ў іх ліку. Чаму? Часта сама задаю сабе гэта пытанне. Мабыць таму, што са мной ніхто не размаўляе па-беларуску. Дарэчы, гэта самы распаўсюджаны адказ, калі верыць апытанням сацыёлагаў.

Ці трэба ў такім выпадку з гэтым штосьці рабіць? Канешне, але толькі не прымусам. Бо ўсе мы разумеем, што такая мера прыводзіць да адваротнага выніку. А выбіраць трэба тую мову для зносін, якая нам здаецца зручнейшай. Ніколі не разумела заўвагі старэйшых калег, чаму так мала пішу на мове. Усё ж так проста: яна не церпіць прымусу. Бывае, прасцей расказаць пра падзею, выкарыстаўшы вялікі і магутны. А вось дарагі сэрцу выпадак інакш як па-беларуску не апішаш.

...Калі прыязджаю ў родную вёску, вусны самі вымаўляюць: “Прывітанне, цётка Тома. Прывітанне, матуля”. Дома інакш не ўмею. Родная прырода, родная хата, родная мова...

bizyk@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter